Стары замак часоў Вітаўта ў Горадні: ці варта яго адбудаваць?

Feb 18, 2013 00:29



Так мог выглядаць Стары замак ў XV ст. Рэканструкцыя паводле аўтара.



Гатычны мураваны замак у Горадні паўстаў пасля таго, як у 1398 г.  згарэў драўляны замак.  Тады па загаду Вялікага князя Вітаўта пачалося будаўніцтва непрыступнага мураванага замку. Замак меў пяць вежаў, сярод якіх была вежа-брама і круглая вежа-стоўп, пабудаваная яшчэ ў XIII ст. Пад брамай знаходзілася замкавая вязніца. У лінію абароны замка ўваходзіў таксама мураваны двухпавярховы палац Вітаўта, які меў вузкія вокны-байніцы. У амаль самым цэнтры замкавага двара знаходзілася т.зв. "верхняя" царква.



Стары замак у XII  і  XIV стагоддзях. Рэканструкцыя П. Татарнікава:




Палац Вітаўта быў амаль цалкам разабраны пасля пабудовы палаца Стэфана Баторыя, толькі ў двух месцах часткі яго ўключылі ў новы палац, збудаваны паводле тагачасных новамодных архітэктурных павеваў. Ад яго засталася толькі паўночная сцяна даўжынёй 9,7 м і вышынёй 2 м., з тарца паўночнай сцяны палаца Вітаўта захавалася частка гатычнай вежы і невялікага акна, з паўднёвага тарца відаць пераход да брамнай вежы.



Стары замак у канцы XVI ст. Рэканструкцыя блогера wouk.

У апошнія некалькі гадоў СМІ пачалі распаўсюджваць інфармацыю аб рэканструкцыі Старога замка. Эскізны 3D-праект рэканструкцыі Старога замка, распрацаваны "Гроднаграмадзянпраект", выклікаў шмат спрэчак наконт навуковай абгрунтаванасці праекту. Яшчэ большую заклапочанасць выклікае адсутнасць у нашай краіне спецыялістаў у галіне рэстаўрацыі архітэктурных помнікаў.
Дагэтуль застаецца неясным тэрмін правядзення рэстаўрацыйных працаў і якасць будаўнічых матэрыялаў. Зразумела толькі тое, што Стары замак паўстане ў выглядзе XVI ст.
А што, у такім выпадку, чакае "Вітаўтава" мінулае Старога замка? Яго архітэктары не збіраюцца уключаць у праект.





Гарадзенскі замак. Малюнкі П. Татарнікава.

Мы прапануем свой варыянт далейшага лёсу замка Вітаўта: адбудаваць дакладную копію замка ў іншым месцы, за межамі горада.


Найбольш прыдатная пляцоўка для гэтага - узбярэжжа Нёмана за Новым мастом, прыкладна кіламетр на захад ад Старога замка. Для набліжэння да рэальнага выгляду Замкавай гары, вакол выбранай пляцоўкі неабходна будзе выкапаць роў. Несумненна, дадзены праект будзе мець вялікі турыстычны патэнцыял, таму варта будзе пабудаваць ля замка турыстычна-забаўляльны квартал з драўлянымі і фахверкавымі будынкамі (такімі, як на гравюрах Цюндта і Макоўскага).



Таксама лічым вартым увагі адбудову замка XII-XIII ст. з Ніжняй царквой трохі ніжэй па цячэнню Нёмана.

Прыкладаў падобнай рэканструкцыі ў Еўропе шмат. Галоўнае, каб зацікаўлены інвестар усур'ёз узяўся за гэту справу.

Гародня, фантазіі, Стары замак

Previous post Next post
Up