Nov 06, 2009 15:01
...Бр-р-р... Холад сабачы!
Праўда, сёння ўжо не так зімна, як два дні таму... (Бывалы Талмач смачна зацягнуўся ад свае люлькі і задумліва зірнуў ў вакно. Па твары відаць, што позірк яго накіраваны ўдалячынь, але не тую, што можна разгледзець праз шыбіну, а тую, што схавана глыбока ў недрах яго памяці...)
Ну, садзіцеся шчыльней, ды не перапыняйце... (паправіў плед на каленях).
Неяк перакладаў я пры шэф-мантажных работах. Тэхніка нямецкая, прыгожая... Натуральна, прыехалі і самі немцы. Іх было двое: адзін, паўнаваты, за галоўнага, другі - з барадой - мантажнік. А холад, брат ты мой, тады пачаўся - восень адным словам. А ў памяшканні, як у нас водзіцца, халадней, чым знадворку. А гэтыя ж гаўрыкі прыехалі, быццам з Гаваяў. Ну і вынік не прымусіў сябе чакаць: барадаты пачаў кашляць, а потым і затэмпературыў. У нас жа - як? Народ добры, дарадлівы... Ну вось у аднаго слесара сэрца і прышчаміла ад відовішча хворага госця. Ну і параіў немцу (вядома ж праз мяне) адзін цуда-сродак. Рэцапт да геніяльнага просты, ды да шчымлівасці знаёмы: водка з перцам - і спаць. За ноч, маўляў, як рукой! (Бывлы Талмач пыхнуў у столь кольцам дыму)
... немца не было некалькі дзён. А калі вярнуўся, твару на ім ані не было. Бы той зялёны чалавечак... А народ жа ў нас спагадлівы, чулы... Што? Казаў ужо? А... Ну дык вось. Сабраліся, абступілі гаротніка і давай выпытваць, што ды як. Трэба сказаць, што смеласці немцу не займаць: распавёў усё, як на духу. Відаць таму, што “лекара” сярод мужыкоў не было.
Я, кажа, зрабіў усё, як параіў слесар (я - дык яшчэ падумаў, як можна было скарыстацца той парадай, калі пра дазіроўку не было сказана ані слова?). Ну і сыпануў ад душы (а ў немца яна, брат, таксама можа быць шырокай, калі гутарка зойдзе пра ўласнае здароўе): на чарку водкі чайную лыжку молатага перцу! (з грудзей Талмача вырваўся ўздых)
... панос вар’яцтваваў усю ноч напралёт. Ды і ванітавала - траха вантробы не павыскаквалі! Тры рулоны туалетнай паперы... А яшчэ тэмпература ад прастуды... Заснуць змог толькі пад ранак.
Але ж аказаўся моцным мужыком - выскрабся.
А аповед гэты перапыніў той самы слесар, што прыйшоў праведаць свайго пацыента. І са словамі: “Я тут табе ад хваробы малінніку сушанага ад цешчы прывёз...” выцяг з-пад пахі пук сухіх дубцоў. Перакласці да канца я не паспеў...
Потым яшчэ доўга госць, працуючы, не-не ды і азірнецца апасліва, быццам нешта яму памроілася...
На сёння - усё, беражыце сваё здароўе!
Байкі Бывалага Талмача