Шмат разоў задумваўся над тым, чаму ў песнях пра каханне час ад часу ўзгадваецца каліна. Ці мала ягад якіх ёсць яшчэ на свеце?
Калі ўключыць логіку, то можна зрабіць такую выснову: каліна - ягадка прывабная - заклікае да сябе сваёй чырванню і прыгажосцю. Чалавек у захапленні ляціць да яе, прагне!.. ііі ХАП! З'еў і скрывіўся. А мо і сплюнуў адразу :) Не гледзячы на тое, што ягада багатая на вітаміны, смак яе не кожны здольны вытрываць - горкая. Гэта ўсё тычыцца лагічных пошукаў разгадкі.
Але прыйшоў аднойчы зімовы светлы дзень, калі я сарваў вуснамі з куста адну такую прыгажуню, выціснуў з яе ў паднябеннях сок і выплюнуў на снег тое, што ад прыгажуні засталося. А-ёй-я-ёй!!! Што гэта на снезе!? А гэта разгадка :)
Семкі каліны адна ў адну - ружова-чырвоныя сардэчкі! Яны вельмі шыкоўна выглядаюць ўзімку на снезе і ў розных самаробных варыяцыях-сувенірах, якімі адорваеш сваю каханую або каханага. Карыстайцеся падказкай, калі ласка. Сейце вечнае :)