ТАЯМНІЦЫ ХРЫСЦІЯНСКІХ СІМВАЛАЎ

Oct 15, 2011 23:56

Здаецца зразумелым, што з дапамогай сімвалаў людзі могуць выражаць сваё стаўленне да Бога і рэлігіі. Аднак пераважная большасць рэлігійных сімвалаў маюць мнагазначны характар. Іх значэнне вельмі адноснае, залежнае ад культурнага і гістарычнага кантэксту. Напрыклад, усім вядомы сімвал пяціканечнай зоркі можна знайсці і ў сатаністаў (бафамет), і ў хрысціянаў (сімвал пяці ран Хрыста), і ў язычнікаў (сімвал пяці органаў пачуццяў чалавека). Адзін знак, а зусім супрацьлеглыя сэнсы. Часам для адрознення падобных сімвалаў ствараюцца нейкія дадатковыя мадыфікацыі, каб лепей можна было ідэнтыфікаваць, чый гэта сімвал. Напрыклад, тую ж зорку сатаністы пераварочваюць дагары, камуністы перамалёўваюць у чырвоны колер, а хрысціяне адлюстроўваюць у не-чырвоных колерах. Аднак, зноў жа няма адназначных канонаў нават унутры нейкай адной культуры, рэлігіі ці ідэалогіі. Нягледзячы на гэтую шматзначнасць, кожная супольнасць, паводле сваёй ідэалогіі, імкнецца сфарміраваць набор уласных сімвалаў. Запрашаю на кароткае знаёмства з найбольш характэрнымі і распаўсюджанымі хрысціянскімі сімваламі.
КРЫЖ.
Гэта найважнейшы хрысціянскі сімвал. Як старажытнарымскі інструмент пакарання, праз смерць Хрыста стаў знакам збаўленчай Ахвяры Божага Сына за чалавецтва. Гэта сімвал перамогі над сатаною, злом і грахом. Нягледзячы на тое, што крыж шырока выкарыстоўваўся ў розных культурах, рэлігіях і ідэалогіях, у наш час найчасцей асацыіруецца з хрысціянствам. Трэба заўважыць, што існуюць тыповыя для хрысціянства мадыфікацыі гэтага сімвала, якія адрозніваюць яго ад падобных нехрысціянскіх знакаў. Цікава, што адным з найбольш выразных адрозненняў, якія сведчаць менавіта пра хрысціянскі крыж, з’яўляецца выява на ім распятага Хрыста. Абавязак такога спосабу ілюстрацыі крыжа быў прыняты нават на прававым узроўні яшчэ ў першыя вякі хрысціянства (Трулліянскі сінод, 692 г.).
Увогуле ж хрысціянская культурна-рэлігійная спадчына багатая на сэнсавыя мадыфікацыі крыжа. Узгадаем найбольш папулярныя.
- Крыж стылізаваны пад якар, трызубец або грэцкую літару “псі”. Званы таксама крыжам св. Клімента. Тут заўважаецца імкненне узбагаціць выратавальнае значэнне крыжа як якара - сімвала надзеі, надзейнасці на шляху да “порту Збаўлення”.




- Лацінскі крыж. Мае найпрасцейшую, найбольш вядому форму звычайнага перасячэння дзьвюх перакладзін з выцягнутай уніз вертыкальнай лініяй крыжа. Сімвал укрыжаванага Хрыста, знак Яго пакутаў, любові да людзей, перамогі над грахом і смерцю.


- Грэцкі крыж. Крыж з аднолькавымі прапорцыямі вертыкальнай і гарызантальнай ліній, што сімвалізуе універсальнасць хрысціянства (аднолькава скіраваны ў чатыры бакі свету). Азначае Хрыста, які ахоплівае увесь сусвет у яго вышыні, глыбіні, шырыні і працягласці.


- Ерусалімскі крыж. Падобны да грэцкага крыжа з дадатковымі мініяцюрнымі крыжыкамі па ўяўных чатырох вуглах паміж перакладзінамі. У суме атрымліваецца пяць крыжоў (адзін вялікі і чатыры мініяцюрныя па рогах). Сімвалізуе пяць асноўных ран Хрыста (прабітыя рукі, ногі, бок). Папулярны ад часоў рыцараў-ахоўнікаў Святога Гробу (тампліераў).


- Папскі крыж мае дадатковыя гарызантальныя перакладзіны. Тры бэлькі крыжа лічацца сімвалам Найсв. Тройцы і пастырскай улады.


- Патрыяршы (архібіскупскі) крыж мае дзве дадатковыя перакладзіны.


- Праваслаўны крыж. Верхняя перакладзіна сімвалізуе таблічку з надпісам віны на Хрыстовым крыжы. Дадатковая ніжняя бэлька сімвалізуе падпору пад ногі распятага. Пахіленасць бэлькі сімвалізуе распятых па баках Хрыста злачынцаў, з якіх адзін, пакаяўшыся, пайшоў на Неба (узняты ўверх край перакладзіны), а другі, не пакаяны, пайшоў у пекла (пахілены ўніз край бэлькі).


- Крыж св. Антонія-пустэльніка. Мае выгляд пастырскага посаху з завітой верхняй часткай вертыкальнай перакладзіны. Выглядае як грэцкая літара "Т". Некаторыя называюць яго крыжам св. Францішка.


- Крыж св. Апостала Андрэя. Крыж у выглядзе літары “Х”. Паводле традыцыі, менавіта на такім крыжы быў распяты гэты апостал.


- Канстанцінаўскі крыж. З’яўляецца стылізаванай манаграмай грэцкіх літар “Х” і “Р” (адсюль назва “хі-ро”). Кадзіроўка слова “Хрістос”, якім акрэслівалі Езуса (Месія, Памазанец).


- Раздвоены крыж. Разгалінаванне вертыкальных ліній крыжа на дзве сімвалізуе подых Святога Духа на хрысцільную ваду.


- Мальтыйскі крыж. Мае восем разгалінаванняў (раздваенне кожнага з чатырох канцоў), што сімвалізуе восем благаслаўленняў Хрыста (з Нагорнага казання: Мц 5, 3 - 10). Выкарыстоўваецца як знак Ордэна Мальтыйцаў.


РЫБА.


Стылізаваная выява рыбы, якая развернутая супраць цячэння (галавой налева). Адзін з найбольш вядомых хрысціянскіх акрасціхаў. Грэцкае “іхтіс” (ΙΧΘΥΣ) азначае “рыба”. З’яўляецца шыфроўкай словаў:
• ΙΗΣΟΥΣ (Iēsoûs) - Езус
• ΧΡΙΣΤΟΣ (Christós) - Хрыстос
• ΘΕΟΥ (Theoû) - Божы
• ΥΙΟΣ (Yiós) - Сын
• ΣΩΤΗΡ (Sōtér) - Збавіцель
Сімвал шырока выкарыстоўваўся першымі хрысціянамі. Дадатковыя сэнсы навязваюць да: 1) апосталаў-рыбакоў, 2) евангельскай сцэны размнажэння рыбы, 3) Эўхарыстыі (з рыбай Езус размнажаў хлеб). Рыба была важным хрысцільным сімвалам (Царква (Касцёл) як “рыбацкая сетка”, святар як”рыбак”, а хрышчаны як”рыба”). У іканаграфіі можна сустрэць сімвал дэльфіна (Delphinus Salvator ), які нясе на спіне лодку. Гэты знак сімвалізуе Хрыста-Збавіцеля (“дэльфін”), які нясе праз воды гісторыі супольнасць вернікаў (Царква (Касцёл) як”лодка”). Таксама выява развернутай супраць цячэння рыбы азначала, што хрысціяне ідуць супраць “цячэння грэшнага свету”.
СЭРЦА.


Адзін з найважнейшых органаў арганізма, які смвалізуе любоў (галоўным чынам ад сярэднявечча). У старажытнасці (Біблія) асацыяваны з найглыбейшымі перажываннямі чалавека. Сімвалізуе цэнтр розуму, волі, памяці, найважнейшых духоўных здольнасцяў чалавека. Біблія часта адклікаецца да сімвалу сэрца як унутранага свету чалавека (“Бог глядзіць на сэрца”, “зацвярдзелае сэрца фарысеяў” і інш.). Важнае сімвалічнае значэнне мела прабітае дзідай сэрца Хрыста, з якога выплыла кроў і вада, што лічыццца знакам нараджэння Царквы (Касцёла), а таксама таямніцы Эўхарыстыі.
Развіццё культу Хрыстовых Ранаў спрыяла развіццю культу Божага Сэрца. Асаблівую ролю мелі тут прыватныя аб’яўленні св. Маргарыце Алякок (Marguerite-Marie Alacoque) у канцы 17 ст. Разам з культам Хрыстовага Сэрца пачаў развівацца культ Сэрца Марыі. Апошні падбудоўваўся евангельскім прароцтвам старца Сімяона, які прадказваў, што Сэрца Марыі праніжа меч болю (маецца на ўвазе боль сэрца ў сувязі з Пакутамі Сына - Езуса, Лк 2, 35).
ВЯСЁЛКА.


Выява Хрыста-Суддзі, засядаючага на вясёлцы, як сімвале ўсіх народаў. Гэты сімвал таксама азначаў Найсв. Тройцу (трактоўка св. Базылія Вялікага). Колеры вясёлкі таксама мелі сваё хрысталагічнае значэнне: блакітны - знак нябеснага паходжання Хрыста, чырвоны - Яго Пакуты, зялёны - Яго зямную дзейнасць. Часам у іканаграфіі вясёлка азначае Божую Маці.
Вясёлка таксама выкарыстоўвалася як “сімвал Ноя” - мост паяднання паміж Богам і людзьмі. Гэты сімвал выкарыстоўваецца ў кнізе Апакаліпсіса (Адкрыццё св. Яна).
Вясёлка часам мае выраз луку (без цецівы і стрэлаў) як сімвал міру, згоды.
ЯГНЯ.


Гэта адна з найбольш пакорлівых і церпялівых жывёлаў, старажытны сімвал нявіннай і чыстай ахвяры (у Старым Запавеце - рэальнай ахвяры Богу). Старазапаветныя прарокі прадказвалі надыход Месіі (Збавіцеля) як ахвярнага ягняці. У Новым Запавеце прарок Ян Хрысціцель, сустрэўшы Езуса, называе Яго Ягняцем Божым (Ян 1, 29).
Сімвал ягняці навязвае таксама да лагоднасці і паслухмянасці гэтай жывёлы як знаку паслухмянасці Богу. Іканаграфія шырока выкарыстоўвае сімвалы ягняці, авечак, пастыра. Езус паказаны і як Ягня (паслухмяны Богу Айцу) і як Пастыр вернікаў (паслухмяных Божых авечак). Пасхальная сімволіка паказвае Хрыста як пераможнае Ягня (сімвалы ўзятыя з бібілейскай кнігі Апакаліпсіса). Евангельская сцэна размовы Хрыста з апосталам Пятром, якому Езус як Пастыр загадвае пасці Яго авечак, стаў імпульсам да таго, каб хрысціянскіх кіраўнікоў называць пастырамі. Адсюль адзін з галоўных атрыбутаў біскупа - пастарал - сімвал пастырскага посаха. Яшчэ адзін важны элемент папскай і архібіскупскай улады - палій - абавязкова ткуць з белай воўны асвечаных авечак.
ГОЛУБ.


Птушкі, як сімвал неба, паветра і святла, з’яўляюцца іканаграфічным вобразам святых, душы якіх лятуць да Неба (св. Схаластыка, св. Тэрэза Авільская і інш.).
У Бібліі апісана, што менавіта голуб пасля патопу прынёс Ною аліўкавую галінку, што стала знакам адраджэння свету, новага прымірэння чалавека з Богам. Гэтая птушка лічыцца ўніверсальным сімвалам прастоты і міру (Мц 10, 16).
У старазапаветныя часы голуб выкарыстоўваўся ў ахвярапрынашэнні, таму часам азначае ахвярнасць, мучаніцтва.
Найчасцей сімвал гэтай птушкі выкарыстоўваецца як хрысціянскі знак Святога Духа. Гэта звязана з евангельскай сцэнай хрышчэння Езуса ў Ярдане, калі Дух Святы зышоў на Яго менавіта ў постаці голуба. Таму ў хрысціянскай літургіі ўсё, што звязана з дзеяннем Святога Духа, адлюстроўваецца пры дапамозе сімвала голуба.
БРАМА.
Сімвал уваходу ў Нябеснае Валадарства, у новае жыццё. Навязвае да Хрыстовых выказванняў, што Ён - брама. Адсюль асаблівае значэнне ў хрысціянскай традыцыйнай архітэктуры прыдавалася выкананню дзвярэй (брамы) святыняў.
КЕДР.
Сімвал вечнасці, сталасці ў веры.
ХЛЕБ.
Сімвал Эўхарыстыі, Хрыста, гасціннасці, ахвярнасці.
ВОБЛАКА.
Сімвал таямнічасці, Нябеснага Валадарства, Божай рэчаіснасці, Божага гневу (хмара).
ВАВІЛОН.


Антытэзіс Нябеснага Валадарства, самападману грэшнага чалавецтва, пыхі (ганарыстасці), саманадзейнасці, наіўнай надзеі на матэрыяльны рай.
ЧЭРАП.


Сімвал прамінальнасці жыцця, смяротнасці чалавека, пакаяння.
Чэрап ля падножжа крыжа. Сімвал лагічнага завяршэння гісторыі свету (гісторыі Збаўлення). Падножжа Хрыстовага крыжа - гэта Галгофа (габр. - “гара чэрапа”), месца, дзе паводле традыцыі быў пахаваны Адам - першы чалавек.

Асаблівае месца ў хрысціянскай сімволіцы маюць надпісы і манаграмы:
АДАМ.
Слова-сімвал, азначае чалавека, першасны стан людзей, чалавецтва ўвогуле. Некаторыя бачаць у гэтым слове шыфроўку чатырох кірункаў свету (Anatole, Dsysis, Arctos, Mesembria).
АЛЬФА І АМЕГА.
Першая і апошняя літары грэцкага алфавіта. У біблейскай кнізе Апакаліпсіса так сябе назвае Хрыстус. Азначае, што усё мае свой пачатак і заканчэнне ў Богу.


“FOS-ZOE” (грэц. “святло-жыццё”). Паходзіць ад евангельскага азначэння Езуса як Святла і Жыцця свету.


А вось некаторыя асноўныя хрыстаграмы (графічныя шыфроўкі імя і тытулаў Хрыста):
- “IESUS”: імя Божага Сына. Грэцкае і лацінскае “Есус” паходзіць ад скарочанага габрэйскага “Ешу” (поўнае імя - “Егошуа”, што азначае: “Бог (Ягвэ) збаўленнем”).
- “ІХР”: манаграма імя Месіі (грэц. “IHCOYC XPICTOC” (Есус Хрістос). “І” - Іесус (Езус), “ХР” - Хрістос.
- "INRI": надпіс на крыжы Хрыста, які тлумачыў прычыну Яго асуджэння рымскімі ўладамі: «IesusNasareusRexIudеorum» - «Езус Назарэйскі Кароль Юдэйскі». Пазней хрысціяне надавалі іншыя сэнсы гэтай манаграме:«InNobisRegnatIesus» - «Унутры нас валадарыць Езус».
- “ХР”: кадзіроўка грэцкіх літар “Х” і “Р” - гэта скарочаны запіс грэцкага слова “Хрістос” (Месія, Памазанец).
- “ІХ”: першыя літары імя Месіі: “І” - Іесус, “Х” - Хрістос.


- “IHS”: скарачэнне лацінізаванай формы грэцкамоўнага імя Езуса. У гэтай хрыстаграме закадзіраваны выраз “ІESUS HOMINUM SALVATOR” (Езус Збавіцель чалавецтва).

СІМВАЛЫ

Previous post Next post
Up