Апавяданне
"Ветэран хацеў перастраляць крумкачоў. Груганнё кружылася, і білася, і клекатала; крумкачыны шоргат крылаў замінаў ветэрану. І ляцелі сцятыя чорнымі літарамі аркушы - у пошуках чарговага адрасата.
Адной цудоўнаю раніцай літаратарка прыйшла на працу; вахцёрка чамусьці паглядзела на яе з-пад ілба. Маўчалі калегі, быццам хацелі сказаць нештака. Шапталіся сакратаркі: як толькі літаратарка паварочвалася, яны заціхалі; блукалі зляканыя ўсмешкі, начэпленыя дзеля галачкі.
Роднае гняздо раптам нагадала літаратарцы магілу, дзе стаяла вада. У інстытуцкі дворык заехаў абшарпаны аўтобус, падобны на катафалк.
- Ганна Казіміраўна, вас кліча дырэктар!
Дырэктар доўга кашляў і не ведаў з чаго пачаць. Потым развярнуўся і сказаў:
- І не надакучыла вам, даражэнькая, быць белай варонай?
Дырэктар інстытуту лічыўся вялікім лібералам. Ён нават размаўляў зрэдку па-беларуску - калі афіцыйных асобаў не было побач.
- Мы цярпелі, калі вы цягнулі пісьменнікаў, чыё зацверджанне дасюль не пацверджана. Мы цярпелі, калі вы плявузгалі ў сеціве, без нашага Інстытуту. Але нядаўнія вашыя выбрыкі…
Агаломшаная выбрыкамі літаратарка маўчала.
- Самі пра грахі свае здагадаецеся, ці мне падказаць?
З глыбіняў падначаленай памяці выплыла: чыісьці ваенныя мемуары жанчына папракнула за стылёвыя хібы. Грэх быў у гэтым.
- Вы лепей паслухайце, што пра вас пішуць, - абураўся дырэктар: «Літаратурная жаба, якая сваімі вушамі засланяе святло сапраўднай праўды пра вайну…» Вы ведаеце адкуль да нас прыйшоў гэты ліст? Ён…
- Адкуль?
Дырэктар з клёкатам закаціў вочы:
- Хіба не ведаеце, у якой дзяржаве вы жывяце!?
Літаратарка ведала, але прамаўчала.
- Значыць, так. Зараз вы паедзеце да ветэрана і папросіце ў яго прабачэння. Аўтобус ужо замоўлены. З вамі будуць таварышы, - кіраўнік цяжка ўздыхнуў. - Аднаго я не магу зразумець, Ганна Казіміраўна. Вось вы дарослы чалавек. Ну, навошта вы атруцілі сабаку старога? А потым яшчэ тэлефанавалі няшчаснаму - і гучна брахалі ў слухаўку?
- Аляксандр Платонавіч! Вы самі хіба верыце ў тое, што гаворыце?
Дырэктар не верыў, але быў на пасадзе.
- Ідзіце! І майце на ўвазе…
Ветэран літаратарцы не адчыніў, колькі тая ў кватэру не грукала. Толькі за дзвярыма кашляў і выў злы сабака. Прасіцелька азірнулася на калегаў. Перабіралі нагамі літаратары і тыпографы. Захапілі нават аднаго грузчыка для саліднасці. Але дзвярэй усё роўна ніхто не адамкнуў.
Увечары літаратарка плакала ў кампаніі ціхай настаўніцы.
- Гэта манюка! Яму і трох гадоў не было, калі вайна скончылася! А я толькі пра стыль узгадала!
- Можаш заўжды разлічваць на мяне, - сказала настаўніца, адсунуўшыся далей ад сяброўкі.
Неўзабаве школьная намесніца запрасіла да сябе настаўніцу. Была намесніца ў шызых шатах.
- Нам, канешне, усё роўна, з кім вы сябруеце, але вы працуеце ў школе. А гэта, нагадаю, - дзяржаўная ўстанова.
- Я ні з кім такім не сябрую, - хуценька прызналася настаўніца.
- І вы павінны сёння ж сабраць дзетак на сустрэчу з ветэранам, які абараняў маці-Беларусь ад захопнікаў. Машына за ім ужо выехала.
- Дык ці гэта магчыма? Заняткі ўжо скончыліся.
- У вас дваццаць гадоў стажу: ведаеце, што рабіць.
За гадзіну настаўніца, нягледзячы на падагру, адлавіла няўрымслівых вучняў. Пакланіцца ветэрану мусілі блізняты Лена і Света, маўчун Коленька, балаболка Ядзя - і нат хуліганісты Яначка з кветкамі.
Не было толькі самога ветэрана. Машына вярнулася пустой.
Раптам з-за аўтамабілю выскачыў аграмадны чорны сабака. Лена і Света закрычалі, Ядзя заплакала, Коленька набруліў; настаўніца была звольненая за прафесійную непрыдатнасць.
Праз тыдзень псіхіятарку, якая лекавала настаўніцу ад раптоўнае клептаманіі, папярэдзіў дырэктар:
- Да нас дайшлі сігналы, што вы разам са сваёй пацыенткай пляцеце змовы супраць вельмі паважанага чалавека.
Псіхіятарка, якая нешта цяміла ў апошніх падзеях, далікатна ўдакладніла:
- Людзям сталага ваеннага веку часам патрэбная прафесійная дапамога… ці не так?
- Вось вы паедзеце да нашага дарагога ветэрана, - згадзіўся доктар, узмахнуўшы цёмнай асадкай, - і папросіце ў яго прабачэння. Гэта ваш абавязак перад айчыннай псіхіятрыяй.
Лекарка ўсё яшчэ думала, як паступіць з мажным пацыентам, калі дзверы ветэранскай кватэры адчыніліся і кашчавая сухая рука кінула яе на падлогу.
- На калені, - прахрыпеў пацыент. - Вочы ў ветэрана былі ў буйных жылках.
Псіхіятарка адчула на сваёй скроні рулю пісталета.
- Пах! - сказаў ветэран і сагнуў закарэлы сталёвы палец, прыстаўлены да жаночае галавы. - Пах!
- Я мог бы забіць цябе, як забіў сваю маці. Але ідзі з мірам. Я ўсё дарую.
Псіхіятарка дзяўбла падлогу ў канвульсіях.
Ветэран заплюшчыў вочы.
Шоргат крумкачыных крылаў станавіўся грамчэйшым; клёкат біў у вушы. Чарноцце засланіла святло - і затапіла свядомасць.
Вось
тутака ў надрукаваным варыянце. Але сёння я ўдакладніў і пашырыў апавяданне.