Куля для "добрага пана"

Oct 07, 2012 12:22







Дэпутат расейскай Дзяржаўнай Думы.
Сэнатар (1930) міжваеннай Польскай Рэспублікі (адсюль).



Сядзібны дом Рамана Скірмунта ў маёнтку „Парэчча“ адсюль.


Сядзібны дом Рамана Скірмунта ў маёнтку „Парэчча“, тыльны фасад (з боку рэчкі).



Раман Скірмунт у БНР-аўскі пэрыяд: фота раней 1923 г.
Крыніца: Polesie Ilustrowane. - Pod red. inż. Nelarda. Brześć, 1923.

Сёньня 7 кастрычніка - дата забойства графа Рамана Скірмунта, 25.4.1868 - 7.10.1939. Адзін з групы польскамоўных літоўска-беларускіх „краёўцаў“, Раман Скірмун абраны ад Меншчыны дэпутатам І расейскай Думы, дзе заявіў сваю нацыянальнасьць як „беларус“, фінансава падтрымліваў выданьне „Нашай Нівы“ (адсюль). У 1917 у беларускіх дабрачынных і грамадзкіх арганізацыях, тымчасам перажыў спаленьне радавога гнязда-сядзібы сельскімі бандытамі рэвалюцыйнымі сялянамі. У 1918 - другі прам'ер ураду БНР, дзякуючы якому дзяржаўныя ворганы БНР пачалі набываць у вачох нямецкіх вайсковых уладаў выгляд сур'ёзнасьці ды, упершыню, здабываць іх увагу ды паступовае фактычнае прызнаньне, а таксама спрычыніўшыся да замацаваньня гэрбам, замест касы-грабляў-снапочка - Пагоні. Граф Раман Скірмунт, будучы, разам з княгіняй Магдаленай Радзівіл, матэрыяльным спонсарам тагачаснага беларускага культурна-палітычнага адраджэньня, быў важным жывым „злучнікам“, „зьвяном“ арганічнай пераемнасьці паміж гістарычным-шляхецкім мінулым края - і новай беларускай нацыянальнай дэмакратычнай дзяржавай, якой у больш спрыяльных варунках магла-бы стаць БНР. Што праўда, з боку сацыяльна-радыкальных партыяў ва ўрадзе і Радзе БНР ён тады знайшоў шмат меней ўдзячнасьці і добрай волі, чым, відавочна, заслугоўваў: калі адносіны з фон Фалькенгайнам у Менску былі наладжаныя, яны настаялі на адхіленьні Скірмунта з пасады. Аднак і пасьля гэтага Скірмунт заставаўся на службе БНР: разам з кн. Альбрэхтам Радзівілам скіраваўся (напэўна за ўласны кошт) у Швайцарыю па афармленьне дзяржаўных пазыкаў для маладой рэспублікі ў крытычны момант. - У 1919 перад наступам Чырвонай Арміі Раман Скірмунт эвакуяваўся ў Горадню, далей у Варшаву, ды ў тагачаснай польскай палітыцы выступаў праціўнікам Рыскага падзелу Беларусі. Сэнатар (1930) міжваеннай Польскай Рэспублікі, дабрадзей мясцовых сялянаў: узор сацыяльнай адказнасьці да народжаных у менш шчасных матэрыяльна-сацыяльных абставінах (заслужыў мянушку „хлопомана“). - Раман Афтаназы (Materiały do dziejów rezydencji, t. II) нават паведамляе, што ў верасьні 1939 мясцовы люд нібыта хаваў Рамана Скірмунта ад арышту (с. 146)... Так ці йнакш, а ў кастрычніку 1939, хоць мінула ўжо пару тыдняў, як адгрымелі савеція танкі (а агульная „зачыстка“ НКУС яшчэ рыхтавалася), у „Парэччы“ невялікая група сялянаў наладзіла 71-гадоваму былому пану (ды ягонаму маладзейшаму сваяку) народную расправу: завялі ў лес ды застрэлілі. А нібыта вялі да савецкіх ворганаў у Пінск. Недавялі, значыцца, да Курапатаў... - У 2009 „Звязда“ надрукавала артыкул Глеба Лабадзенкі аб акалічнасьцях гібелі Рамана Скірмунта 7 кастрычніка 1939 ды ўспамінах аб ім мясцовага люду: „Страляйце так, я ад людзей нiколi не адварочваўся...“

Našy (sumnyja) jubilei, „žach u čałaviečym sercy“, „In my humble opinion“, бывшіе люди

Previous post Next post
Up