[Карта Парагваю]
З Foz do Iguaçu у суседні парагвайскі горад Cuidad del Este можна трапіць праз раку Парану па мосце "Сяброўства". Даўжыня моста 552 метра. З аднаго боку моста стаяць бразільскія памежнікі, з другога - парагвайскія. Паўнавартаснай мяжы паміж Парагваем і Бразіліяй няма. Для бразільцаў і парагвайцаў праезд бязвізавы, таму мясцовыя аўтобусы на мяжы не спыняюцца. Тэарэтычна можна без праблем пераязджаць з адной краіны ў другую і без візы. Калі не паглыбляцца ў глыб краіны, паліцыя на гэта глядзіць скрозь пальцы. Я папрасіў, каб мяне высадзілі на бразільскім блокпосце ў пачатку моста. Аўтобус чакаць мяне не стаў, але на білеце кіроўца зрабіў пазнаку, каб я мог сесці бясплатна ў наступны аўтобус. Бразільскія памежнікі паказалі ў які будынак трэба зайсці, каб атрымаць выязны штамп, але мог бы міма прайсці - нічога не сказалі бы. Наколькі я зразумеў, асноўная іх функцыя - адлоўліваць кантрабанду, якую масава пруць з Cuidad del Este. На пашпартным кантролі маладыя дзеўкі спачатку весела патрэніраваліся як правільна чытаецца назва маёй краіны і ўрэшце ляпнулі мне выязны штамп. Праз мост пайшоў пешкі, каб не чакаць аўтобуса. На другім канцы моста адразу адчуваецца, што пачынаецца абсалютна другая краіна, і атмасфера моцна змяняецца: шмат людзей, шмат шуму, другая мова, больш брудна і візуальна бядней. Перыядычна падыходзяць мужыкі з прапановай набыць электроніку. З дапамогай парагвайскіх паліцыянтаў, высвятліў у якім будынку можна атрымаць штамп. На пашпартным кантролі пажылы эрудыяваны супрацоўнік на беглай ангельскай мове пачаў распытваць якія ў мяне планы па наведванню Парагвая. Калі даведваўся, што я на цэлых чатыры дні і збіраюся наведаць Асунсьён, вельмі ўзрадаваўся і пачаў маладой супрацоўніцы праз увесь пакой крычаць, што я з Беларусі і збіраюся ў Асунсьён, і мне трэба паставіць штамп. Маладая супрацоўніца пазяхнула і моўчкі ляпнула ўязны штамп.
[Cuidad del Este і мост "Сяброўства" праз Парану]
[Рака Парана]
Cuidad del Este - другі па колькасці насельніцтва горад у Парагваі (274 тыс. чалавек). У Асунсьён адсюль нават штодзень лятае Airbus 320 адзінай нацыянальнай авіякампаніі (40 хвілін, 70 USD). Cuidad del Este абвешчаны зонай бязмытнага гандлю, і яго часта называюць "лацінаамерыканскім Ганконгам". Цэнтр горада ўяўляе сабой вялікі рынак. Як кажуць, толькі невялікая частка таваразвароту легальная, а астатняя - кантрабанда ў суседнія Бразілію і Аргентыну. Яшчэ каля Cuidad del Este ёсць самая вялікая (пасля кітайскай) гідраэлектрастанцыя на планеце - «ITAIPU». У 1982 годзе падчас яе пабудовы быў затоплены самы магутны вадаспад на планеце Гуаіра. ГЭС належыць Бразіліі і Парагваю. Яна пакрывае каля 90 % запатрабаванняў электраэнергіі Парагвая і 20 % поўнай патрэбнасці ў электраэнергіі Бразіліі. Пры гідраэлектрастанцыі ёсць аддзел інфармацыі (прапаганды), які праводзіць бясплатныя экскурсіі для турыстаў.
Пасля пераходу мяжы пайшоў шукаць таннае таксі да гідраэлектрастанцыі. Перабраўшы некалькі машын і зразумеўшы, што менш чым за 20 $R (~11 USD) даехаць не атрымаецца, узяў таксі да ITAIPU. Пад'ехалі да ўваходу як раз, калі пачынаўся бясплатны тур. Турыстаў пасадзілі ў два аўтобусы, пакаталі вакол гідраэлектрастанцыі і парасказвалі на іспанскай мове пра дасягненні праекту.
[Гідраэлектрастанцыя]
Перад уваходам на тэрыторыю звольненыя супрацоўнікі ГЭС устроілі галадоўку з патрабаваннем аднавіць іх на працы. Каля іх дзяжурыла машына хуткай дапамогі. У інтэрнэце знайшоў інфармацыю, што агулам было звольнена 100 чалавек.
Пасля гідраэлектрастанцыі трэба было дабрацца да аўтавакзала, каб сесці на аўтобус да Трынідада. Перайшоў дарогу і стаў чакаць аўтобус каля стаянкі таксі.
[Пакуль чакаў аўтобус, паназіраў, як дзяўчына прадавала нейкую траву. Кладзе ў ступу пучок травы, паб'е таўкачом і, завярнуўшы мешаніну ў пакет, аддае пакупніку. Кліенты падыходзілі і пад'язджалі на матацыклах ледзь не кожную хвіліну.]
У гарадскім аўтобусе заплаціў бразільскімі грошамі (у Cuidad del Este і Foz do Iguaçu акрамя аргентынскіх, бразільскіх і парагвайскіх прымаюць баксы і еўра). Папрасіў кіроўцу спыніць у цэнтры, але ён забыў і праехаў цэнтральныя вуліцы. Прыйшлося перасаджвацца з аўтобуса на таксі, каб дабрацца да аўтавакзала.
У касе аўтавакзала памяняў грошы і купіў білет да Трынідада. Абменнікаў там не бачыў, але абмяняць валюту гатовы многія. Вакзал маленькі і чысценькі. Толькі перад ім размясціўся цыганскі табар - вакол бегалі абадраныя цыганскія дзеці.
[Аўтавакзал Cuidad del Este]
[Падчас чэмпіянату па футболу на вуліцах можна было убачыць шмат нацыянальных сцягоў]
[Жанчыны гандлююць булкамі на шашы. У парагвайскіх аўтобусах (гарадскія і міжгароднія) пастаянна ідзе гандаль.]
Да вёскі Трынідад аўтобус ехаў каля 6 гадзін. Там знаходзяцца руіны, якія засталіся ад місіянерскага цэнтра манаскага ордэна езуітаў(XVII-XVIII стст.). У Трынідад прыехаў, калі ўжо даўно сцямнела. Выйшаў з аўтобуса ў цёмную бязлюдную вёску, а куды ісці далей... Адзінае, што ведаю з турыстычнага даведніка, што ёсць там гатэль "Леон" недалёка ад руін. Каля аўтобуснага прыпынку была маленькая лаўка, у якой гарэла святло. Зайшоў туды, каб спытаць, як дайсці да гатэля. Мужык-прадавец доўга спрабаваў мне растлумачыць на іспанскай і жэстамі, куды трэба ісці, але па цемры па вясковых вуліцах гэта было знайсці немагчыма. Тады ён выцягнуў з двара матацыкл і падвёз мяне за проста так. Я спрабаваў сунуць яму грошы, але ён адмовіўся, сказаўшы "аміга" (сябар). Гаспадыня гатэля аказалася не такой гасціннай. Так як з кліентамі ў яе, напэўна, вельмі туга (у тую ноч я быў адзін), вырашыла з мяне садраць па максімуму. За начлег запрасіла 120 000 Gs (~26 USD) - па парагвайскіх мерках вельмі шмат. У мяне было толькі 140 000 Gs, дык яна яшчэ і рэшту не вярнула. Але затое я павячэраў у яе за гэтыя 20 000 Gs і сам уключыў іх у агульны кошт.
[Некалі тут быў езуіцкі місіянерскі цэнтр]
[Вуліца Трынідада]
[Да Энкарнацыёна даехаў на гэтым аўтобусе]
Энкарнацыён вялікі горад на поўдні Парагвая (70 тыс. чалавек). Вядомы тым, што тут праводзяць парагвайскі карнавал. У Парагваі пражывае вялікая колькасць эмігрантаў з Заходняй Украіны. Большасць штаб-кватэр украінскіх арганізацый і цэнтр украінскай эміграцыі знаходзіцца ў Энкарнацыёне.
У горадзе быў пару гадзін - паспеў толькі прагуляцца да цэнтральнай плошчы ад аўтавакзала і назад.
[На аўтавакзале Encarnacion хлопчык чысціць абутак салдату]
[Украінская царква на плошчы Artigas. На шыльдзе напісана "Украіньска Православна Церква Киівського Патріархату в Парагваю"]
[Помнік украінскаму паэту Тарасу Шаўчэнку на плошчы Artigas. На помніку напісана на ўкраінскай мове "ТАРАС Г.ШЕВЧЕНКО. 1814-1861. НАЙБІЛЬШИЙ ПОЕТ І НАЦІОНАЛЬНИЙ ПРОРОК УКРАІНИ". Помнік пастаўлены ў 1976 годзе.]
[Украінскі помнік ахвярам галадамору каля помніка Шаўчэнку. Быў пастаўлены ў 2008 годзе. Справа на помніку адпачывае мясцовы мужык.]
На плошчы Artigas супрацоўнікі мясцовага Чырвонага крыжа збіралі кроў у добраахвотнікаў, а мясцовая прэса здымала гэта на відэакамеры. Калі я пачаў іх фатаграфаваць, да мяне падышоў адзін з валанцёраў і паспрабаваў пагаварыць. Зразумеўшы, што па-іспанску я ніяк, падаслаў са свайго калектыва іспанца, які мне растлумачыў на ангельскай мове, што тут збіраюць кроў і прапанаваў мне здаць. Ну, я і здаў. Мясцовая прэса засняла мой дабрачынны жэст. За пакет крыві далі майку.
[Ахоўнік банка]
[Як і ў Бразіліі падчас чэмпіянату свету па футболе, паўсюль прадаюць сцягі.]
На аўтавакзале сеў у аўтобус да Асунсьёна за 60 000 Gs (~13 USD). У гэты раз аўтобус быў цывільны з тэлевізарам і туалетам. Да Асунсьёна ехалі 5 гадзін.
[Парагвайскі хлопчык у аўтобусе Encarnacion-Asuncion]
[Па дарозе ў Асунсьён аўтобус спыніўся каля банка. Я зрабіў некалькі здымкаў і толькі потым заўважыў, што ахоўнік моцна нервуецца.]
[Запраўка каля Асунсьёна]