Максім Гарэцкі: словы з твораў пісьменніка, не зафіксаваныя ў ТСБМ

Dec 05, 2013 11:08

Шматкроп'е (...) перад дэфініцыяй асобных слоў абазначае, што разглядаецца толькі значэньне, якое не зафіксавана ТСБМ. У дужках ( ) пасьля слова-тлумачэння пазначаецца крыніца (калі такая ёсьць), у якой фіксуецца дакладнае значэньне слова. Пазнакі [НЗ], [Чорны] і г.д. указваюць на наяўнасць падобных незафіксаваных слоў у іншых аўтараў.

БАЖАЦЬ, незак. Хацець, жадаць. І толькі гэты "святы" Хлімон прасіў пачытаць, бажаў паслухаць што-небудзь "бажэственнае"... (У лазні)
БЕРАЖОК, м. Край (вядра). Клімаў бацька пайшоў к панаўцы, зачэрпнуў асцярожна беражком вядра, каб не замуціць саўсім, мутнае з лёдам вады... (У лазні)
[Глядзець больш]ЖАРЫНЯ, ж. Жар, задуха. Жарыня была наверсе, як у пекле. (У лазні)
ЗАПЫШЭЦЬ, зак. Заганарыцца, зафанабэрыцца. І што ні ступнеш - чуеш дурацкае: "Запанеў, запышэў, гардзіцца". (У лазні)
КОЖНАГОДНА, прысл. Кожны год. Лес пад бокам, жыды ў пана адваявалі яго за даўгі і прадаюць колькі гадоў; і сяляне, кожнагодна пускаючы на гарэлку пубельчыкі і жывучы сярод лесу, маюць лазню... (У лазні)
МЯЛЛЁ, н. Тое, што і мялле.  Прымыльнік быў плятнёвы, і скрозь пляцень дуў вецер. Пад нагамі - мяллё. (У лазні)
НЕХАЛЮЗЫ, -ая, -ае. Неахайны. А побач з Клімам два нехалюзыя хлопчыкі сварыліся за нешта. (У лазні)
ПАНАЎКА, ж. Палонка. Чаму ж табе не схадзіць у лазню? Праўда, гразнавата яна, вады цёплае саўсім няма, а халодная ў панаўцы на канаве надта мутная... (У лазні)
ПАЎЧАЎХІРАЧКІ, прысл. ?? - Ого-го-го-го! - рагатаў нехта, лезучы на палок. - Паддай, паддай... Яшчэ горстачку... ліні паўкружачкі на печ... Братцы, аджалейце паўчаўхірачкі... Духу мала, духу няма, гэй духу! (У лазні)
ПЕРАКУЛДЫКНУЦЦА, зак. ад гукаперайм. "кулдык". Перакувырнуцца, пераскочыць. [параўн. "чамярахнуць" ад "чамярах" у К. Чорнага] Троху пагадзя і ён перакулдыкнуўся цераз пень, і - дадушы, не лгу, сам Панас казаў, - і ён пабег ваўком. (У лазні)
ПРЫМАЧ, м. Чалавек, прыняты ў новае асяроддзе. ...а хай бы яны пабачылі боль сэрца і смутак душы ў мяне, прымача ў "панстве" і пасынка вёскі... (У лазні)
ПРЫМЫЛЬНІК, м. Тое, што і прылазнік. Там ён кумільгом укаціўся ў прымыльнік і сказаў дыскантам... (У лазні)
РАСКІРАЧЫЦЬ, зак. Тое, што і раскарачыць, шырока расставіць (ногі). Каля сценак ляжалі, раскірачыўшы ногі, самадзельныя мяліцы. (У лазні)
РАСПРАТЫВАЦЦА, незак. Распранацца. А той, убачыўшы там старых, каторыя распратываліся, а іншыя аддыхалі на мяліцах, папарыўшыся даволі, сказаў... (У лазні)
УДВОРУ, прысл. Дадому; у свой двор, хату. ...казённы стыпендыянт Клім Шамоўскі, к калядам прыехаў удвору і ўжо другі тыдзень жыў... у роднай вёсцы Мардалысаве. (У лазні)
ХНЫКАЦЬ, незак. Хадзіць, блытацца. - Братцы, што гэта, я ж акалеў саўсім: кажыце, хто ўзяў мае штаны? - пытаўся дзядзька Якуб, хныкаючы з лазні і назад у аднэй кашулі. (У лазні)
ЦЁПАЦЦА, незак. Біць сябе венікам. - Во калі ашалелі мужычкі! - мудрыў салдат Какста, цёпаючыся венікам. (У лазні)

+ТСБМ, Максім Гарэцкі

Previous post Next post
Up