Jun 13, 2010 23:47
Па шляху на загарадную вечарынку завітаў у "дачны кааператыў", дзе калісьці правёў добрую частку свайго дзяцінства. Месяцамі мог там знаходзіцца і пры гэтым атрымліваць неверагоднае задавальненне ад тусовак з тамтэйшымі сябрамі. Калі ж лецішча неўзабаве прадалі, здавалася ад мяне адрываюць кавалак жыцця, цяжка перанес я гэтае развітанне. І вось праз гады выбраўся зірнуць, што ж там зараз адбываецца. Яшчэ з узгорку забачыўшы знаёмыя абрысы шыферных дахаў - патрапіў пад уплывы чэпкай настальгіі. Сэрца папярэдзіла, што будзе рвацца на брытанскі сцяг і прапанавала круціць педалі павольней. Але не паспеў адарвацца і першы лапік, як усё кудысьці знікла. Гэтыя шчыльна збудаваныя на шасці сотках нязграбныя хаткі, горы рознага ламачча з якога чаго толькі не майструюць, вуліцы вузкія настолькі, што нават не ўяўляю як на іх раз'язджаюцца аўтамабілі... І публіка, публіка проста свідруе вачыма. У двары майго былога дома загарала цела, якое цяжка паддавалася гендэрнай ідэнтыфікацыі, але пільна сачыла за ўсімі маімі рухамі - тлустая кропка на салодкіх успамінах. Непрыемная атмасфера. Уся гэта гісторыя падказвае толькі адно: пара забыцца на мінулае і пачаць жыць сучасным.