Санкт-Пецярбург

Apr 14, 2011 22:14

У гэтыя сумныя дні вырашыў узгадаць беззаботную вандроўку на ўсход… У Санкт-Пецярбургу я быў упершыню. Галоўнае ўражаньне, якое склалася ад гораду: зімою - ні нагою. Хоць у тыя сакавіцкія дні сонца раз-пораз выглядвала, але большасьць часу было вельмі халодна, часам накрываў моцны сьнегапад, а шквальны вецер ледзь ня зносіў з ходнікаў. Другое галоўнае ўражаньне - ўсё вельмі дорага. У цэнтры танна паесьці-папіць досыць складана. У «Кофехауз» можа ня быць кавы, затое прымітыўны бутэрброд будзе каштаваць 18К на нашыя. Вай-фай знайсьці ўвогуле раскоша!





Вуліцы на выходных пустэльныя і толькі на Неўскім віруе жыцьцё: натоўпы турыстаў са сьцяжочкамі і біркамі зь імёнамі, турыстычныя аўтобусы, таўханіна ў сувэнірных крамах, раздатчык рэклямы інтымных паслугаў. А галоўны мінус халадэчы ў тым, што ўсе дзеўкі ў палітонах і цалкам захутаныя - эстэтычнага задавальненьня не атрымаеш, як і не зробіш выснову «чые лепш». Зрэшты, ў вочы чамусьці кідаліся пераважна азыяцкія твары (прычым даволі прыгожыя).







Уразілі, канечне, шматлікія мосьцікі і каналы. Толькі дзеля іх варта вярнуцца ў Піцер у цёплы час. Як і дзеля трамваяў, на якіх я так і не пакатаўся.





Затое мы трапілі на Interpol і ў дадатак наведалі канцэрт «Аддис Абебы». Вось з чым у Піцеры добра, дык з клюбамі (як мінімум для наведвальнікаў - музыкаў, як апынулася, могуць і на бабло кінуць спрытныя мясцовыя дзеячы дробнага шоўбізу). MOD-Club каля «Спасу на крыві» - даволі вялікі, з дзьвюма залямі і музыкай-на-ўсю-ноч. Мінус толькі ў гардэробе і непрадуманай сыстэме ўваходу-выйсьця. Затое з гэтым не было праблемаў у «Глав-клубе», дзе вялізарная чарга ўздоўж усяго клюбу-ангару засмоктвалася за лічаныя хвіліны. Унутры ж увогуле раскоша для сьціплых менскіх меламанаў: вялікая сцэна, агромістая пляцоўка з асобнай трыбункай, бар уздоўж усяго танцполу, прасторныя прыбіральны бяз чэргаў і нават бясплатны вай-фай. Карацей, для адпачынку зроблена амаль усё магчымае. Зрэшты, гэтым мы скарысталіся напоўніцу…




vandrouki, photos

Previous post Next post
Up