Tripel Karmeliet

Feb 01, 2012 00:55



Мой хуткі двухдзённы адпачынак ад рэчаіснасьці я вырашыў правесьці ў Варшаве, дзе пабыў у гасьцях у старага сябра Васі, зьнянацку трапіў на канцэрт N.R.M. і, канечне ж, затарыўся піўком у Arkadia. Ля паліцаў зь півам я правёў большую частку часу ў гіпэры: было вельмі цяжка выбраць, што ўзяць, калі прадаецца сотня рэдкіх гатункаў. Стаўку зрабіў у асноўным на бэльгійскія трыпелі і бокі. Першы ў аглядзе - Tripel Karmeliet.

Паводле флямандзкамоўнай вікіпэдыі, гэты гатунак вырабляецца з 1996 году, хаця кармэліты вараць яго з 1679 году. Піва сьветлае, вельмі моцнае (8,4%), верхняга браджэньня, варыцца з сумесі пшаніцы, ячменю і аўса. Адразу як адкаркоўваеш бутэльку ў паветра вырываецца моцны пшанічны арамат, але потым ловяцца ноткі грушы, палявых кветак і асабліва мёду. Смаг лёгкі, сухі, салодкі, нават ванільна-бананавы. Піва вельмі прыемна кладзецца ў страўнік і расплываецца па целу цяплом. Ніякага намёку на сьпірт тут няма, гэтыя аццкія 8,4% зусім не адчуваюцца. «Послевкусіе» (рэбзя, а як па-беларуску гэты тэрмін будзе?) ненавязьліва-салодкае. Манахі-кармэліты ведаюць, як зрабіць смачны напой! Зрэшты, паводле той жа вікіпэдыі, Tripel Karmeliet у 2008 годзе атрымаў статус лепшага піва верхняга браджэньня па вэрсіі брытанскага часопісу Beers of the World. І гэта ня дзіўна!

beer

Previous post Next post
Up