Кожны, хто пасля зімы наведваў Каложскую царкву, напэўна, заўважыў, што цагляная агароджа, якая знаходзіцца ля ўваходу ў храм з боку Нёмана, прыкмента патрэскалася.
Шырыня расколiн з боку Нёмана - больш за 2 см. Гэта вельмі шмат.
Цагляная сцяна-агароджа вакол храма была зроблена ў міжваенны час. Падобная асадка грунту - самая значная за амаль 80 гадоў яе існавання.
Узнікае дзве версіі, чаму асядае зямля. Першая: лакальная. Зямля пад агароджай (агароджа размешчана над самым абрывам у Нёман) асела ў выніку сцякання растаяўшай ад снегу вады і падмыла частку грунта, у выніку чаго падмуркі агароджы крыху змясціліся, што і выклікала з'яўленне расколін.
Другая: пагорак, на якім стаіць Каложа, пачаў асядаць. Гэта можа стаць прычынай новага апоўзня, не дай Бог, апошняга ў гісторыі помніка архітэктуры ХІІ ст. Варта ўспомніць, што ў ХІХ ст. у выніку некалькіх апаўзанняў берага Каложа была амаль на палову знішчана. Тады ўсе намаганні былі скіраваны на ўмацаванне берага ракі, які іх нястомна падмываў. Аднак толькі цягам апошніх дзесяцігоддзяў навукоўцы ўстанавілі, што Каложа можа працягнуць асядаць. Тады ж пры дапамозе жалезабетонных сваяў быў дадаткова ўмацаваны абрыў. Але і гэта не ўратуе Каложу, а толькі на нявызначаны тэрмін прадоўжыць ёй жыццё.
Выратаваць Каложу можна толькі падкарэктаваўшы русла Нёмана, насыпаўшы з боку храма невялікую дамбу. Справа ў тым, што Каложа знаходзіцца ля самага выгібу ракі, у месцы, дзе плынь найбольш "упіраецца" у берагі. Дамба зможа "памякчыць" напорыстасць Нёмана, запаволіць яго ля берагоў храма.