Яўгенія Пфляўмбаўм. Чаму?
Гляджу на сябе я чужымі вачамі -
Прыхільнымі? Не. Спачувальнымі? Не.
Стаю на астатнім няпэўным прычале,
І, можа, нікога мой лёс не кране.
«Чаму ў вас такія журлівыя вочы? -
Пытаўся Купала ці раз у Маскве, -
Ці штосьці вам сэрца гарачае точыць,
Ці гэта ў ім боль непагасны жыве?»
Тады я сьмяялася разам з паэтам,
Адказу ня маючы, як і цяпер.
Было яго слова лагодай сагрэта,
Спагаду сваю аддаваў напавер.
І я захавала яе даастатку,
І сёньня ад згадкі цяплее душа...
Пакутную ён нам пакінуў загадку -
А хто ж бы адважыўся зараз рашаць?
Аднойчы адвячоркам
...Прасьцягамі плошчаў маскоўскіх
Мая праставала туга,
І вочы адвёў Маякоўскі,
Як з грому ліхтар заміргаў.
Іван Дамінікавіч, мілы,
Я вам даравала даўно,
Вы зналіся зь іншаю сілай,
Ня з той, што бунтуе віно....