Канцэпцыя адбудовы гарадзенскай ратушы

Sep 17, 2015 01:13

Аб неабходнасці адбудовы гарадзенскай ратушы пагодзіцца ледзь ці не кожны жыхар гораду. Як гэта, каб такі прыгожы горад з багатай гісторыяй не меў галоўнага атрыбута сваёй еўрапейскасці: будынка былога органа гарадскога самакіравання (магістрату)?! У Мінску, Магілёве, Шклове, суседнім Беластоку адбудавалі ратушы - а ў нас і гаворкі пра гэта няма.

Адказ крыецца не толькі ў нежаданні ўладаў вярнуць гістарычны воблік нашаму гораду, колькі ў адсутнасці адзінага падыходу гісторыкаў, грамадства і кіраўніцтва горада да гэтай праблемы. Асноўнай перашкодай у адбудове з'яўляецца наяўнасць вельмі нязначнай колькасці дакументальных матэрыялаў аб тым, як жа ўсё-ж такі выглядаў будынак ратушы на пэўных этапах сваёй гісторыі.





Часам будаўніцтва ратушы лічыцца канец XV - пачатак XVI стагоддзяў. Першае вядомае графічнае адлюстраванне будынку вядома дзякуючы выяве на медзярыце Матэуса Цюндта, які быў выкананы на падставе малюнка Ёгана Адэльгаўзера ў 1568 г. Згодна з гэтай выявай, ратуша (Curia) з’яўлялася асноўнай архітэктурнай дамінантай у горадзе, якая размяшчалася ў цэнтральнай частцы Рынку.

У 1600 г. Тамашам Макоўскім была зроблена наступная вядомая нам гравюра Гародні. Аналіз гэтых графічных крыніцы дазваляе з вялікай доляй упэўненасці сцвярджаць, што ратушу была значна перабудавана, і набыла яскравыя прыкметы архітэктурнага стылю рэнесанс.

На вялікі жаль, будынак рэнесанснай ратушы не перажыў вайну сяр. XVIІ ст. з Масковіяй і быў разбураны. Больш чым стагоддзе ён знаходзіўся ў руінах, і толькі ў 1784 г. на месцы былой ратушы з гандлёвымі радамі была пабудавана новая ратуша ў класіцыстычным стылі. Як мяркуецца, новы будынак быў узведзены на падмурках старога.

Толькі што з сябе ўяўляла старая ратуша? Гэта мы паспрабуем высветліць, аналізуючы нядаўнаадшуканыя архіўныя матэрыялы. Перачытваючы свой стары пост Гарадзенскі Рынак: рэнесансная ратуша і артыкул падобнай тэматыкі -Гарадзенская рэнесансная ратуша: спроба графічнай рэканструкцыі, апублікаваны ў "Гарадзенскім гадавіку" (№2, 2013 г.), па вялікаму рахунку, хочацца сказаць, што гэта была першая, і, напэўна, трохі няўдалая спроба высветліць, як выглядаў будынак у мінулым. Пасля азнаямлення з артыкулам пана І.Лапехі Старая гродзенская ратуша:гісторыя, перабудовы, знешні выгляд, прыйшоў да высновы, што будынак ратушы сапраўды знаходзіўся на ўсход ад пазнейшага гасціннага двара. Праверыць гэта можна такім метадам: на гравюры 1600 г. пазначаем пунктамі B, C i D адпаведна званіцу Фары Вітаўта, усходні кут Ратушы і усходні кут Бернардынскага касцёла.



Ведаючы, з якога месца быў замаляваны малюнак, на аснове якога была зроблена гравюра (дзякуючы падлікам пана І.Лапехі), мы праводзім лінію ад "кропкі агляду Макоўскага" да вядомых нам аб'ектаў на аэрафотаздымку горада 1944 г. Роўна паміж гэтымі лініямі (вектарамі B i D) ідзе лінія (С), якая ўказвае дзе стаяў усходні кут старадаўняй ратушы. Тое, што ён знаходзіўся значна правей ад гасціннага двара - відавочна. Дадаткова на гэта ўказвае яшчэ адзін момант: дзіўнае размяшчэнне будынку гасціннага двара адносна прасторы рыначнай плошчы. Будынак як бы прыціснуты ў бок Замкавай вуліца, а правей ад яго так і "просіцца" яшчэ адзін будынак.



Дзякуючы планам 1753 г. і, у асаблівасці, 1825-1826 гг., мы можам з вялікай доляй верагоднасці сцвярджаць, што частка разбуранай пасля вайны сяр. XVII ст. ратушы ўвайшла ў комплекс гандлёвых радоў сяр. XVIIІ ст., а пазней і новай ратушы к. XVIIІ ст. Прыблізнае размяшчэнне старой ратушы адносна новай паказана ніжэй:



Менавіта гэты "выступ" усходняй часткі новай ратушы, як мы мяркуем, з'яўляўся часткай рэнесанснай ратушы.

А што з сябе ўялялі іншыя будынкі ля ратушы, якія на планах XVIIІ ст. паказаны як замкнёны па перыметры комплекс? Магчыма, разгадка над гэтым пытаннем крыецца ў адным з планаў горада, які быў зроблены ў 1706 г. (Гл. Гарадзенская ратуша на планах і мапах). На ім будынак старой ратушы паказаны разам з іншымі чатырма будынкамі, утвараючы замкнутую прастору. Хутчэй за ўсё, значная частка гэтых будынкаў выконвала гандлёвыя функцыі (доказам можа служыць надпіс "Базаръ" на плане).

Як гэта выглядала на месцы, мы можам прыкінуць, паглядзеўшы на віленскую ратушу, якая паказана на гравюры к. XVI ст., дзе асноўны будынак акружаны гандлёвымі радамі, утвараючы нешта падобнае на замкнёную прастору:



У 1784 г. на развалінах старой ратушы, як адзначалася ўжо вышэй, была пабудавана ратуша ў стылі класіцызму (Гл. Гарадзенская ратуша: перыяд класіцызму). Як яна выглядала - мы прыблізна ведаем:



Рэканструкцыя паўночнага, усходняга і часткі паўднёвага фасадаў ратушы. 1784-1869 гг.
На жаль, як выглядалі заходні фасад і частка паўднёвага, мы можам толькі здагадвацца. Варта сказаць, што мы з вялікай доляй упэўненасці можам сказаць, што план ратушы з замаляванымі фасадамі знаходзіцца ў расійскіх архівах. Ратуша была перабудавана ў 1870-х гг., а, як вядома, у часы Расійскай імперыі перад выкананнем прац па рэканструкцыі будынкаў абмерна-чарцёжныя работы былі абавязковымі.

Пасля перабудовы ратуша (гасцінны двор) набыла рысы эклектызму (змяшання стыляў), яе новы воблік нам добра вядомы, дзякуючы дайшоўшым да нашага часу старым фотаздымкам (гл. Гарадзенскі гасцінны двор на старых фотаздымках).

Дык у якім сваім вобразе павінна паўстаць новаадбудаваная гарадзенская ратуша?



Прыблізнае суаднясенне старой і новай ратушы

На наш погляд, ратуша павінна быць адбудаваная на момант к. XVIII - пач. XIX стст. з абазначэннем на зямлі контураў старой ратушы. Існуе велькая верагоднасць таго, што пад зямлёй дагэтуль знаходзяцца падзямеллі старой ратушы, у такім выпадку было б добра экспанаваць захаваныя падземныя часткі гэтага старажытнага будынку пад зашклёнай паверхняй.

Варыянт адбудовы рэнесанснай ратушы на дадзены момант, зыходзячы з накопленых ведаў, падаецца немэтазгодным, бо,
  • па-першае, мы не ведаем як выглядаў будынак, і, хутчэй за ўсё, ніколі больш не даведаемся гэтага,
  • па-другое, новая архітэктурная дамінанта зменіць панарамны выгляд гістарычнай часткі горада,
  • па-трэцяе, маральны аспект: у Еўропе ўсяго толькі некалькі прыкладаў "уваскрашэння" цалкам страчаных будынкаў, якія перасталі існаваць некалькі соцень год таму.
Разам з тым, для навукова абгрунтаванай адбудовы ратушы неабходна выканаць наступныя пункты:
  • археалагічныя раскопкі месца, дзе стаяла ратуша, гандлёвыя рады і гасцінны двор,
  • грунтоўныя архіўныя пошукі (галоўным чынам у замежных архівах),
  • наяўнасць спецыялістаў-рэстаўратараў
  • выкарыстанне высокаякасных рэстаўрацыйных матэрыялаў
Адбудаваную ратушу можна будзе выкарыстаць у якасці:
  • будынку гарадской адміністрацыі (другі паверх),
  • крамы, гандлёвыя кропкі з сувенірамі,
  • музей гарадскога самакіравання,
  • бары, рэстараны.
У даўнія часы Ратуша з'яўлялася галоўным будынкам грамадскага прызначэння магдэбургскага горада, i сведчыла аб яго велічы i багацці. На вялікі жаль, гарадзенская ратуша дагэтуль хавае свае таямніцы пад тратуарнай пліткаю на Савецкай плошчы...




ratusz Grodno, koncepcja odbudowy, rekonstrukcja, реконструкция внешнего вида ратуши, Гродно, концепция реконструкции и восстановления

Гародня, рэканструкцыя, ратуша, рынак

Previous post Next post
Up