Kościół Najświętszej Maryi Panny w Grodnie, fara Witoldowa, Фара Витовта, Софийский собор, Гродно, St. Mary's Church, Grodno
Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі (Фары Вітаўта) увесь час свайго існавання з'яўляўся сімвалам моцы і велічы Горадні, а таксама набожнасці яго жыхароў.
Мураваны храм паўстаў на месцы старога драўлянага касцёла ў канцы XVI ст. па загаду караля Стэфана Баторыя. Гэта быў адзін з найпрыгажэйшых касцёлаў Вялікага Княства. Па памерах будынка (даўжыня 58,6 м і шырыня 23 м) і вышыні вежы-званіцы яму таксама не было роўных на нашых землях.
У міжваенны час польскія архітэктары памылкова лічылі, што мураваны храм першапачаткова быў пабудаваны ў гатычным стылі. У выніку ненавуковай рэстаўрацыі касцёл набыў рысы готыкі, але тое, што храм быў рэнесансны, мы даведаліся толькі ў 1980-х гадах, калі ў Стакгольме быў знойдзены адбітак гравюры 1600 г. аўтарства Тамаша Макоўскага. На гэтай гравюры фарны касцёл "parochialis ecclesia" паказаны ў цэнтры кампазіцыі і ясна падкрэслівае дамінаванне храма сярод усіх архітэктурных аб'ектаў у горадзе.
Калі б у міжваенны час гэтая гравюра апынулася ў руках даследчыкаў - няма сумневаў, што Фара Вітаўта мела б выглядаць прыкладна вось так:
Рэнесансны па стылі, касцёл меў шмат "перажыткаў" архітэктуры готыкі: стральчатыя вокны, контрфорсы, высокі спільчасты дах. Падобна на тое, што першапачаткова храм быў неатынкаваны.
Размовы аб адбудове святыні вядзецца ўжо як мінімум два дзесяцігоддзі. Галоўнае пытанне заключаецца ў тым, хто возьмецца за адбудову: дзяржава, касцёл (царква, што, як гэта не камічна гучыць, таксама хоча прэтэндаваць на храм) або прыватны інвестар. У гэтым выпадку, па аналогіі са шматлікімі еўрапейскімі гарадамі, кампрамісным рашэннем было б адбудаваць касцёл, прыклаўшы агульныя намаганні усіх бакоў. Былы храм як аб'ект архітэктурнай спадчыны не абавязкова павінен выконваць рэлігійныя функцыі, ён можа служыць, напрыклад, культурным цэнтрам. Яскравы таму прыклад -
касцёл св. Яна ў Гданьску, дзе былы храм XIV ст. служыць адначасова і для канцэртаў, паказаў, выставаў, прадстаўленняў, навуковых канферэнцый, і, што самае галоўнае, рэлігійных набажэнстваў.
Аднаўленне касцёлу Найсвяцейшай Панны Марыі - справа часу. Будзем спадзявацца, што гэты час не за гарамі...
Ч.1 Гарадзенскі Рынак: рэнесансная ратуша