Я ўжо ў Менску, жывы-амаль-здаровы з неверагоднай колькасьцю ўражаньняў ад «Басовішча-2008». Большасьць зь іх зьвязана нават не з самім фэстам, а з тым, як мы туды і назад дабіраліся. Таму ў першай частцы толькі пра гэта.
Выезд у сераду ноччу на цягніку Менск-Горадня прайшоў спакойна: папілі піва, паспалі, высадзіліся. Тут зьявілася першая праблема: «сабака» да Кузьніцы на 7:55, якая ёсьць у раскладзе на сайце Беларускай чыгунцы, ўжо даўно адмененая з-за малой колькасьці пасажыраў. Вымушаныя былі чакаць 10-гадзіннага «сьпіртавоза». Прайшліся крыху па Горадні, мяне адразу расчаравала прадавачка ў шапіку, якая паспрабавала накрычаць на мяне і не жадала прадаваць мапу з-за таго, што я ёй перашкаджаў размаўляць зь нейкай кулёмай. «Савок» - скажыце вы! Так, дакладна. Але з большым саўком мы сутыкнуліся пазьней.
У Кузьніцу мы такі хутка трапілі, а там і да аўтобуса на Беласток заставалася паўгадзіны. Таму мы вельмі хутка дабраліся да гэтага гарадзішкі і пасьпелі зьесьці па кэбабу неверагодных памераў. Вось з чым няма праблемаў у Польшчы, дык гэта з общепитом! :) Карацей, недзе ў гадзінаў 16 я,
craft37 і
zap4ick былі першымі беларусамі, хто ставіў намёт на тэрыторыі фэстывалю :) Наступнымі былі
niareisha і
syrelina. Але вы ўсё гэта бачылі на здымках зь месца падзеяў у рэжыме онлайн. Праўда, далей я ўжо менш займаўся мабільным блогінгам, бо на гэта часу ня было, а апроч таго, як паказала практыка, надта гэта дорага ва ўмовах роўмінгу - 50 тысяч за 2 дні неяк зусім ненармальна :)
…назад мы вярталіся ўчора. Да нас далучылася
volja з агромістым заплечнікам. Таму варыянт з аўтаспынам адразу адмятаўся, тым больш усё было прадумана загадзя - расклады былі раздрукаваныя. Ніхто не чакаў, што ў Польшчы савок жыве і разьвіваецца ня горш, чым у нашай Беларусі. Тое, што ў нядзелю ня будзе ніводнага аўтобуса да Кузьніцы, мала кажучы, зьдзівіла. А ўсё з-за таго, што туды возіць прыватны перавозчык Novator… Аўтобус на Менск не вярнуўся зь мінулага рэйсу, а аўтобус на Горадню ціпа ёсьць, але яго ціпа няма. Вымушаныя былі пабегчы пад дажджом на чыгуначны вакзал і чакаць 4 гадзіны цягніка на Кузьніцу. Калі заставалася зусім няшмат часу чакаць, мяне раптоўна наведала думка, што можа мы і з Кузьніцы нармальна до Горадні не даедзем, бо зь цягнікамі таксама не зусім было ўсё зразумела. Я пабяжаў на аўтавакзал і даведаўся, што аўтобус на Горадню нейкім чынам зьявіўся і мы набылі хутка квіткі. У касе мне сказалі, што квіткі былі апошнімі, а, насамрэч, у маршрутцы было 7 чалавек, апроч кіроўцы. Менавіта кіроўца стаў героям вяртаньня на радзіму…
Калі была пройдзена ўжо польская мяжа, на беларускай нас вырашылі праверыць на наяўнасьць чаго-небудзь забароненага. У жанчын, якія ехалі разам з намі, адабралі некалькі кіляграмаў мяса, а ў нас нават нічога забароненага не знайшлі. Але вернемся да кіроўцы. Калі памежнік спытаўся, ці езьдзіў хто-небудзь зь ім раней, мы адразу зьдзівіліся. А калі ён прынес у пакеце стос аўтамабільных нумароў і сказаў, што маршрутка магчыма знаходзіцца ва ўгоне - стала зусім весела. Гадзіна чаканьня скончылася тым, што я напісаў для памежнікаў тлумачэньне і згадзіўся, калі што, выступаць сьведкам па магчымай справе. Аўтобус усё ж ня быў ва ўгоне, але сітуацыяй з нумарамі зоймуцца ворганы. Нас усё ж адпусьцілі і той жа кіроўца давёз да Горадні. Стомленыя і знэрваваныя мы хуценька пасадзілі Волю на аўтобус і чакалі свой. Далей зноў маршрутка, але на гэты раз мы даехалі без прыгодаў. Вось такая гісторыя вандроўкі.
Дзякуй
craft37 і
zap4ick, што вытрымалі мой характар на працягу вандроўкі. Па-мойму, толькі
zukerby можа са мной вось так катацца і трапляць у дурныя прыгоды, і пры гэтым трываць мяне :)
Увечары працяг…