Ратуша з’яўлялася галоўным адміністрацыйным будынкам горада, дзе засядаў орган гарадскога самакіравання - магістрат. Будынак гродзенскай ратушы паспяхова перажыў апошнюю вайну, але быў разабраны ў 1949 г., а на яе месцы савецкімі архітэктарамі была закладзена вялізная Савецкая плошча.
У 2022 г. “БелНДіПІгорадабудаўніцтва” распрацавала
дэталёвы план развіцця і рэнавацыі гістарычнага цэнтра Гродна, які, сярод іншага, прадугледжвае адбудову гэтага аб’екта. Але ў якім выглядзе можна адбудаваць гродзенскую ратушу?
Каб адказаць на гэтае пытанне, варта ўспомніць, што будынак праз войны і пажары некалькі разоў змяняў свой знешні выгляд: ад рэнесанснага (XVI ст.) і барочнага (канец XVIII ст.) да класіцыстычнага (пачатак ХІХ ст.) і эклектычнага (1870-1949 гг.). Як выглядала рэнесансная ратуша мы ведаем толькі дзякуючы гравюрам Цюндта 1568 г. і Макоўскага 1600 г. Але сам будынак на гравюрах паказаны схематычна, без якіх-небудзь падрабязнасцяў. Ці можам мы адбудаваць гродзенскую ратушу ў рэнесансным выглядзе? Адказ будзе - не, бо мы не валодаем дастатковай інфармацыяй аб знешнім выглядзе будынка на той час.
А можа адбудаваць ратушу ў стылі эклектыкі, у такім выглядзе, які яна мела перад разбурэннем? Тэарэтычна можна і метадалагічна гэта будзе правільна, бо мы маем вялікае мноства фотаздымкаў і архіўных планаў будынка ратушы на разглядаемы час. Аднак, на нашу думку, найбольш лагічна і правільна адбудаваць гродзенскую ратушу ў класіцыстычным стылі (пачатак ХІХ ст. - 1870 г.). Самае галоўнае - на дадзены час маецца неабходнае навуковае абгрунтаванне, каб зрабіць гэта.
Ратуша ў міжваенны час
Ратуша была рэканструявана ў стылі класіцызм у другой палове 1810-х гг. за сродкі купца Юдэля Гутка па праекце губернскага архітэктара Караля Багеміля. Дзякуючы малюнку Напалеона Орды 1867 г., захаваным планам і інвентарам мы ведаем, што будынак ўяўляў сабой двухпавярховы цагляны атынкаваны аб’ём, замкнёны па перыметры. Паўднёвы і паўночны фасады былі ўпрыгожаны шасцікалоннымі порцікамі з элементамі дарычнага ордэра. Пастаўленыя на стэрэабаты (п’едэсталы), калоны падтрымлівалі антаблемент з трохвугольным франтонам, на якім быў надпіс “MAGISTRAT” з вялікіх медных пазалочаных літар. Пад франтонамі размяшчаліся аркавыя праезды. Ва ўсходняй частцы будынка знаходзіўся ганак з васьмю калонамі. У будынку мясціліся крамы, сіроцкі суд, кватэрная камісія, гаўптвахта і інш.
Ратуша ў сярэдзінне ХІХ ст. Графічная рэканструкцыя: С. Шчукін, М. Супрон
Ратуша ў сваім класіцыстычным выглядзе будзе гарманічна ўпісана ў архітэктурнае асяроддзе галоўнай гарадской плошчы. Другі паверх будынка можна выкарыстоўваць па сваім прамым прызначэнні - філіял гарвыканкама, а першы паверх прыстасаваць пад крамы і гастранамічныя кропкі. Варта зазначыць, што пад брукоўкай сучаснай Савецкай плошчы дагэтуль захоўваюцца падвалы старадаўняй ратушы ХVI ст., якія таксама можна прыстасаваць пад які-небудзь круты турыстычны аб'ект (напрыклад, пад падземны музей, як
у Кракаве).
План дадзямелля адной з крам ратушы, канец ХІХ ст. Кожная крамка, якая знаходзілася на першым паверсе ратушнага будынка, мела падвальнае памяшканне. Гэтыя канструкцыі маюць больш за 500 гадоў і дагэтуль захоўваюцца пад брукаванкай Савецкай плошчы.
Пасля ліквідацыі магістрата ў выніку судовай рэформы 1864 г. яго памяшканні заняла гарадская дума, а будынак перайменавалі ў “гасцінны двор”. Да канца 1860-х былая ратуша апынулася ў аварыйным стане. Перабудавана цягам 1869-1870 гг. купцом Давідам Гальпернам з правам атрымліваць сродкі за арэнду. Падчас пажару 1885 г. будынак згарэў, а разам з ім архіў гарадской думы з ўсімі актамі гродзенскага магістрата XVII-XIX стст. і больш старымі дакументамі. Цягам наступных гадоў адрамантаваны. Зруйнаваны ў 1949 г.
Ратуша ў сярэдзінне ХІХ ст. Графічная рэканструкцыя: С. Шчукін, М. Супрон
Так магла б выглядаць адноўленая класіцыстычная ратуша на галоўнай плошчы горада. Графічная рэканструкцыя на 1826 г.
ratusz w Grodnie, magistrat, магистрат, гродненская ратуша, Гродно