Уладзімір Караткевіч: словы з празаічных твораў пісьменніка, не зафіксаваныя ў ТСБМ
Dec 06, 2013 20:54
Шматкроп'е (...) перад дэфініцыяй асобных слоў абазначае, што разглядаецца толькі значэньне, якое не зафіксавана ТСБМ. У дужках ( ) пасьля слова-тлумачэння пазначаецца крыніца (калі такая ёсьць), у якой фіксуецца дакладнае значэньне слова. Пазнакі [НЗ], [Чорны] і г.д. указваюць на наяўнасць падобных незафіксаваных слоў у іншых аўтараў.
АДВЕРТА, прысл. Шчыра, адкрыта. - А што гэта вы са мною так адверта? - спытаў Вашчыла. БУРШАВАЦЬ, незак. Беларускі шкалярскі выраз барбарыстычнага паходжання: сябраваць, бавіць разам час, не вельмі звяртаць увагу на вучобу, але швэндацца заўсёды разам, не даючы сябра ў крыўду. Нягледзячы на нясхожасць, яны моцна буршавалі і любілі адзін аднаго. (Маці Ветру) ВАЛАК, м. Вазок для язды па балоце, які "валачыўся" без колаў. Да конавязі былі прывязаны коні, стаялі валакі, вазы і котчыя вазкі, крытыя зверху. (Маці Ветру) ГРАНЧАСТЫ, -ая, -ае. У выглядзе гронкі? Чалавека баяліся, бо ён ехаў на жылістым і быстрым коніку, быў даволі малады і, відаць, моцны і меў за поясам два пулгакі і цяжкі бязмен з гранчастай галоўкаю. (Маці Ветру) ЖАРЭМЯ, ж. Месца, дзе селяцца бабры; бабровая сяліба, якая складаецца з тоўстых сценак, утвораных з грунту і частак драўняна-хмызняковай расліннасці. [гл. выяву] Невясёлыя думкі раіліся ў галаве чалавека, калі ён ад борці выдзіраўся па ледзь прыкметных засечынах, па закінутых бабровых жэрэмях на ўзлессі. [Глядзець больш]ЗАСЕЧЫНА, ж. Тое, што і засечка; знак, метка на чым-н., зробленая сякерай, нажом і пад. Невясёлыя думкі раіліся ў галаве чалавека, калі ён ад борці выдзіраўся па ледзь прыкметных засечынах, па закінутых бабровых жэрэмях на ўзлессі. (Маці Ветру) КАЗНАТКА, ж. Цёплы жаночы каптан. Агонь скупа асвятляў яе зграбную, трошкі цяжкую постаць, цёмную казнатку і рантух, які ляжаў на плячах і падаў стуль амаль да зямлі. (Маци Ветру) КАРЭНІК, м. Вулей, выдзеўбаны ў выкарчаваным пні. Палазнікі, што выдзіралі мёд, відаць, год дзесяць не былі тут, і пчолы пакінулі старыя карэнікі, што яшчэ віселі на дрэвах. (Маці Ветру) КАСМАТАНОГІ, -ая, -ае. З касматымі нагамі. Міма праляталі чорнай хмарай пад дзікі роў бубнаў смілавіцкія татары на касматаногіх коніках... (Маці Ветру) КОІЦЦА, Стрымлівацца, суцяшацца. Кoіцца мярзота страшэнная. Душыць людзей - гэткая поскудзь! (Маці Ветру) КОТЧЫ, -ая, -ае, у выразе: КОТЧЫ ВАЗОК - кібітка. Да конавязі былі прывязаны коні, стаялі валакі, вазы і котчыя вазкі, крытыя зверху. (Маці Ветру) ЛЕЗІВА, н. Дапаможная самаробная снасць для лазання. "Вось так і наша краіна, - падумаў чалавек. - Палазнікаў няма, лубкі вісяць пустыя, сапрэлі лезівы, што дапамагаюць бортніку лезці на дрэва, куніцы прагныя ядуць мёд, разляцеліся працавітыя пчолы. (Маці Ветру) ПАЛАЗНІК, м. Адмыслова прызначаны чалавек, які збіраў мёд з борцяў, залазячы на дрэвы. Палазнікі, што выдзіралі мёд, відаць, год дзесяць не былі тут... (Маці Ветру) ПАЧЫНАК, м. ... Невялікі хутар. Было ўжо добра поначы, калі дрэвы пачалі радзець і ён пабачыў цьмяную істужку Сожа, лугі і невялічкі хутар, або, лепей сказаць, пачынак, хат на дваццаць, што прыткнуўся непадалёку ад узлесся. (Маці Ветру) ПАЮК, м. Асабісты страж магната, служка, салдат прыдворнай гвардыі. Звычайна такі загон узначальваў паюк з павязкай колеру герба на галаве або нават сам пан у жупане і кунтушы паверх яго. (Маці Ветру); Ад заўсёднага мяса без солі аж вараціла, і ўвесь час думалася, а што будзе зімою, калі Нёман укрыецца лёдам, калі звяры адкачуюць у нечапаныя пушчы, а сляды будуць заставацца на снезе, а значыць, у кожны момант цябе могуць спаймаць панскія паюкі. Што будзе тады? (Хрыстос прызямліўся ў Гародні) ПАМЕТНАЕ, н. ?? Судзiцца - засудзяць, а выйграеш справу - плаці "паметнае" суду гэткае, што лепш бы прайграў. (Маці Ветру) ПАНВА, ж. Гліняная скавародка. Непрыкметна з'явілася жанчына, паставіла на стол гліняную панву са смажанай міронай, талерку з ласіным языком у воцаце, сотавы мёд і "ўдаву"... з горкім траўнікам. (Маці Ветру) ПУЛГАК, м. Стрэльба сярэдняй велічыні. Гэты свінтух зараз такі п'яны, што не зможа трымаць пулгака. (Дзікае паляванне караля Стаха); Чалавека баяліся, бо ён ехаў на жылістым і быстрым коніку, быў даволі малады і, відаць, моцны і меў за поясам два пулгакі і цяжкі бязмен з гранчастай галоўкаю. (Маці Ветру) РАНТУХ, м. Доўгая хустка, якую насілі на галаве або на грудзі, з імпартнага палатна або сукна, вышытая ядвабнымі рознакаляровымі ніткамі. Агонь скупа асвятляў яе зграбную, трошкі цяжкую постаць, цёмную казнатку і рантух, які ляжаў на плячах і падаў стуль амаль да зямлі. (Маці Ветру) РУБОК, м. Тонкая жаночая вопратка. Рубок яе быў блакітны, рука з тонкім залатым пярсцёнкам ляжала ў руцэ суседа, тонкі шлягавы вянок прыгожа падтрымліваў дзіўнай прыгажосці залатыя валасы. (Маці Ветру); А на плячах быў тонкі рубок з белага табіну. (Дзікае паляванне караля Стаха) РАСОЛАВЫ, -ая, -ае. Чырвоны з пунсовым адлівам (колер). Міма праляталі чорнай хмарай пад дзікі роў бубнаў смілавіцкія татары на касматаногіх коніках, паволі ехалі панскія загоны, часам ехалі ўзброеныя гайдукі ў чакменях расолавага колеру з рацішчамі і шаблямі. (Маці Ветру) РАЦІШЧА, н. Тое, што і рагаціна (знач. 1). Міма праляталі чорнай хмарай пад дзікі роў бубнаў смілавіцкія татары на касматаногіх коніках, паволі ехалі панскія загоны, часам ехалі ўзброеныя гайдукі ў чакменях расолавага колеру з рацішчамі і шаблямі. (Маці Ветру) ТРАЎНІК, м. ... Настойка на травах. Непрыкметна з'явілася жанчына, паставіла на стол гліняную панву са смажанай міронай, талерку з ласіным языком у воцаце, сотавы мёд і "ўдаву"... з горкім траўнікам. (Маці Ветру) ЦЯСІНА, ж. ?? Коннік пабачыў вялізную хату, крытую цясінай, каля яе сад і цёмныя плямы нейкіх дваровых будынкаў. (Маці Ветру) ЧАКМЕНЬ, м. Верхняе мужчынскае адзенне ў цюрскіх народаў і казакоў. Міма праляталі чорнай хмарай пад дзікі роў бубнаў смілавіцкія татары на касматаногіх коніках, паволі ехалі панскія загоны, часам ехалі ўзброеныя гайдукі ў чакменях расолавага колеру з рацішчамі і шаблямі. (Маці ветру) ШАРУДЗЕЦЬ, незак. ?? - У суботу пан будзе гуляць у карты спакойна, пад падлогай ніхто не будзе шарудзець. (Карней-мышыная смерць); А пад зямлёю, што піла ў апошнія часы не дажджы, а кроў страчаных, нешта рухалася і імкнулася прабіцца на свет і пакуль што толькі шарудзела. (Маці Ветру) ШЛЯГАВЫ, -ая, -ае. ?? Рубок яе быў блакітны, рука з тонкім залатым пярсцёнкам ляжала ў руцэ суседа, тонкі шлягавы вянок прыгожа падтрымліваў дзіўнай прыгажосці залатыя валасы. (Маці Ветру)