Турма vs. Сям'я 1:0

Feb 05, 2012 16:16


Данута Валэнса - жонка першага прэзідэнта Польшчы, што перад гэтай высокай пасадай быў лідэрам апазіцыйнага руху "Салідарнасць", напісала кнігу аўтабіяграфічных успамінаў.  Валэнсова ўвесь час асацыявалася з "хатняй курыцай", бо не выходзіла за межы славутага "жаночага" трыкутніка (кухня, дзеці, царква) . У сваёй жа кнізе яна першая з жонак былых апазіцыйных дзеячаў задаецца пытаннем: а ці была грамадская дзейнасць яе мужа этычнай з пункту гледжання іх сям'і? Ці мог ён перакінуць на плечы жонкі не толькі цяжар выхавання дзяцей, але яшчэ і псіхалагічны, звязаны з ягонай апазіцыйнасцю: у сацыялістычнай Польшчы Валэнса адседзеў не адзін турэмны тэрмін. 
Сучасная Беларусь таксама багатая на вязняў сумлення, адзіным "грахом" якіх з'яўляецца нязгода з дзяржаўнай палітыкай. 
Але гэтая праблема ў Беларусі мае шэраг дадатковых асаблівасцяў. Валэнса меў у Польшчы маральную падтрымку большасці сваіх суграмадзян. Нашае ж постсавецкае грамадства баіцца якой-кольвек праявы ініцыятывы, бо за яе спрадвеку каралі. Не адно пакаленне вырасла паводле прынцыпу "Не выхіляйся, абы чаго не выйшла". 
Разам з тым, большасць беларусаў прывыкла асуджаць сваіх ініцыятыуных суайчыннікаў. Або ніяк не рэагаваць на іх, быць абыякавымі. 
Праз усё вышэйузгаданае беларусы мала схільныя верыць у нейкія аўтарытэты, тым больш тыя, што вызнаюць нейкія незразумелыя для іх каштоўнасці. Палітыка ж - першы такі абшар, дзе не толькі ўлада не мае ўяўлення пра існаванне нейкай этыкі, нормаў, прынцыпаў, але і шараговыя беларусы. Ды і не надта яны задаюцца такімі пытаннямі, абы чаго не выйшла. 
Для некаторых нязломнасць палітвязняў у турме -  праява гераізму, якім трэба ганарыцца. І яно сапраўды так ёсць. Але цэняць яго адзінкі, і зменіцца не адно пакаленне, пакуль прагматычная ды прыземленая беларуская  большасць асэнсуе вартасць нязломнага сумлення і асабістага гонару чалавека, які хоча быць свабодным. 
Таму, быць можа, варта людзям, што хочуць называцца беларускімі палітыкамі, перастаць мерыць свой унёсак у беларускую справу працягласцю турэмнага зняволення. Калі ёсць магчымасць скараціць яго, нават  падпісаўшы прашэнне да сумнавядомай асобы, што на вялікі жаль трымае пад сваім кантролем Беларусь - варта падпісаць. Нічога ганебнага ў гэтым няма. Паперка не азначае змены перакананняў. Алесь Міхалевіч ёсць тут яскравым прыкладам. Затое хуткае вызваленне азначае пагаджэнне хоць у нейкай ступені  інтарэсаў сем'яў палітзняволеных і .... ўсяго беларускага грамадства. Для апошняга таксама было б
больш прадуктыўным,  каб замест нейкіх незразумелых (на жаль) для большасці ўчынкаў, Саннікаў, Статкевіч, Бандарэнка і іншыя былі на волі і дзяліліся сваімі поглядамі з як мага большай колькасцю суграмадзян. Беларускія турмы - не Бастылія, сучасныя беларусы - не французы. Здаецца, гэтае сцверджанне не трэба нікому даказваць і тлумачыць. 

Менск, БССР, Мінск, Минск, паралітыка

Previous post Next post
Up