Originally posted by
vital_stan at
Сакрэты фокусаў. Як з англійскага "h" атрымліваецца беларускае "г" (коратка) Пэўныя людзі цікавяцца, чаму ў тэкстах Белсата або ў тэкстах на "новакласічным" правапісе, а таксама ў самім зборніку БКП-2005 англійскае "h" перадаецца як "г". Маўляў, там не чуваць "г". Часта даводзілася чытаць характарыстыкі, што спрэчка пра перадачу англійскага "h" - "рэлігійная".
І сапраўды, адрозненняў з беларускім "г" больш, чым падабенстваў. Беларускі "г" - заднеязычны, англійскі "h" - гартанны. Да таго ж, ён класіфікуецца яе глухі (Voiceless glottal fricative)
http://en.wikipedia.org/wiki/Voiceless_glottal_fricative, за выключэннем выпадкаў паміж галоснымі у рамках Received Pronunciation (оксфардскае, нарматыўнае, "культурнае" вымаўленне), і тады ён - звонкі (Voiced glottal fricative,
http://en.wikipedia.org/wiki/Voiced_glottal_fricative).
Падчас абмеркавання інструкцыі па практычнай транскрыпцыі, распрацаванай сп. Саўкам, даводзілася чуць, што дрэнна па-англійску прамаўляць "h" як "х", бо англафон адразу чуе акцэнт і яму рэжа вуха. Цікавая заўвага, але беларускае "г" такое ж заднеязычнае, як і "х", і англафону будзе рэзаць вуха і "г". Да таго ж, мы кажам пра адваротны, англійска-беларускі кірунак, пра задачы транскрыпцыі на беларускую і для беларусаў. Праблемы тых, хто хоча правільна размаўляць па-англійску, тут ні пры чым, хай вучаць фанетыку, трэніруюць артыкуляцыю. Тым не менш, у пэўных удзельнікаў абмеркавання ўзнікла цвёрдая асацыяцыя "гартанны h" <--> "беларускі г" у абодвух кірунках. Нават калі ім давалі праслухоўваць англійскае, выразна глухое h, можна было назіраць, як яны агучваюць свой ход думкі "ну тут жа h [ідзе дэманстрацыя гартаннага гуку], яно гартаннае, таму робім г". Практычна, не было простага ўспрымання на слых, было ўспрыманне з апрацоўкай і дадумваннем.
Спадару Саўку, рэдактару Белсата і сааўтару БКП-2005 былі паказаныя гэтыя класіфікацыі. Болей таго, разам з ім мы праслухоўвалі прыклады на
http://forvo.com/, дзе звонкасць можна пачуць хіба ў тых інтэрвакальных пазіцыях. І вось аднойчы яму было зададзена пытанне, ці пераканала гэта яго, і сп. Саўка адказаў, што для яго гэта не мае значэння, бо ён будзе рабіць так, каб захаваць сувязь з беларускай лацінкай (нагадаю, у ёй h - гэта г). Вось такі цікавы паварот. То-бок, усе аргументы пра гучанне, вымаўленне і да т.п. - усё гэта было для праформы. Сп. Саўка ведае, што анг. h не гучыць звонка заўжды, перадача анг. h як г абгрунтоўваецца зусім іншымі матывамі.
Рэзюмэ: вы лічылі, што анг. h на слых далёкае ад г? Вы не памыляліся, яго перадача як г не звязаная з вымаўленнем.
UPD: Ніжэй прыводжу матэрыялы на тэму фрыкатыўнага "г" ў рас. мове. Гэта важна, бо сп. Саўка вельмі часта ў якасці універсальнага контраргумента выкарыстоўвае формулу "нешта - няправільнае, бо гэтак у расейскай мове", маўляў, у нас абавязкова павінна быць наадварот. У гэтым выпадку вынікам маніі ўплыву стаў тэзіс, што анг. h расейцы перадаюць як х, бо няздольныя ідэнтыфікаваць звонкі фрыкатыўны гук, маўляў, яго ў іх няма.