Хутка летувіскія рэстаўратары вернуць барочны выгляд палацу Сапегаў, што размешчаны ў віленскім мікрараёне Антокаль. Плануецца рэстаўраваць барочную архітэктуру палаца, аўтэнтычныя сцены і дэкор канца сямнаццатага стагоддзя. На бакавых фасадах будынка ужо разчышчаны ад пазнейшай кладкі аркі галерэй першага і другога паверха , адноўлены дзве вежы і некаторыя элементы барока, якія некалі ўпрыгожвалі сцены будынка. Рэстаўратары і будаўнікі працуюць не толькі звонку , але і ўнутры старога палаца. Тут плануецца аднавіць усе праёмы дзвярэй, вокнаў, аднавіць лесвіцы, прылеглую да іх балюстраду. Рэканструяваны палац будзе адчынены для наведванняў. З пачаткам рэканструкцыі палаца спачатку будзе абсталявана адна зала, дзе ўсе, хто цікавіцца гісторыяй палаца, змогуць азнаёміцца з матэрыяламі аб ходзе развіцця праекта і археалагічнымі знаходкамі.
Кампутарная рэканструкцыя будучага выгляду палаца
Барочны палац быў узведзены ў 1691 годзе на месцы драўлянага палаца Льва Сапегі. Аўтар праекта - невядомы, па некаторых звестках ім мог быць Джавані Батыста Фрэдыані. У дэкараванні палаца ўдзельнічаў П'етра Пэрт (рэльефы) і Джавані Марыя Галіі (скульптуры). Мяркуецца , што фрэскі выканаў мастак Мікеланджэла Палон.
Палац на малюнку 1819 г.
У пачатку ХІХ стагоддзя палац і парк былі набыты гарадскімі ўладамі за 40 тысяч рублёў срэбрам і па праекце віленскага губернскага архітэктара Юзэфа фон Пусье перабудаваны ў ваенны шпіталь.
У 1862 годзе па праекце інжынера архітэктара Івана Лявіцкага шпіталь быў перабудаваны і прыстасаваны пад кадэцкі корпус.
Былы палац у міжваенны час
З 1919 года тут дзейнічала бальніца Універсітэта Стэфана Баторыя. У 1927-1928 гадах комплекс былога шпіталя быў прыстасаваны пад універсітэцкі інстытут афтальмалогіі, які дзейнічаў да Другой сусветнай вайны. Пасля тут размяшчаўся ваенны шпіталь.
Так выглядаў будынак некалькі год таму
Да нядаўняга часу час палац быў закінуты. Да канца 2011 года Дэпартаментам культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Літвы і самакіравання Вільні быў падрыхтаваны праект рэстаўрацыі палаца, першы этап якой павінен завяршыцца ў лютым 2014; на яго рэалізацыю выдзелена больш за 2 мільёна эўра.
Праект выклікаў публічную крытыку, у якой паказвалася на неабгрунтаванасць праекта іканаграфічнымі матэрыяламі, сумніўнасць прадстаўленых пышных псеўдабарочнага формаў і небяспека страты аўтэнтычнасці, якая захавалася ў будынку. У 2012 годзе пад кіраўніцтвам галоўнага архітэктара праекта Эвалдаса Пурліса пачалася рэстаўрацыя палаца.
Актуальны выгляд палацу ў ходзе рэканструкцыі. Вясна 2014 г.
Крыніцы:
Sapiegų rūmai,
Sapiegų rūmai ir parkas, Vilnius