Feb 02, 2011 00:03
Прызнаюся шчыра, што кніга для мяне - далёка не лепшы падарунак. Але я сама часам дару менавіта кнігі. Праўда, у вартасці і прызначэнні падарунка я тады не сумняюся: я ведаю, што чалавек захоча чытаць. Такія кнігі звычайна носяць адным нам вядомы сэнс, набываюць сваю гісторыю.
Так здарылася з Заратустрам і Ульянай. Спачатку мы вырашылі арганізаваць аматарскі чытацкі клуб: замежная літаратура вычыталася, мы расслабіліся і вяла пачытвалі хто што... Таму было вырашана прымусіць сябе чытаць. І не толькі чытаць - абмяркоўваць прачытанае. Як часта мы чытаем "унутр сябе", але толькі калі я спрабую растлумачыць свой пункт гледжання адносна кнігі/стужкі/і г.д., толькі тады я пачынаю разумець яе вартасць/нявартасць. Мы з Ульянай дамовіліся даваць адна адной час на прачытанне твора, выпісваць найбольш цікавыя цытаты, тыя, што змогуць стварыць падмурак нашай размове. Так у мяне з'явіўся нататнік з цытатамі. Цытатамі для нікога. Бо Ульяна не прачытала Заратустру.
Заўтра яна атрымае яго. Яна пасміхнецца, і гэта будзе здорава. Але мне карціць пакінуць у кнізе некалькі радкоў "ад сябе". Па сутнасці, я не надта разумею прызначэння сваіх будучых слоў. Ды і ўнутры мяне нешта чарвячком: ці маю я права пакідаць сваё ў кнізе несябе? Гэтае пытанне мучае мяне ўжо колькі год, таму звычайна я ўкладваю паперчыну-паштоўку, якая адначасова можа служыць яшчэ і закладкай... Ужо некалькі гадзін я мучаюся, бо не магу прыдумаць словы, з якімі можна было падарыць гэтую кнігу. Можна было б напісаць пра нашу нямудрасць, пра нашу недастатковасць, пра нашу неадказнасць, пра свой эгаізм (яго не хочацца з абы-кім "абагульняць"). Можна напісаць пра шырыню Каспійскага мора, пра дрэнныя дарогі Львоўшчыны, пра праблему ўсурыйскіх тыграў. Можна нават расказаць, як цяжка прыдумваліся радкі, як у галаву не ішло нічога, што можа быць ацэнена: а ацэнкі - вечны рухавік грамадства. Фізічная немагчымасць скокнуць вышэй за сваю ўласную галаву забівае ў нас паэта. Можна было б, канешне, узяць шэст,але хто зараз будзе скокаць, калі шэст ёсць?
Думаю, што пакіну першую старонку чыстай. Яна застанецца бездакорна-справядлівай, выверанай сотнямі рэдактараў, ад яе будзе пахнуць свежаспілаваным дрэвам, гэта будзе самае лепшае з таго, што можа быць напісана чалавекам.
П.С. А потым мы вып'ем па цёмнаму, і я напішу "На вечную памяць...", мы пасмяемся і забудзем унізе пастаіць дату.
развагі,
сябры,
разуменне,
кніга