З гісторыі гродзенскіх лазняў. Дзе і як парыліся гродзенцы ў мінулыя часы

Jul 08, 2018 11:30


Сучаснаму чалавеку амаль немагчыма ўявіць сваё жыццё без ваннага пакою, дзе можна памыць рукі, прыняць душ або памокнуць у ванне з пенай. Ванны пакой з’яўляецца неад’емнай часткай нашай, гарадской цывілізацыі. Але так было не заўсёды, прынамсі на нашай зямлі. Яшчэ некалькі дзесяцігоддяў назад асноўным, і для большасці адзіным месцам для жыхароў горада, дзе можна было памыцца, з’яўляліся лазні. Жыхары вёсак увогуле не мелі нават такой магчымасці, паколькі на тэрыторыі гродзеншчыны лазні не былі распаўсюджаны. Сялянскія лазні былі характэрны не для ўсёй тэрыторыі Беларусі, а толькі для асобнай яе часткі: басейна Заходняй Дзвіны, вярхоўяў Дняпра і Сожа, і ў цэнтральнай частцы ды на захадзе краіны з’яўляліся хутчэй выключэннем. Не былі лазні распаўсюджаны і ў нашых заходніх суседзяў: літоўцаў ды палякаў.



У лазні. Літаграфія. Расійская імперыя, 1890 г.


Лазня ў сярэднявеччы

У адрозненне ад сельскай мясцовасці, у беларускіх гарадах лазні існавалі, хутчэй за ўсё, з часоў Полацкага княства. Лазня ў тыя часы мела прыкмету элітарнасці: дазволіць сабе камфортна памыцца і папарыцца маглі толькі заможныя людзі, асабліва князі. Вядома, што вялікі князь літоўскі Вітаўт наведваў лазню амаль кожны дзень, а Ягайла - раз у тры дні. Жыгімонт І Стары парыўся кожную суботу.

З прыняццем Магдэбургскага права пачаў фарміравацца новы светапогляд у жыхароў, што ў значнай ступені змяніла адносіны да санітарна-гігіенічных нормаў. Так, у грамаце на наданне Менску Магдэбугскага права ў 1499 г., асобным пунктам дазвалялася гараджанам магчымасць пабудаваць грамадскую лазню для агульнага карыстання.

Што датычыць Гродна, дык першае вядомае ўпамінанне лазні, якая знаходзілася пры каралеўскім двары на Гарадніцы, прыпадае на сярэдзіну XVI ст. У гэты ж час узгадваюцца і прыватныя лазні ў ваколіцах горада.

Каралеўская лазня ў Старым замку


Каралеўская лазня на Старым замку. Фрагмент равюры 1600 г.

Улюбёным месцам адпачынку каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх - такіх як Стэфан Баторый, Жыгімонт ІІІ і Уладзіслаў Вазы - падчас знаходжання ў сваёй рэзідэнцыі на Старым замку ў Гродне з’яўлялася лазня, што мясцілася ў вежы над Нёманам на другім паверсе. Трапіць у яе можна было як з галерэі, што ішла з каралеўскага палаца праз браму, так і па прыбудаванай да вежы лесвіцы з боку ўнутранага двара. Як выглядала гэтая лазня знутры, мы можам уявіць дзякуючы планам XVIII ст. і інвентарным вопісам. Згодна ім, яе прастора падзялялася на тры асобныя памяшканні: сені, памяшканне для топкі печы, і саму лазню. Лазня займала большую палову функцыянальнай прасторы паверха вежы і мела чатыры вакны. Тут стаялі лавы і стол, а ў печ быў умураваны кацёл для нагрэву вады. На трэцім паверсе знаходзіўся пакой для адпачынку. У сувязі з падзеямі вайны 1654-1667 гг. лазня была закінута, а ў першай палове XVIII ст. гэты паверх ужо выкарыстоўваўся як жыллё.



Другі паверх вежы з боку Нёмана, дзе знаходзілася каралеўская лазня. План 1735-1738 гг.

Гарадскія лазні ў XVII- XVIII стст.

У XVII - XVIII стст. у горадзе многія мяшчане пры сваіх дамах будавалі прыватныя лазні. Звычайна яны ўзводзіліся ля берагоў Нёмана і Гараднічанкі, але часам - у самым цэнтры горада. Гэта непакоіла гарадскія ўлады, паколькі падобныя пабудовы з’яўляліся пажаранебяспечнымі. Так, ва ўніверсале гродзенскай вайскова-парадкавай камісіі 1790 г. указваецца аб неабходнасці пераносу лазняў з цэнтра горада на бераг Нёмана.

Як выглядала тыповая гродзенская лазня - мы дакладна не ведаем, паколькі ў інвентарах будынкаў не захавалася дакладнага іх апісання. Аднак мы можам уявіць іх выгляд на прыкладзе “дамавой лазні” ў Вільні, інфармацыю аб якой захаваў інвентар адной з мяшчанскіх сядзіб на вул. Субач, састаўлены ў 1682 г. Згодна з ім, лазня ўяўляла сабой драўлянае збудаванне, адасобленае ад жылой забудовы, з двума печкамі: першая з каменя - для пару, а другая з цэглы - для выпечкі хлеба. Унутры памяшкання стаяла вялікае драўлянае карыта з ліпы для злівання вады. На гэтай жа вуліцы, якая дарэчы знаходзілася на ўскаіне горада, лазні меліся ледзь ці не ў кожнага домаўласніка.

Лазні прысутнічалі і ў паўсядзённым жыцці гродзенскіх каталіцкіх кляштараў: у XVIII ст. сваю мураваную лазню на  левым беразе Нёмана мелі манахі францысканцы, а бернардыны - на краю бернардынскага пагорка.



Лазня бернардынаў на плане 1804 г.

Яўрэйскія лазні

Жыццё яўрэйскай абшчыны немагчыма было ўявіць без “швітца” - яўрэйскай паравой лазні, пад адным дахам з якой звычайна размяшчалася міква - басейн з халоднай вадой (дажджавой або рачной) для рытуальнага ачышчэння.



Купанне ў яўрэяў. Гравюра 1726 г. Злева паказана рытуальнае акунанне з галавой у халодную мікву, дзе адмысловая жанчына (бааніт) сачыла, каб усё адбывалася кашэрна. З правага боку паказана звычайнае купанне ў лазні і гарачая печ-каменка на заднім плане

У XVIII ст. крыніцы згадваюць аб існаванні двух яўрэйскіх лазняў. Першая з іх, “дом лазебны жыдоўскі” знаходзілася ля Гараднічанкі насупраць Школьнага двара - яўрэйскага квартала, і належала кагалу. Трэба меркаваць, што з’явілася лазня тут адначасова з будаўніцтвам сінагогі, а гэта XVI ст. (!), паколькі яўрэйскім абшчынам прадпісваецца перад тым як пабудаваць сінагогу ўладкоўваць мікву, а тая, ў сваю чагу, звычайна мясцілася ля праточнай вады.



Дом лазебны жыдоўскі на плане 1753 г.

Яўрэйская лазня была грунтоўна перабудавана ў сярэдзіне XVIII ст. пры фінансаванні невядомага мецэната, які пажадаў, каб значная частка даходу з яе ішла на раздачу мацы бедным яўрэям у Пасху. Лазня стала першай грамадскай лазняй у горадзе, дзе мог памыцца кожны жадаючы за асобную плату. Сам будынак прадстаўляў сабой г-падобнае мураванае збудаванне, дзе мелася некалькі аддзелаў, галоўнымі з якіх з’яўляліся міква і сама лазня.



Яўрэйская лазня на малюнку Н. Орды, 1860-я гг.

Да сярэдзіны ХІХ ст. будынак з’яўляўся ўласнасцю кагала, не зведваў рамонтаў і апынуўся ў вельмі занядбаным выглядзе, і таму ў 1852 г. пры садзеянні магістрата было вырашана аддаць яго ў арэнду на 10 год Даніэлю Заянцу і Зельману Эпштэйну з умовай, што тыя правядуць грунтоўную яго направу. У 1865 г. гадавы даход з лазні складаў 208 р.



Летам 2015 г пасля дажджоў ў Гараднічанцы вадой вымыла рэшткі міквы, якая размяшчалася ў яўрэйскай лазні

Другая яўрэйская лазня была пабудавана ў XVIII ст. на занёманскім прадмесці над берагам Нёмана ля пераправы і адносілася да занёманскай сінагогі. Крыніцы ХІХ ст. паведамляюць, што яна была мураваная. Да канца ХІХ ст. лазня апынулася ў аварыйным стане.



Яўрэйская занёманская лазня. Малюнак Н. Орды, 1860-я гг

У 1895 г. будынак выкупіў купец Лейба Шарашэўскі, які прыступіў да яго перабудовы, але памёр, так і не паспеўшы скончыць працы. Нягледзячы на гэта, праз год рамонт лазні быў завершаны: працамі кіраваў Саламон Андрэс, апякун маёмасці Шарашэўскага.



Лазня Шарашэўскага. Праект перабудовы. 1894 г.

Лазня была падзелена на дзве часткі: для мужчын і для жанчын. У кожным аддзяленні была свая распранальня, умывальня, парылка, а таксама міква. Акрамя таго, у асобных памяшканнях знаходзіліся ванны. Увесь комплекс атапліваўся вялізным паравым катлом, а ўся брудная вада сцякала ў калектар, затым - у пяшчана-гравійны фільтр, адкуль трапляла ў Нёман. Будынак лазні прастаяў да Другой сусветнай вайны.



Лазня Шарашэўскага. Фота к. ХІХ ст. На пярэднім плане бачна куча бярвення, якое пілавалася на дровы, каб тапіць кацёл


Лазня Шарашэўскага. Фота 1915 г.

“Казённыя” лазні ў ХІХ ст.
      У ХІХ ст. у горадзе прысутнічаў вялікі вайсковы кантынгент. Зразумела, што для ўсёй шматтысячнай групоўкі расійскай арміі лазня з’яўлялася неабходным элементам гігіены. Вядома, што ў самым пачатку ХІХ ст. найвялікшая лазня для ваенных была ўладкавана ў левым крыле Новага замка, які ў той час выконваў функцыі вайсковага шпіталя.



Месца, дзе размяшчалася лазня ў крыле Новага замка. План сяр. ХІХ ст.

Памывачныя памяшканні ўлючалі ў сябе лазню, пакой для ваннаў, тры прылазнікі, сені і памяшканне для нагрэву двух вялікіх чугунных катлоў. Тут жа знаходзіўся фумігацыйны апарат, якім травілі паразітаў.
         У 1832 г. за шпіталём дадаткова была пабудавана драўляная лазня.





Драўляная лазня вайсковага шпіталя. Малюнак Н. Орды 1860-х гг

Акрамя таго, лазня існавала ў казармах, якія размясціліся ў былым доме графа Мураўскага. Сам “па-мураўскі” будынак уяўляў сабой вялізны п-падобны двухпавярховы мураваны будынак, які быў размешчаны на вуліцы Маставой ля самай пераправы праз Нёман, і лазня знаходзілася ў паўднёва-заходнім яго крыле ля самай ракі.



Дом Мураўскага на фотаздымку пач. ХХ ст. Чырвоным колерам выдзелена вайсковая лазня.

Інвентар 1833 г. захаваў яе апісанне. Згодна з ім, лазня прадстаўляла сабой памяшканне з драўлянай падлогаю, печкаю з металічнымі заслонкамі і засоўкаю, драўлянай паліцаю з пяццю прыступкамі. У суседнім памяшканні знаходзілася пякарня.



Лазня ў доме Мураўскага, фрагмент плана 1818 г.

Яшчэ адна лазня для вайскоўцаў месцілася за домам Юндзіла, былым палацу князёў Масальскіх, на вуліцы Замкавай.

Па стандартам ХІХ стагоддзя лазня з’яўлялася неад’емнай часткай і турэмнага жыцця. У самым пачатку ХІХ ст. першы паверх аднаго з будынкаў былога па-езуіцкага калегіўма быў пераабсталяваны пад арыштанцкую лазню. Яна падзялялася на тры асобныя аддзелы: дрывотню, пакой для адпачынку і парылку.



Турэмная лазня на тэрыторыі дзядзінца былога кляштара езуітаў. Малюнак Н. Орды. 1860-я гг.



Турэмная лазня. План 1839 г.
Пасля 1836 г. пачала дзейнічаць памывачная ў памяшканнях высакароднага пансіёна пры губернскай гімназіі ў былым па-дамініканскім будынку. Цяпер былое памяшканне памывачнай размешчана ў вугле будынка, які знаходзіцца на самым перасячэнні вуліц Вялікай Траецкай і Дамініканскай). Вядома, што гарадскі шпіталь таксама меў сваю лазню.



Памывачная благароднага пансіёна пры губернскай гімназіі

Гарадскія грамадскія лазні ў ХІХ - пач. ХХ стст.

Як мы ўжо пісалі вышэй, першая публічная лазня ў Гродне з’явілася дзесьці ў сярэдзіне XVIII ст. ля Гараднічанкі насупраць яўрэйскага квартала, і з’яўлялася адзінай у сваім родзе да сярэдзіны ХІХ ст. У 1860-х гадах у горадзе дзейнічалі ўжо тры грамадскія лазні. Наведвалі іх як хрысціяне, так і яўрэі. Уладальнікам адной з іх быў “іншаземец” Траўгут Ромер, а размяшчалася яна, хутчэй за ўсё, ля вул. Падольнай на беразе Нёмана.
       Іншая лазня, якой валодаў Сідароўскі, была самай папулярнай у горадзе на той час. Размяшчалася яна ля берага Гараднічанкі на Віленскім завулку (цяпер на гэтым месцы аўтастаянка за будынкам на вул. Віленскай, 1) і мела два паверхі: першы быў абсталяваны для жанчын, а другі - для мужчын, у падземным ярусе знаходзілася міква. Уваход у лазню каштаваў так: у агульнае аддзяленне - ад 5 да 10 капеек, у асобныя пакоі - 75 капеек, і асобна 30 капеек каштавала мыццё ў ванне.
У 1890-х уладальніцай гэтай лазні была Міна Фрумкіна. У 1893 г. тут быў дабудаваны трэці паверх для “дваранскай лазні” з жаночым і мужчынскім аддзяленнямі. Будынак меў магутны паравы кацёл і спецыяльна абсталяваныя фільтры для сцёкавай вады. Характэрна, што гэтая лазня на працягу ўсяго міжваеннага часу з’яўлялася адзінай дзеючай у горадзе, і яе наведвалі як простыя жыхары, так і вайскоўцы. Цікавы з’яўляецца тое, што яна была зачынена толькі ў 1970-я гады, а сам будынак зруйнаваны.



Лазня Міны Фрумкінай на Віленскім перавулку. Праект перабудовы, 1893 г.

Таксама карысталася папулярнасцю ў к. ХІХ ст. лазня Тэафіла Камінскага (магчыма, да яго лазняй валодаў Ромер), якая знаходзілася на вул. Маставой ля паромнай пераправы. Цікава, што пад яе быў прыстасаваны палац першай паловы XVIII ст., які некалі належаў Пшэздзецкім (!). У першай палове ХІХ ст. гэтым палацам валодаў нейкі Герман, а да сярэдзіны ХІХ ст. ён апынуўся ў паўразбураным выглядзе (вынік пажару?). Недзе паміж 1861 і 1884 гг. да агульнага аб’ёму былога палаца быў дабудаваны другі паверх, які ўладальнік прыстасаваў для мужчынскай лазні, а першы - для жаночай. Тут мелася некалькі памяшканняў: распранальня, мыльня, парылка, ванны. Побач быў узведзены жылы дом і кузня. Лазня працавала да пачатку Першай сусветнай вайны.



Былы палац Пшэздзецкіх. Фота 1861 г.


Лазня Камінскага. Фота 1884 г.



Лазня Камінскага. Праект перабудовы. 1893 г.
У 1937 г. гарадскія ўлады выдзелілі грошы на ўзвядзенне новай гарадской лазні над Гараднічанкай з крытым плавальным басейнам, якая павінна была размясціцца за праваслаўным саборам, але гэтым памкненням не наканавана было ажыццявіцца з-за пачатку Другой сусветнай вайны.

Прыватныя лазні.
         У ХІХ ст. нямногія, нават самыя заможныя, жыхары маглі фінансава сабе дазволіць пабудаваць уласную лазню. Тым ня менш, мы ведаем аб наяўнасці як мінімум адной прыватнай лазні ў горадзе таго часу. Яна размяшчалася ў двары чыноўніка Аляксандра Жалтухіна на вул. Садовай ля самай Гараднічанкі (суч. Вул. Э. Ажэшкі) і прадстаўляла сабой асобны драўляны домік з чатырма памяшканнямі: сенямі, пакоем для распалу печы, пакоем для адпачынку і ўласна лазні.
Цікава, што ў к. ХІХ ст. гэты дом набыў Станіслаў Нагорскі, муж пісьменніцы Э. Ажэшкі. Цалкам магчыма, што ў згаданай лазні выпрабоўвала пару і сама вялікая пісьменніца.



Лазня Аляксандра Жалтухіна, праект 1874 г.

Гародня, Гараднічанка, лазня, Гародня на старых здымках, Нёман

Previous post Next post
Up