"Сезон гроз" по-белорусски - 2

Mar 03, 2014 15:22

1 | 2 | 3 | 4

Продолжаю публикацию отрывков в переводе на белорусский Антося Уласенки из Молодечно.

* * *
- Яскер.
- Так?
- Апошнім часам усё, што магло пайсьці дрэнна, пайшло дрэнна. І падаецца мне, што гэта я ўсё сапсаваў. За што ня браўся, рабіў ня так.
- Так табе падаецца?
- Так мне падаецца.
- Ну, пэўна, так і ёсьць. На камэнтары не чакай. Дастала мяне камэнтаваць. А цяпер пашкадуй самога сябе ў цішыні, прашу ласкава. Я, уласна кажучы, ствараю баляду, твае ляманты мяне дэканцэнтруюць.

* * *
- Я паходжу са Скэлігэ, - сказала яна яму пазьней, ужо ў ложку. - Мора маю ў крыві. І кахаю яго.
- Я часам мару, - працягвала яна, бо ён маўчаў, - выправіцца ў плаваньне. Адная. Паставіць ветразь ды выйсьці ў мора... Далёка, далёка, аж па гарызонт. Вакол толькі вада й неба. Мяне апырсквае салёная пена хваляў, вецер тузае за валасы з сапраўднаю мужской пяшчотай. А я адна, зусім адна, бясконца самотная пасярод абыякавай і варожай стыхіі. Самота пасярод мора абыякавасьці. Ня марыш пра яе?
Не, ня мару, думаў Геральт. Я маю яе штодня.

* * *
- Сёньня тэлепартацыя - гэта рэч звычайная ды абсалютна бясьпечная. Тэлепорты бясьпечныя. А тэлепорты, адчыненыя мною, патэнтавана бясьпечныя.
Вядзьмар уздыхнуў. Яму даводзілася ня раз і ня два бачыць эфекты дзеяньня бясьпечных тэлепортаў, ён удзельнічаў у сартыроўцы рэштак людзей, якія тэлепортамі карысталіся. Таму ён ведаў, што заявы пра бясьпеку тэлепартацыйных парталаў можна было зьмясьціць у той жа самай катэгорыі, што і цьверджаньні: мой пёсік не кусаецца, мой сынку - добры хлопчык, гэты бігас сьвежы, грошы вярну як найдалей пасьлязаўтра, я ночыла ў сяброўкі, на сэрцы ў мяне - выключна дабрабыт Айчыны ці адкажы толькі на некалькі пытаньняў і мы цябе адразу адпусьцім.

* * *
- Вядзьмар Геральт з Рывіі.
У куце, у ценю, раптоўна ўзьбліснуў агеньчык.
Самотны мужчына, што сядзеў за сталом, падняў руку. Зь ягоных пальцаў стрэлілі хвалістыя язычкі пламеню.
Мужчына прыблізіў далонь да жырандолі, якая стаяла на стале, па чарзе запаліў усе тры сьвячы. Дазволіў, каб яны добра яго асьвятлілі.
Ён меў шэрыя як попел валасы, на скронях прысыпаныя сьнежнабелымі космамі. Твар блядны, як у трупа. Гачыкаваты нос. І сьветлазалатыя вочы зь вертыкальнымі зрэнкамі.
На ягонай шыі, выпрастаны з-пад кашулі, блішчэў у сьвятле сьвечаў срэбны мэдальён. Голаў ката, што вышчарыў зубы.
- Вядзьмар Геральт з Рывіі, - паўтарыў мужчына ў цішыні, якая запанавала ў хаце. - У дарозе да Вызімы, як я разумею? Па ўзнагароду, абяцаную каралём Фольтэстам? Па дзьве тысячы арэнаў? Правільна здагадаўся?
Геральт не адказаў. Нават не зварухнуўся.
- Не пытаю, ці ведаеш, хто я. Бо напэўна ведаеш.
- Няшмат вас засталося, - прамовіў спакойна Геральт. - Таму далічыцца лягчэй. Ты Брэхэн. Званы гэтакжа Катом з Іэла.
- Што вы, што вы, - фыркнуў мужчына з кацячым мэдальёнам. - Слаўны Белы Воўк ведае маё імя. Сапраўдны гонар. Тое, што ты прымерваесься скрасьці маю ўзнагароду, мне таксама, пэўна, лічыць за гонар? Можа мне трэба саступіць пяршынства, скланіцца і прабачыцца? Як у воўчай стаі, адступіць ад здабычы і чакаць, віляючы хвостам, пакуль правадыр стаі не насыціцца? І з ласкі сваёй не пакіне рэшткі?
Геральт маўчаў.
- Я не саступлю табе пяршынства, - працягваў Брэхэн, званы Катом з Іэла. - І не падзялюся. Ты не паедзеш да Вызімы, Белы Воўку. Не скрадзеш маёй узнагароды. Кажуць, бы Весэмір вынес мне прысуд. Маеш нагоду яго выканаць. Выйдзі з карчмы. На майдан.
- Я ня буду з табой біцца.
Мужчына з кацячым мэдальёнам сарваўся з-за стала рухам такім шыбкім, што змазаўся ў вачах. Бляснуў выцягнуты меч. Мужчына схапіў адну са жрыцаў за каптур, сьцягнуў яе з лавы, кінуў на калені й прыклаў клінок да шыі.
- Ты будзеш са мною біцца, - сказаў халодна, гледзячы на Геральта. - Выйдзеш на майдан, пакуль я лічу да трох. У іншым разе кроў жрыцы забрызгае сьцены, столь і мэблю. А потым я буду рэзаць астатніх. Па чарзе. Каб ніхто ня рушыўся! Каб ніхто нават не варухнуўся!
Цішыня ўпала ў карчме, цішыня глухая й суцэльная. Усе замерлі. І сядзелі з адкрытымі ротамі.
- Я ня буду з табой біцца, - спакойна паўтарыў Геральт. - Але калі ты пакрыўдзіш кабету, памрэш.
- Адзін з нас памрэ, гэта дакладна. Там, на майдане. Але хутчэй за усё гэта буду ня я. Кажуць, скрадзеныя твае слынныя мечы. А новыя, як бачу, ня здолеў прыдбаць. Сапраўды вялікая фанабэрыя патрэбна, каб ісьці красьці чужую ўзнагароду, ня ўзброіўшыся перад тым. А можа знакаміты Белы Воўк настолькі добры, што сталь яму не патрэбная?

Заскрыпела адсунутае крэсла. Сьветлавалосая дзяўчына ўстала. Дастала з-пад стала даўгаваты пакунак. Паклала яго перад Геральтам і вярнулася на мейсца, сядаючы побач з ураднікам.
Ён ведаў, што гэта. Яшчэ да таго, як разьвязаў рамень і разгарнуў войлак.
Меч з сыдэрытавае сталі, агульная даўжыня сорак з паловай цаляў, лязо - дваццаць сем з чвэрцю. Вага трыццаць сем унцыяў. Дзяржальна й лязо простыя, але элегантныя.
Другі меч, гэткае ж даўжыні й вагі, срэбны. Часткова, вядома, чыстае срэбра ёсьць замякькім, каб яго навострыць. На дзяржальне магічныя гліфы, па ўсёй даўжыні клінка вытраўленыя рунічныя знакі.
Мовазнаўцы Пірала Прата ня здолелі іх прачытаць, выстаўляючы тым самым сьведчаньне свайму знаўству. Старажытныя руны ўтваралі надпіс. Dubhenn haern am glandeal, morch am fhean aiesin. Мой бляск працінае цемру, маё зьзяньне расьсейвае моракі.
Геральт устаў. Выцягнуў сталёвы меч з похвы. Павольным і аднастайным рухам. Ён не глядзеў на Брэхэна. Глядзеў на клінок.
- Пусьці кабету, - сказаў спакойна. - Зараз жа. У іншым разе памрэш.
Рука Брэхэна здрыганулася, па шыі жрыцы пацякла струйка крыві. Жрыца нават ня енкнула.
- Я ў патрэбе, - засыкаў Кот з Іэла. - Тая ўзнагарода мусі быць маёй.
- Пусьці кабету, я сказаў. У іншым разе я цябе заб'ю. Не на майдане, а тут, на мейсцы.
Брэхэн згорбіўся. Дыхаў цяжка. Ягоныя вочы варожа блішчэлі, паскудна крывіліся вусны. Бялелі косткі сьціснутых на дзяржальне пальцаў. Нечакана ён пусьціў жрыцу, адапхнуў яе.
Людзі ў карчме задрыжэлі, нібы абуджаныя з кашмарнага сну. Пачуліся ўздыхі й глыбокія выдыхі.
- Зіма прыйдзе, - прамовіў з высілкам Брэхэн. - А я ў адрозьненьні ад некаторых ня маю, дзе зімаваць. Утульны й цёплы Каэр Морхэн не для мяне!
- Не, - адказаў Геральт. - Не для цябе. І добра ведаеш, па якой прычыне.
- Каэр Морхэн толькі для вас, добрых, правых і справядлівых, так? Крывадушнікі сраныя. Вы такія ж самыя забойцы, як і мы, нічым ад нас не адрозьніваецеся!
- Выйдзі, - сказаў Гэральт. - Пакінь гэтае мейсца і руш сваім шляхам.
Брэхэн схаваў меч. Выпрастаўся. Калі ён ішоў праз хату, ягоныя вочы зьмяніліся. Зрэнкі запоўнілі ўсе вочы.
- Хлусьнёй ёсьць тое, - сказаў Геральт, калі Брэхэн ішоў паўз яго, - нібы Весэмір вынес табе прысуд. Ведзьмары ня б'юцца з ведзьмарамі, не крыжуюць зь імі мечы. Але калі паўторыца тое, што адбылося ў Іэла, калі дойдуць да мяне чуткі пра нешта такое... Тады я зраблю выключэньне. Адшукаю цябе і заб'ю. Успрымі папярэджаньне сур'ёзна.
Глухая цішыня панавала ў карчме яшчэ добрых некалькі хвілін пасьля таго, як за Брэхэнам замкнуліся дзьверы.

ЕЩЕ...

Сезон гроз, Антось Уласенка

Previous post Next post
Up