Лагойскі астэроідны кратэр: хавайся ў бульбу! :)

Oct 11, 2012 17:36

У Беларусі, „ціхой і ветлай“, як вядома, ніколі ніякіх надта драматычных прыродных зьяваў не адбываецца... У Менскім Моры не бывае трапічнага шторму... І вулканаў у Беларусі няма. Таксама не бывае (натуральных) землятрусаў - толькі як гэалягічнае рэха чагосьці здалёк... Усё слушна - амаль.

Кратэр Баррінджэр (Barringer), невялічкі з параўнаньні з Лагойскім, мае толькі 1,2 км у дыямэтры і глыбіню 175 м - вынікам удару мэтэярыту дыямэтрам усяго 50 м. Адсюль. Бо, аднак, паводле „Полного каталога импактных структур Земли А. В. Михеевой“, тэрыторыя невялічкай Беларусі зьяўляецца, - ці то зь нейкай прычыны, ці то проста пашанцавала, - адной з найбольш шчыльна пабітых кратэрамі ад удараў астэроідаў у (родную беларускую) Зямлю.
          У сьпісе пералічаных ёсьць 5 буйных імпактных структураў у Беларусі, сьляды якіх можна выявіць яшчэ нават пасьля многіх мільёнаў гадоў, у тым ліку: Менскі кратэр (гэтыя горкі, магчыма, ня проста так), Прыпяцкі басэйн (кратэрнага паходжаньня) і Лагойскі кратэр.


„Панарама Лагойскага кратэра“ (адсюль)        Менавіта Лагойскі зьяўляецца найбольш вывучаным. Падаецца, што сталася гэтак з тае прычыны, што гэалягічная служба БССР ў 1970-х меркавала, што выяўленая структура зьяўляецца вулканічнай, што знойдзеныя кімбэрлітавыя трубкі - ды прынялася сьвідраваць, шукаючы на Лагойшчыне дыяманты. (Гэта ня жарт.) Замест дыямантаў аднак стаўся пацьверджаны гіганцкі касьмічны кратэр, каля 17 км агульным дыямэтрам і каля 600 м агульнай глыбінёй, які пакінуў астэроід сярэдяга дыямэтру каля 650 м. Сучасным наступствам яго на паверхні застаюцца Лагойскія балоты. -

„Калі вярнуцца на 25 мільёнаў гадоў таму, то на месцы Лагойскага кратэра, зараз цалкам запоўненага і пахаванага пад старажытнымі адкладамі, мы ўбачылі б незвычайнае возера амаль правільнай акруглай формы, памерам прыкладна 12-15 км і глыбінёй 200-500 м, з усіх бакоў акружанае высокім, у 100-200 м, суцэльным валам. Яно размяшчалася на плоскай залесенай раўніне, якою была тады гэтая частка Беларусі. Цяпер жа гэтае месца амаль нічым не адрозніваецца ад астатняй часткі Лагойшчыны з характэрным для яе градава-ўзгоркавым, вельмі маляўнічым рэльефам. Толькі ў паўночнай частцы тэрыторыі кратэра, бліжэй да Плешчаніц, рэзка вылучаецца незвычайна вялікі для Лагойскага ўзвышша балотны абшар, сваім паходжаннем абавязаны Лагойскаму кратэру. Увесь гэты спакойны ландшафт зараз нічым не нагадвае аб той грандыёзнай катастрофе, якая здарылася тут каля 45 мільёнаў гадоў таму і знішчальнай для ўсяго жывога хваляй пракацілася на сотні, а магчыма, на тысячы кіламетраў па Еўрапейскаму субкантыненту.“ - Адсюль.         ...Але што нашаму жыхарству той кратэр: пэўна, спачатку неяк нязручна, але-ж потым прызвычаіліся, дык зь цягам часу, пакрысе, зааралі, зараўнялі... засадзілі бульбай!:) - Падрабязнае апісаньне і профільны разрэз 17-кілямэтровага Лагойскага кратэру можна пабачаць тут.

P.S.: ...Таму, калі хтосьці зноў стане наракаць, што ў Беларусі нешта бядотна, неўладкавана, няўтульна, чагосьці бракуе, ня трэба спасылацца на „вайну і немцаў“ - а лепш распавядаць пра навалу з галяктыкі, шматлікія ўдары астэроідаў, паказваць на Лагойскі кратэр! :)
         P.S.-2: Касьмічная бамбардыроўка нашай міралюбнай рэспублікі працягваецца!, - распавядае „Наша Ніва“, - і напэўна пагражае парушыць стабільнасьць! :)
         P.S.-3: Гэта не азначае, што апазыцыі будзе слушна, побач спадзяваньня на сацыяльны выбух сярод працоўных, або няшчасны выпадак з кіраўніком рэжыму, ускладаць цяпер надзеі на балід, які прыляціць з космасу і зьнясе Дразды :))

Karcina Repina „Не ждали”, „žach u čałaviečym sercy“, z šyrokaha śvietu, ab hetym nielha surjozna, zahadki pryrody

Previous post Next post
Up