першае каханне

Apr 03, 2010 21:40

Яшчэ на мінулым тыдні паабяцала 111290 , што распавяду пра сваё першае каханне.
Маё першае каханне - вынік сіндрому "кнігаедаў": я начыталася італьянскіх казак пра прынцаў і прынцэс і вырашыла, што так яно і павінна быць. Мне было 6,5. Ён быў на год старэйшы. Нашы матулі сябравалі між сабой, у сувязі з чым бачыліся мы досыць часта. Бландын з блакітнымі вачыма - мара любой пацанкі, якая лічыць сябе прынцэсай. А ён сапраўды быў прынцам: граў на фартэпіяна, добра вучыўся, дапамагаў бацькам. І, здаецца, ніякіх "трепетных і нежных чувств" да мяне не меў. Я паступіла ў тую ж "музыкалку", якую ён называў толькі "музычнай школай". І ў тую ж сэша нумар дваццаць, дзе ён вучыўся. Здалёк глядзела і млела ад майго кахання, песціла свае пачуцці, чырванела ў яго прысутнасці і, як і зараз, рабіла глупствы. 
А потым нас разам даслалі на конкурс. Прыйшлося ехаць ажно ў Смаргонь. І ночыць у дзіцячым садку, ездзіць на адным аўтобусе, хадзіць у адну сталовую і г.д. Мы хадзілі разам гуляць, і толькі дурны не зразумеў бы, што адчувае гэтая лупастая дзевяцігодка, проста ідучы побач са сваёй марай. А ён не разумеў. Прайшло некалькі год. Ён так і застаўся прадметам зайздрасці чужых матуль: у той час, як кожны 13-гадовы хлопец ужо ведаў розніцу між цёмным і светлым півам, Жэня прыходзіў дадому не пазней за 8 вечара, граў на фартэпіяна, чытаў класіку і дапамагаў бацькам. Маці-монстр выляпіла сына па сваім гусце. Перад тым, як пайсці ў бібліятэку, ён быў вымушаны прасіць дазволу. І так было заўсёды. 
Памятаю той момант, калі першае каханне скончылася першым расчараваннем: было нейкае свята, яго бацькі прыйшлі да нас у госці. Мы стаялі на балконе, глядзелі на зоркі. Рамантыка. Раптам Жэня вырашыў, што варта звярнуць увагу на дзяўчыну, якая так "упадала за нім". І, у той час як я прыгатавалася пачуць узнёслыя словы прызнання, я пачула прыкладна гэта: "Ведаеш, я зараз вырашыў пайсці і спытаць у мамы, ці можна мне з табой сябраваць...". Вось у той момант я зразумела, што ўсё жыццё мне будуць падабацца небландыны з цяжкім характарам.
Не так даўно Жэня ажаніўся. Без матчынага дазволу, чым давёў яе да прыпадку нейкай хваробы. Дзяўчына наўмысна не завітвае ў госці да го бацькоў. Жэню вынеслі анафему і бацькоўска-суседскае асуджэнне. А я ім ганаруся, маім першым каханнем)

дзеці, сябры, дзяцінства

Previous post Next post
Up