Сістэмная памылка. Альбо «ненаўмысная сафістыка».

Mar 21, 2015 18:44

Максымальна сьцісла і коратка.

Пасьля сумнавядомых акупацыйных падзей ва Ўкраіне беларускі інтэрнэт стала сутрасаюць пытаньні: «Што далей?», «Хто наступны?» і г.д

Аднак адное спецыфічнае пытаньне часьцей за іншыя перыядычна ўзьнікае і выклікае цунамі адказаў на яго.

Гэтае пытаньне гучыць прыкладна так: «У выпадку агрэсыі Расеі - як мы (беларускія нацыяналісты) мусім паступаць?» Далей ідзе процьма вырыянтаў адказу, аднак і гэтыя адказы імкнуцца да адзінае высновы: «разам з Лукашэнкам, але баронім незалежнасьць».

Пры гэтым форма самога пытаньня ўвесь час падаецца праз прызму тэарэтычнае просьбы самога Лукашэнкі да нас (беларускіх нацыяналістаў). Маўляў, у выпадку агрэсыі ён урачыста зьвернецца да народу і пакліча ўсіх пад адзіны штандар абароны Радзімы. Што, маўляў, давайце забудземся на ўзаемныя канфлікты і плячо да пляча вырашым сапраўды паважную праблему нацыянальнага выжываньня.

І вось тут я бачу, што удзельнікі дыскусыі ўвесь час знаходзяцца ў сафістычнае пастцы. Бо людзі абмяркоўваюць магчымае разьвіцьцё падзеяў не зважаючы на тое, што сутнасьць дыскусыі мае памылковую ўводную. Адну, але вырашаючую.

Тлумачу. Хто ўвогуле сказаў, адкуль хто ўзяў, што Лукашэнка патрабуе чыёй-кольвек дапамогі - у прыватнасьці, дапамогі беларускіх нацыяналістаў?

Памылковасьць дыскусыі, паміж іншым і ў тым, што людзі спрабуюць разглядаць магчымы сцэнар расейскае агрэсыі адносна Беларусі як кальку з расейскае агрэсыі супроць Украіны.

Людцы! Украіна - іншая планэта! Там пры ўсіх прэзыдэнтах, нават пры Януковічу, была і ёсьць украінская ўлада. Альбо, дакладней праўкраінская. Безумоўна -  карупцыя, гульні з Расеяй, бардак і садом, але ва Ўкраіне ад 23 жніўня 1991 году мелася выразная візыя будучыні і небеспаспяхова вялося будаўніцтва нацыянальнае дзяржавы. Пра гэта я пішу цэлы цыкл нарысаў, зараз жа так, зацемкі-тэзысы. Сучасны украінска-расейскі канфлікт - цывілізацыйны. Бо Расея заўсёды «мела праблемы» ва Ўкраіне праз выразную украінскую адукацыйную і культурную самастойнасьць. І сёньняшнія тысячы ўкраінскіх дабраахвотнікаў не зьяўляюцца нейкімі самастойнымі партызанамі. Гэта цывільны украінскі дадатак да рэгулярных украінскіх жа войскаў.

Аднак ня варта забывацца, што запуск праекту «Русский мир» на Беларусі быў пасьпяхова рэалізаваны ў 1995-1996 гадох. І Расеі ня трэба ўводзіць у Беларусь войскі - нацыянальная кастрацыя і так паспяхова тут адбываецца. Больш за тое, каб бараніць краіну, дык уласна беларускага войску на Беларусі ад здабыцьця незалежнасьці ніколі й ня было. Пра сучасныя Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь, гэты выкідыш Красной Армии, я таксама хутка падрабязна напішу. Але праз уласныя ментальнасьць і сьветаўспрыманьне гэтая фармацыя пад назвай «Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь» можа разглядаць у якасьці ворагу каго заўгодна, тэарэтычна нават афрыканскія краіны. Толькі не Расею. Бо беларускасьць гэтае фармацыі чыста намінальная.

Дык вось, вяртаемся да тэмы. Лукашэнка ўвогуле не патрабуе чыёй-кольвек дапамогі, бо яму аніхто не пагражае. Ён быў, ёсьць і будзе прарасейскім дзеячом і той, хто думае, што Лукашэнка чароўным чынам пераменіцца - ідыёт.

Апроч іншага, варта бесстароньнім чынам разгледзіць фармуліроўку: «калі Лукашэнка пакліча, то што мы адкажам?». Вось гэтыя самыя «МЫ» - хто мы такія? Хто мы такія, беларускія нацыяналісты? Мы зарганізаваная агульнакраёвая сетка вайскова-патрыятычных арганізацыяў з агульным цэнтрам? Мы цэнтралізавана займаемся спартовай і вайсковай падрыхтоўкай? Мы здольныя мабілізавацца на працягу 24 гадзінаў адпаведна з зацьверджанай схемай разьмяшчэньня сілаў? Мы ўсе бяз вынятку валодаем хай сабе й паляўнічай - але праз гэта легальнай - зброяй? Адразу прыгадваецца сумнавядомае: «А сколько у него дивизий?». Дык, рытарычна: што мы, беларускія нацыяналісты, можам прапанаваць Лукашэнку, калі ён нават тэарэтычна да нас зьвернецца?

Так што дыскусыя пра ўдзел - няўдзел «нас», беларускіх нацыяналістаў у магчымым беларуска-расейскім узброеным канфлікце ня мае сэнсу, бо пазбаўленая якой-кольвек прывязкі да рэчаіснасьці. Нажаль.

Канешне ж, можна разважаць, прагназаваць разьвіцьцё падзеяў пры зьдзейсьненай расейскай агрэсыі. І варыянт, калі, напрыклад, Узброеныя сілы прынцыпова адмовяцца выступаць на абарону Беларусі, апэлюючы, што Войска Расеі не зьяўляецца ворагам паводле ідэнтыфікацыйнае схемы «свой - чужы». Можна, пры гэтым, ўзгадаць, што Лукашэнка мае такую структуру, як Унутраныя войскі. Гэтая фармацыя прызначаная акурат для выкарыстаньня ўнутры краіны і мае некалькі прынцыповых адрозьненьняў ад Узброеных сілаў. У прыватнасьці, ідэалагічная падрыхтоўка засірае мазгі жаўнераў УС нафталінаваю савецкаю рыторыкай пра «жуткую НАТУ» і да т.п., а ва Ўнутраных войсках ідэалагічная рыторыка троху іншая, з уласнаю спецыфікай. І вайсковы кліч гучыць іначай, чымся ва Ўзброеных сілах: армейцы кажуць «Служу Отечеству!», а вэвэшнікі: «Служу Отечеству і Президенту!».

Аднак інсталяцыйныя схемы «Русского мира» ва Ўнутраных войсках такія ж самыя, што й ва Ўзброеных сілах. І сапраўды, хер яго ведае, хто ўвогуле будзе бараніць Беларусь, узьнікні ў гэтым патрэба. Нацыяналісты-патрыёты не зарганізаваныя і бяззбройныя. А тыя, хто паводле фармальнага прафесыйнага прызначэньня мусяць бараніць краіну, ня выклікаюць хоць якога даверу. Сапраўды, «нахуй мне воевать, лучше пусть всё идёт как идёт, а я российскую пенсию получать буду» - вось якое меркаваньне можна пачуць у гутарках з кадравымі беларускімі вайскоўцамі.

Ну і яшчэ важны момант. На тэрыторыі Беларусі знаходзіцца некалькі расейскіх вайсковых аб'ектаў, на якіх можна незаўважна сканцэнтраваць пэўны кантынгент «зялёных чалавечкаў» - дзякуй празрыстай мяжы і легальнаму статусу гэтых самых аб'ектаў. Плюс абсалютна легальныя памежнікі ФСБ Расеі ў Берасьці. Захоп дастаткова кампактнай Беларусі можна ажыцьцявіць даволі аператыўна - варта толькі ведаць, навошта. І,нават фантазуючы, мы разумеем, што аніякага звароту лідэру дзяржавы да народу ня будзе - не пасьпее, не дазволяць.

Ну і, нарэшце, калі тэарэтычна ўявіць а ля ўкраінскі сцэнар, то Лукашэнка нікога прасіць ня будзе. Будзе абвешчаная афіцыйная мабілізацыя. І вось тады ўжо беларускім нацыяналістам трэба будзе вырашаць тыя пытаньні, якія паставіць Лукашэнка, а не яны ўласна.

Назiраньнi, credo, это жэ наша родзіна, проста так

Previous post Next post
Up