Мінулы тыдзень быў ударны, асабліва выходныя. Былі госці, спазнаваў разам з імі Вену, а заадно адведаў Браціславу і - чарговым разам - Брно. Дзякуй вам, госці, з вамі весялей, дый зрабіў многа таго, што адзін не сабраўся б.
Калі не лічыць тэлефанавання дадому, то найвялікшы прыток гармонаў шчасця адбыўся ў суботу ўвечары. Усе ў інэце толькі і трындзяць, што пра "Басовішча" ці пра "Вольнае паветра", вось і ўва мне прачнуўся меламан і мне таксама захацелася эстэтычных перажыванняў. Канцэрт быў піцерскай фраўэнгруп "Іва Нова", пра якую я ніколі ў жыцці не чуў, але за 2 гадзіны яна здолела патрапіць у спіс маіх фаварытаў.
Па-першае, - мая музыка (зараз будзе закос поўнага прафана пад знаўцу): прыпанкаваны фольк-рок з рознымі эксперыментальнымі штучкамі.
Па-другое, - я па натуры фемініст, таму адразу 5 музыкаў жаночага полу лашчылі не толькі вушы, але і вочы.
Па-трэцяе, - прафесійная праца, якая прыносіць радасць і выканаўцам, і слухачам: ніякай халтуры, ніякай банальнасці і музычных клішэ, многа знаходак і сольных партый, чыстыя галасы.
Па-чацвёртае, - адсутнасць маскальскіх замашак і гулліва-інтэлігентныя тэксты, у т.л. па-ўкраінску, па-грузінску і г.д.
Прыкупіў дысочак, паціху слухаю. Калі раптам хто зацікавіўся, можна пару песень паслухаць
вось тут. Або зазірнуць у кам'юніці:
iva_nova_band.
Як кажуць у "Полі чудзес", карыстаючыся выпадкам, хачу перадаць прывітанне дарагім
tacia і
foozz, якія , не выключаю, маглі сустрэць Іва Нову на нейкіх там Халмах або ў Трэнчыне, а таксама
hornyphon, які пэўна ж прысутнічаў на канцэрце Іва Новай, калі тая ставіла на вушы Лінц.