Тое, што нельга сфатаграфаваць, можна намаляваць

Jan 03, 2018 15:06

https://www.racyja.com/hramadstva/toe-shto-nelga-sfatagrafavats-mozhna-n/


У сёмую гадавіну Плошчы-2010 журналіст-праваабаронца Юры Шпак-Рыжкаў (апошнім часам больш вядомы пад блогерскім псэўдонімом Юрась Навіцкі) апублікаваў «зборнік турэмных дзённікаў з малюнкамі і дадаткамі» «Як гартавалась сталь: перазагрузка». Марыля Міхальчык пагутарыла з аўтарам пра яго новую кніжку, якая намініравалася сёлета на прэмію Францішка Аляхновіча.

Цягам года 2010-2011 Юрась Навіцкі за валантэрскую журналісцка-праваабарончую дзейнасьць быў пазбаўлены прэміяльных і звольнены з фармулёўкай «за прагулы» (прагуламі дзяржаўны прафзьвяз палічыў два дні працы Юрася сябрам выбарчай камісыі на выбарах Прэзыдэнта РБ-2010, калі той знайшоў у працы камісыі мноства парушэньняў і паведаміў пра іх назіральнікам і прадстаўніком місыі АБСЕ, што выклікала вялікі розгалас у дзяржаўных і незалежных СМІ), быў аштрафаваны, адбыў на галадоўках тры арышты ў розных турмах, быў пастаўлены на ўлік і на год - пад надзор зь нявыездам.

Спадар Юрась, што натхніла вас на напісанне кніжкі?

Сёлета мы з Тацянай Грачанікавай, маёй жонкай і каляжанкай, адзначаем 20-годзьдзе валянтэрскай журналісцка-праваабаронцай дзейнасьці. Менавіта 20 гадоў таму мы ўступілі ў шэраг праваабарончых арганізацыяў, агульнымі сходамі былі абраныя на кіраўнікоў суполак Свабоднага прафсаюзу Беларускага, сталі карэспандэнтамі некалькіх СМІ. Гэная кніжка прысьвячаецца Тацяне і безь яе ніколі б не была напісаная. Кніжка складаецца з некалькіх турэмных дзёньнікоў, аздобленых некалькімі сотнямі турэмных малюнкоў і фота, якія прайшлі праз турму пасля сумнавядомых падзеяў Плошчы-2010.

Як даўно вы пачалі маляваць свае «пэйнт-рэпартажы»?

Першы - у 2000-ым, калі супрацоўнікі міліцыі і агенты ў цывільным здзейсьнілі напад на чальцоў Вольнага прафзвязу, з мэтаю не дапусціць іхнага ўдзелу ў першамайскай дэманстрацыі працоўных. Тады мне і рэдактару нашай газеты былі зламаныя камэры. Супрацоўнікі ўнутраных спраў меліся адабраць у прафзвязоўцоў транспаранты і сьцягі, маючыя рэгістрацыю Мінюста. Адну са сцэнаў вы бачыце на першым малюнку. На другім - адзін з судоў над Нінай Багінскай (2013), калі міліцыянты і судзьдзя Мотыль забаранілі мне фатаграфаваць. А тое, што нельга сфатаграфаваць, можна намаляваць, таму я і зрабіў гэны малюнок падчас судовага паседжаньня. Ілюстрацыі да рэпартажоў за 20 гадоў даводзілася рабіць вельмі часта.

Так атрымалася, што вы сталі заснавальнікам адразу двух новых жанраў, «турэмны пэйнт-рэпартаж» і «судовы пэйнт-рэпартаж».

Іх абодва можна, напэўна, аб’яднаць у адзін - «турэмны пэйнт-рэпортаж» ці «турэмны дзённік з малюнкамі». Гэта сапраўды новы жанр. Насамрэч, абсалютная большасць так званых «турэмных дзённікоў», апублікаваных у СМІ і атрымаўшыя мноства розных узнагародаў, напісаныя былі праз многія дні, тыдні, месяцы і нават годы (нядаўні прыклад - «турэмны дзёньнік», напісаны праз шэсць гадоў пасля вызваленьня), а многія «турэмныя творы» - нават людзьмі, якія турмы і не бачылі. Уявеце, якой бы была кніжка, калі б я, заўсёдны выдатнік па сачыненьнях (якія нават бралі на выставы), пісаў яго пасля турмы -  «Граф Монтэ-Крыста» б выйшаў. Сапраўдны турэмны дзёньнік - гэна твор, напісаны менавіта ў турэмнай камеры, таму ён вельмі сьціслы.

Вы атрымлівалі мастацкую адукацыю, вашы малюнкі атрымалі прызнаньне, выстаўляліся?

Я атрымліваў гісторычную, журналісцкую, праваабарончую адукацыі. На мастака не вучыўся, але мае малюнкі бралі на выставы яшчэ са школы, таксама маляваў ў школьных газэтах.

Вы, напэўна, са школы былі камсамольскім актывістым?

Прафзьвязовым. У камсамол я ўступаць катэгарычна адмовіўся. Потым я маляваў для сябе, для газэтаў, дасылаў на «Свабоду» лісты, здымкі і малюнкі. Атрымліваў прызы і прымусіў, нарэшце, «Свабоду» наняць на працу мастака-карыкатурыстага. Мае малюнкі перамагалі ў шэрагу конкурсоў, напрыклад, кампаніі «Сыходзь!», у конкурсе ў межах прэміі імя Васіля Быкава (Быкаў таксама маляваў, дарэчы), пабывалі на васьмі выставах, у тым ліку, асабістых, двойчы ў Менску, Бруселі, Празе. Кіеве, Варшаве, Тбілісі. Сотні малюнкоў публіваваліся ў інтэрнэце, ладзіліся віртуальныя выставы. Турэмныя дзёньнікі з малюнкамі, напісаныя мовай Аляхновіча, якія я дасылаў на «Свабоду», натхнілі рэдакцыю заснаваць прэмію ў ягоны - і мой - гонар (Аляхновіч таксама крыху маляваў і напісаў адзін самых вядомых турэмных дзёньнікаў).

Але зараз вашы малюнкі неактуальныя, у інтэрнэце хапае фотарэпартажоў з турмаў.

Давайце-такі танчыць ад печкі. Менавіта пасля публікацыяў у 2010-2012 маіх турэмных дзёньнікоў з малюнкамі і прафесійнымі апісаньнямі ўмоваў утрыманьня ў розных турмах, дзясяткоў скаргаў у наглядчыя інстанцыі, у жодзінскую Т-8, у «Акрэсьціна», іншыя турмы паехалі, нарэшце, шматлікія дзяржаўныя камісыі, каб абвергнуць тыя факты, якія я апісваў. Пачалі ладзіцца цэлыя «эшэлёны» для СМІ, якія наперабой распавядалі, як добра насамрэч жывецца беларускім вязьням. Не будзь маіх дзёньнікоў, і дасюль бы ні было ніводнай фоткі ў БелаПАНу ці ТУТБАЙ. Нарэшце зачынілі на рамонт «акрэсьцінскую» катавальню. А «турэмныя экскурсыі» для школьнікоў, навучэнцоў і студэнтоў ладзяцца і па сёньня.

І апошняе пытаньне: чаму назва кніжкі менавіта «Як гартавалась сталь: перазагрузка»? Вы гартаваліся турмой?

Мяне гартавалі ў 90-я. Было ўсяго: дзясяткі затрыманьняў, штрафоў, арыштоў, былі збіцьці і катаваньні. Вешалі на кайданках, круцілі дротам «ластаўку», душылі брудным матрацам. Цяпер энкавэдэшнікі-кагэбістыя загартоўваюць моладзь, якая таксама ёсьць гэроем кніжкі. Вось загартуюць напоўную, і моладзь пераможа савецка-расейскіх тэрмінатароў. І стары кіборг Навіцкі спатрэбіцца яшчэ не раз.

Першую частку кніжкі можна прачытаць тут.
https://drive.google.com/file/d/1La2kkNI86BvrZm6mTrAKw8ta-o4gizoT/view

дапамога, салідарнасьць, salidarnasc, livejournal, паштоўкі, таполя, ©fotatapolia, Юрась Навицки, juras navicki, tapolia tango, Тацяна Грачанікава, турэмны музэй, pawvyspa sierabranka, tapolia, © Muzej Тatalitaryzmu j Salidarnaśсi, Muzej Тatalitaryzmu j Salidarnaśсi, нетипичный Минск, палітвязьні, belaruspartisan

Previous post Next post
Up