З пятнічнага вечара да панядзелка вельмі душэўна пабылі ў Вугоршчыне. Абавязковыя закупы на крытым рынку, не менш абавязковыя прагулкі па Будзе. Сустрэліся з Дэнэшам, які нас узяў на заключны дзень літаратурнага фестывалю: там жыўцом пабачылі, напрыклад, Дубраўку Угрэшыч або Крыстыну Тот, зацанілі слэм пад музыку па-вугорску. Яшчэ ў праграме былі ўражлівы музей тэрору і шыкоўная рэлаксацыя ў тэрмальных спа Сэхеня ў гарадскім парку. Дарогай назад спыніліся, прагуляліся і як след агледзелі Вышаград і Эстэргом. Уражанні вельмі пазітыўныя.
Каторы раз быў у Будапешце - так і не змог дакладна прыгадаць. Здаецца, шосты. Радуе, што ў Вугоршчыне ўсё больш асвойваюся, неўзабаве мо і штамгастам у ёй зраблюся.
У астатнім усё паціху. Учора прайшло апошняе сцэнічнае чытанне, праз пару гадзінаў апошняя пара па кантрастыўным аналізе ўсходнеславянскіх моваў, заўтра-паслязаўтра ў Празе і Браціславе перакладаю дыскусіі з Рыжковым.
А ў Брне падаюць сняжынкі, тэмпература каля нуля.
Карцінка з паездкі,
больш тут.