Пра Сьвінку й сілу гіпнозу

Dec 16, 2010 11:46

Аднойчы Сьвінка была гіпнатызёрам.
Яна ўзяла маятнік і ўвяла медыюма ў транс.
"Вы расслаблены, па целе расьцякаецца прыемнае цяпло", - казала Сьвінка мяккім грудным голасам.
Гледзячы ў затуманеныя вочы медыюма, яна вырашыла, што час пачынаць.
"Значыцца так", - рашуча сказала Сьвінка, - "Калі вы прачнецеся, вы больш ня будзеце...".
Яна набрала ў лёгкія пабольш паветра.
"Ня будзеце: раскідваць свае цацкі па ўсёй кватэры, драпаць канапу й шпалеры, класьціся на клавіятуру, калі я працую за кампутарам, валяцца на прасавальнай дошцы, скідваць магніты зь лядоўні, есьці кветкі, абрываць маскітныя сеткі".
"Здаецца ўсё", - падумала Сьвінка, але потым згадала, што хутка Новы Год.
"І самае галоўнае, вы ня будзеце валіць елку й скідваць зь яе цацкі", - рашуча падсумавала яна.
Сьвінка задаволена паглядзела на свайго візаві.
"А цяпер, калі я далічу да 5, вы прачнецеся", - мякка сказала яна, - "І памятайце, што зараз вы самы выхаваны ў сьвеце Кот".


Подпіс пад малюнкам: Сьвінка-гіпнатызёр

сьвінка й кот, сьвінапрафэсіі

Previous post Next post
Up