Аляксандр Рыгоравіч вельмі часта апошнім часам узгадвае пра польскія мапы з мяжой пад Мінскам. Дзякуй таму добраму чалавеку, хто падсунуў пад нос афіцыйнаму лідару дакументы з 1920-х гадоў, але варта яшчэ было патлумачыць, што да чаго. Бо таварыш прэзідэнт заблытаўся. Невядома, чаму палякі тым разам спыніліся пад Мінскам, можна было б не паўтараць больш памылкі Рамана Дмоўскага.
А між тым, Мінск мог стаць у 1921 годзе сталіцай ваяводства Другой Рэчы Паспалітай. Такая была воля кіраўніка польскай дзяржавы Юзэфа Пілсудскага, што выйграў польска-бальшавіцкую вайну. У ягоных планах было стварэнне беларускага кантону ў РП. Але тыя планы ніколі не былі рэалізаваныя. Застаецца толькі разважаць, што магло б быць з Беларуссю, калі б яе большая, а не меншая частка аказалася ў «панскай» Польшчы 1920-1939.
Польская палітычная эліта парламенцкіх 20-х гадоў падзялялася на «крэсавякаў» і «цэнтралаў». «Крэсавякі», «рамантыкі» - лагер Пілсудкага, сацыялісты, прыхільнікі Польшчы як культурнага і гістарычнага паняцця. Ім марылася пра адраджэнне былой слаўнай шматнацыянальнай РП, што абапіралася б сваёй украінскасцю і беларускасцю на польскую культуру. Рэч Паспалітая, якой яе бачыў Пілсудскі - гэта абаронца Еўропы перад рускай навалай.
Лагер апанентаў узначальваў Раман Дмоўскі, стваральнік канцэпцыі Польшчы нацыянальнай. Ён усведамляў сабе, што памкненні Пілсудскага нерэалістычныя, бо сама этнічныя землі палякаў пасля трох падзелаў вельмі розныя, каб існаваць у адной дзяржаве. І дзяржавы гэтай з дадатковымі украінскай і беларускай праблемамі можа проста не ўтварыцца. На дадатак, Беларусь і Ўкраіна былі ў параўнанні нават з былым Царствам Польскім адсталай правінцыяй. Дмоўскі меркаваў, што найбольшы вораг Польшчы - Германія, а Саветы - часовая з'ява ў Расіі, таму іх трэба проста перачакаць, каб пасля знайсці на ўсходзе падтрымку ў магчымым канфлікце з Берлінам. Паводле Дмоўскага, Польшча - гэта толькі землі з польскамоўнай большасцю.
Выйграла канцэпцыя Дмоўскага. Мінск, што спачатку планавалася забраць у склад Польшчы, пакінулі Савецкай Расіі.
Подпісы пад дакументам савецкая і польская дэлегацыя паставілі 18 сакавіка 1921 году. Выніковы дакумент шмат хто з польскіх эліт не падтрымаў, у тым ліку, былы міністр замежных спраў, што таксама прысутнічаў на перамовах - Леон (Лявон) Васілеўскі. (Што цікава, сям'я ягонага бацькі паходзіла з-пад Віцебска, а «славутая» польская камуністычная дзяячка Ванда Васілеўская - ягоная дачка. Сталін аднойчы выказаўся пра іх сям'ю: «бацька - не наш сукін сын, а дачка, - дачка наша»). Аўтар брашуры «Успаміны з польска-рускай рыжскай мірнай канферэнцыі» (1938), былы дэпутат Сойму ІІ РП Міраслаў Абязерскі пісаў, што ключавую ролю ў «адданні» Мінска Саветам адыграў Станіслаў Грабскі, будучы прэм'ер ІІ РП і фінансавы геній, «бацька» польскага злотага. Што было прычынай? Грабскі «баяўся беларускага асяроддзя агітацыі».
Адным з тых, хто акрэсліваў Рыжскі трактат як здраду, быў філосаф, пісьменнік Марыян Здзяхоўскі. Ён нарадзіўся ў Ракаве, вучыўся ў гімназіі ў Мінску. Сябраваў з Пілсудскім, і пэўны час узначальваў Віленскі ўніверсітэт.
У сваіх успамінах з нагоды гадавіны Рыгі Здзяхоўскі піша: «Дадатковы трагізм сітуацыі палягае на тым, што ў войскі нашыя запісваліся тысячы ахвотнікаў з мяшчанаў, дробнай засцянковай шляхты Мінскай губерні, бо мы пераконвалі іх у тым, што яны толькі з намі могуць быць упэўненыя, што ніколі не будзе над імі бальшавіка. І што з таго? Тых людзей і іх сем'і напаткае крывавая помста, а мы, ілжывыя дарадцы заслужым толькі іх праклёны.»
Сёння можна толькі падзівіцца, як добра прадбачыў далейшыя падзеі Раман Скірмунт (той самы, што быў непрацяглы час прэм'ерам БНР) На паседжанні зямян (прадстаўнікоў дробнай шляхты) з Белай Русі ў Варшаве 24 кастрычніка 1920 (!) году Скірмунт зазначаў: «Грабскі будзе ў будучыні называны не інакш, як бацькам руху за аб'яднанне Беларусі, бо абедзве часткі падзеленага краю заўсёды будуць імкнуцца злучыцца. Толькі Польшча валодае меншай часткай, ды і сэрца - Мінск застаўся на баку Саветаў. Таму будучы рух будзе выразна прасавецкі. Але раней беларускі рух, якога так збаяўся пан Грабскі, не быў для Польшчы страшны, бо звяртаўся да польскай культуры, у ёй шукаў падтрымкі, ад яе чарпаў заходняе, з ёй імкнуўся парадніцца. А цяпер беларускасць стане інструментам палітыкі будучай Расіі і абернецца лязом, скіраваным у бок Польшчы.»
Не варта ўзгадваць, на колькі мелі рацыю абодва шаноўныя паны.
На фота: Юзэф Пілсудскі ў Мінску.