Згодна з інфармацыяй
гродзенскіх СМІ, новы аб'ект з'явіцца на вуліцы Вялікая Траецкая паміж сінагогай і медцэнтрам "ЛОДЭ" і будзе максімальна падобны на будынак, знесены 50 гадоў таму. Комплекс зойме ўчастак плошчай 17 сотак. Ён знаходзіцца ў цэнтры гістарычнай забудовы і прыродаахоўнай зоне Гараднічанкі і Нёмана. Па праекце, тут узвядуць грамадскі двухпавярховы будынак з падваламі і мансардай. На другім і мансардным паверхах размесцяцца гасцінічныя нумары. На першым будзе кафэ на 10 месцаў з памяшканнямі, выставачная зала, санітарна-бытавыя памяшканні.
Два гады таму, калі з'явілася
інфармацыя аб намеры гарадскіх уладаў аднавіць на гэтым месцы страчаныя гістарычныя будынкі, аўтар гэтых радкоў разам з Сяргеем Шчукіным накіравалі ў гарвыканкам свае напрацоўкі. Калі гэты праект будзе рэалізаваны як мае быць, мы зможам праз год-другі ўбачыць вось такі цудоўны аб'ект на тэрыторыі былога Школьнага двара.
Такім павінен паўстаць новы гасцінічны комплекс ля сінагогі. Аўтары: С.Шчукін, М.Супрон
Будынак будзе складацца з двух аб'ёмаў: былога дома Капялевіча і малітоўнага дома "Хаядэм".
Школьны двор у 1915 г. Сінім колерам пазначаны малітоўны дом "Хаядэм", а чырвоным - дом Капялевіча.
Школьны двор у 1930-я гг. Сінім колерам пазначаны малітоўны дом "Хаядэм", а чырвоным - дом Капялевіча.
Гістарычная даведка.
Школа “Хаядэм” або “Хаі-Адам Геходош” (“Хайей Одом Хеходош”) (будынак не захаваўся). Стаяла на Школьным двары. Міжваенны адрас - вул. Крывая (суч. 1-я Працоўная), 7. Знаходзілася на месцы перасячэння вул. Крывой з зав. Банным, паміж будынкам школы цэха мяснікоў і Вялікай харальнай сінагогай над абрывам Гараднічанкі. Першапачаткова тут стаяў драўляны будынак школы, якая была ўзведзена ў 1858 г., але падчас пажару 1899 г. згарэла. Замест яе ў пач. ХХ ст. узведзены новы мураваны двухпавярховы будынак (захаваўся праектны план за 1900 г.). У 1932 г. адміністратарам школы быў Бер Фрыдман, які жыў тут жа. Будынак знесены паміж 1945 і 1951 гг. У 2021 г. БелНДіПІгорадабудаўніцтва распрацавала дэталёвы план развіцця і рэнавацыі гістарычнага цэнтра Гродна, які, сярод іншага, прадугледжвае адбудову гэтага аб’екта.
Школа “Хаядэм”, праект 1900 г.
Дом Капялевіча (будынак не захаваўся). Стаяў на Школьным двары. Міжваенны адрас - вул. Крывая (суч. 1-я Працоўная), 9. Прымыкаў да школы “Хаядэм”. Пабудаваны ў пач. XX ст. Уяўляў сабой вялікі мураваны двухпавярховы аб’ём з двухскатным дахам. Знаходзіўся каля Вялікай харальнай сінагогі. У 1937 г. уласнікам быў Гілель Капялевіч. У будынку знаходзілася пякарня Арона Цыгутка, крама Абрама Сламянскага. У 1944 г. падчас баёў за горад будынак быў пашкоджаны, згарэў дах. Знесены паміж 1951 і 1958 гг. У 2022 г. участак, дзе стаяў дом, выкуплены. Паводле ўмовы, інвестар абавязаны ўзвесці тут аб’ём, які будзе максімальна блізкі да страчанага.