САГА ПРА КАКАРДЫ. З гісторыі маёй калекцыі.

Feb 20, 2015 01:06



САГА ПРА КАКАРДЫ. З гісторыі маёй калекцыі.

Увосень 1989 году я знаходзіўся ў адной медычна-сьледчай установе, дзе чакаў разбору маёй антысавецкай справы. У выніку я мусіў выправіцца альбо да вязьніцы, альбо вярнуцца да войска, альбо дахаты. Гісторыя майго паходу ў войска - асобная тэма, зараз жа пра іншае. Час быў вельмі цікавы. Перабудова ў СССР незаўважна пачала перацякаць у якасна новую форму, калі рамантычныя летуценьні “кухонных бяседаў” пачалі набываць рэальныя рысы. Нацыянальны рух актывізаваўся літаральна паўсюль. Недзе справы йшлі глыбей, недзе шырэй. У Савецкай Літве ўжо амаль год у якасьці дзяржаўнага сьцяга ЛітССР выкарыстоўваўся нацыянальны трыкалор. А, напрыклад, ў Малдове перайшлі на лацінскі альфабэт. І ўсё выглядала на тое,

што Савецкаму Саюзу засталося зусім нядоўга.

Зразумела, толькі лянівыя пра гэта не разважалі. І я, добра пасябраваўшы з яшчэ адным напаўжаўнерам-напаўпадсудным з Кіеву, шмат часу бавіў у гутарках адносна блізкае незалежнае будучыні. Мы шмат разважалі пра тое, як можа стацца пасьля набыцьця незалежнасьці літаральна ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця. У тым ліку і ў тым, што я называю “этыкеткай” - у зьнешніх праявах не-савецкасьці. Гэта і шыльды ўстаноў, і банкноты з манетамі, і дакумэнты, і уніформа ўсіх службоўцаў урэшце рэшт.

Мы малявалі нейкія праекты вайсковых мундураў, пагонаў, какард - ён украінскіх, а я, зразумела, беларускіх. І так ужо гэтаю тэмаю я прасякнуўся, што ажно зашкальваць стала колькасьць і разнастайнасьць гэтых праектаў. І вось аднойчы, я з “вар’яцкім полымем у вачох” нешта сунуўся да свайго кіяніна, маўляў, а вось што я яшчэ прыдумаў. Але ён у той момант быў вельмі ня ў гуморы. І так ціха, бездапаможна выдаў нешта накшталт “ай, усё гэта толькі рамантычныя летуценьні. Нічога ні ў каго не атрымаецца. Маўляў, “савецкая імперыя-монстр не дазволіць...” і далей, у тым самым фаталістычным настроі.

Дык вось, калі б ён гэтага не прамовіў, то, падазраю, мяне б ніколі потым не зацікавіла тэма, пра якую я тут зараз распінаюся. Але ягоная песымістычная заява мяне настолькі праняла, што я нават абурыўся. Як так! У нас ва ўсіх усё атрымаецца, як іначай!

Карацей, пытаньне ўніформы незалежных краін прапісалася ў мяне недзе ў глыбінях сьвядомасьці. Уніформы, не як фетышу, а як дадатковае зьнешняе адзнакі незалежнасьці дзяржавы.

Ішоў час, я вярнуўся да войска, прамінуў 1990 з усімі ягонымі знакамітымі падзеямі, і ў чэрвені 1991 я вярнуўся ў Менск. Зразумела, праз хуткі час, выправіўся ў Вільню. І вось, цягнік спыняецца і я, яшчэ праз вакно вагону, бачу на пэроне патруль з двух паліцыянтаў у новых, зялёных мундурах.

Тут трэба зрабіць важную заўвагу. Справа ў тым, што я на той момант ня вельмі дакладна ўяўляў сабе сістэмы МУС саюзных рэспублік. Я быў упэўнены, што ўся савецкая міліцыя - суцэльная, маналітная арганізацыя, якая кіруецца выключна з Масквы. І што літоўская паліцыя, пра якую я чытаў у газэтах - гэта нейкія аддзелы дабраахвотнікаў, накшталт народных дружын, якія толькі нейкую там сабе ўніформу парабілі. І патрулююць вуліцы на грамадскіх пачатках паралельна з “сапраўднай” міліцыяй - якая са зброяй і на УАЗіках. Я выйшаў на пэрон і ўтаропіўся ў гэтых фацэтаў - ахранець! Какарды, нашыўкі з “Пагоняй”, усе дзялы і, увага, - пісталеты! Я да канца яшчэ не зразумеўшы, што да чаго, пачаў ліхаманкава шукаць адказу: можа гэта газавыя? Ці пнеўматычныя? Я не разумеў тады, што гэта і ёсьць дзейсная дзяржаўная сістэма аховы правапарадку! Потым ужо, сустрэўшы ня раз на вуліцах і службоўцаў і сапраўдныя аўтамабілі, аздобленыя новым чынам, да мяне дайшло ўрэшце, што мае мары-летуценьні папросту зьдзяйсняюцца. І, канешне ж, мне захацелася займець новую літоўскую какарду ў якасьці такога гістарычнага артэфакту.

Ішоў час, пад канец лета зьдзейсьніліся мары, што да Беларусі: Незалежнасьць і трохі пазьней - акт пра сымболіку. Дык я было сон згубіў, усё чакаў калі на вуліцах перастану бачыць праявы савецкага фірмовага стылю, ўлучна з шэрымі мянтамі. Я дакладна памятаю час, месца і навакольныя абставіны, пры якіх я ўпершыню ўбачыў мытніка, пазьней міліцыянта і ўрэшце вайскоўца ў новых мундурах. Зразумела, мне было цікава, як будзе разьвівацца тэма паўстаньня новае беларускае ўніформы. Я цікавіўся гэтым, назіраў, распытваў  і г.д. Безумоўна ж планаваў калі-небудзь займець усе гэтыя новыя какарды ў калекцыю, на памяць. Але адмыслова дык і не паляваў за імі, не сьпяшаўся, лічыў, што калісьці дабяруся да гэтае тэмы ўсур’ёз. Аднак стала маніторыў тэму, а з разьвіцьцём інтэрнэту атрымаў магчымасьць сачыць за уніфармалагічнымі падзеямі літаральна па ўсім сьвеце.

Ішоў час, зьмянялася сымболіка, зьмянялася ўніформа. Пры ўсёй маёй ідэалагічнай і эстэтычнай несумяшчальнасьці з новапаўсталымі чырвона-зялёнымі рэаліямі тэма разьвіцьця беларускіх службовых мундураў мяне надалей цікавіла (як цікавяць лекара праявы хваробы, ня йначай). І вось аднойчы на самым пачатку 2012 году нешта недзе замкнула і я такі вырашыў усе свае какардавыя назіраньні сабраць, як кажуць, у матэрыяле.

Разьвіцьцё інтэрнэту, шмат у чым мне дапамагло. Плюс клуб калекцыянераў, тое, іншае. Параўнальна невялікую тэму беларускіх какард часоў “Пагоні” я цалкам закрыў праз паўгады. Трэба заўважыць, што дадаткова пачалася ствараццца падборка не такіх ужо і шматлікіх (але, тым не менш) беларускіх узнагарод і адзнакаў перыяду першых год незалежнасьці. Так, дадатковая частка да асноўнае тэмы. Як я кажу “артэфакты пекнае эпохі”.





Невялічкая заўвага: рама са знакамі на гэтым здымку мае адрозную ад астатніх канструкцыю. Ва ўсіх астатніх сістэма простая і можна аператыўна усё адчыніць і дадаць навінку. У гэтай жа трохі іначай, таму я дадаю не па адным знаку, а адразу па некалькі. Пакуль пісаў гэты тэкст, фоткаў і г.д., колькасьць прадметаў павялічылася і гэты планшэт амаль скончаны.

Потым вырашыў сабраць Літву, бо адпачатку планаваў мець такую калекцыю. Навёў масты, пазнаёміўся з людзьмі, выйшаў на віленскі клуб калекцыянераў. Стварыў план будучае калекцыі. Адразу сабраў такі своеасаблівы касьцяк калекцыі - асноўны аб’ём “мэйнстрыму”. Каб засталося толькі найбольш рэдкія ці дарагія экспанаты дадаваць з цягам часу. Асаблівыя падзякі для Віктараса, Яраслава і асобна для Аўдруса.





Але што рабіць з украінскай тэмай? Знаёмых калекцыянэраў ва Украіне ня было. Зноў-ткі - інтэрнэт. Напісаў туды, напісаў сюды. Тут адказ, там камэнтар, бач, і касьцяк украінскае тэмы падсабраўся. Вось, літаральна апошнім часам, амаль цалкам закрыў тэму украінскіх мегарарытэтаў. Шчыра дзякую львоўскаму калегу Дмітру - чалавеку захопленаму, цікаваму і інтэлігентнаму. Таксама як і Аляксандру з Белае Царквы.






Ішоў час, таксама цікавіла мяне і малдаўская тэма. Праз новых знаёмых-калекцыянераў я пачаў намацваць накірункі і, у выніку, засталося літаральна некалькі прадметаў, каб цалкам закрыць тэму Малдовы на сёньняшні час. Вітаньні для Сяргея ў Кішынёў.


Ішоў час, я зразумеў, што Беларусь пасьля 1995 году - гэта таксама гістарычны перыяд са сваёй спецыфікай. І што, пры ўзгаданай ужо маёй ідэалагічнай і эстэтычнай несумяшчальнасьці, какарды эпохі Лукашэнкі таксама зьяўляюцца гістарычным матэрыялам. Вынікам стала зьяўленьне чарговае падборкі, якая пакуль што толькі павялічваецца. Падзякі для менчукоў Вадзіма, Андрэя, Дмітра, Аляксея. Асобная падзяка ў Віцебск спадару Дмітру.




Невялічкая заўвага: пакуль ствараў гэты рэпартаж, падборка па сучаснае Беларусі таксама пабольшала.

Агулам зазначу, што 95% майго збору сталася магчымым стварыць выключна дзякуючы інтэрнэту. Год з пятнаццаць ці больш таму нізавошта не атрымалася б стварыць такую калекцыю. Я пазнаёміўся з вельмі рознымі і цікавымі людзьмі з розных краін. З некаторымі нават усур’ёз пасябраваў.

У прынцыпе, пры маёй моцнай цікавосьці да падзеяў пачатку ХХ стагоддзя - развал імперый і паўстаньне новых нацыянальных дзяржаў, - тэма ўніформы новых армій заўсёды мяне цікавіла. Таксама не з-за знешніх нейкіх праяваў, а менавіта як “этыкетка” новае грамадскае фармацыі. Я больш-менш разьбіраюся ў тонкасьцях мундураў Усходняе Эўропы міжваеннага часу, часам нават выступаў у якасьці знаўцы пры атрыбутаваньні паводле старых фотаздымкаў. Аднак калекцыянаваць прадметы тае пары мяне нешта зусім ня цягне. А вось рэчы перыяду пасьля 1990 году ўсё ж зьбіраю. Ня лічу сябе нейкім там экспертам ва ўніфармістыцы, але праз такую маю цікаўнасьць да тэмы я сапраўды ведаю дахалеры, асабліва пра перыяд часоў “Пагоні”. І нярэдка кансультую па гэтых пытаньнях. Асабліва тых, хто трохі маладзейшы ад мяне, бо гэтыя асобы ў сьведамым узросьце не засталі прысутнасьці несавецкае і нелукашэнскае службовае ўніформы.

Калі пачала складвацца рэальная калекцыя, паміж іншага, узьнікла пытаньне падачы матэрыялу. Камунікуючы з вельмі рознымі калекцыянерамі, давялося сустрэць нямала такіх “хамякоў”, для якіх уласна калекцыянаваньне і не хобі нават. Для іх гэта такое самасьцьвярджэньне ў гэтым сьвеце. Тэма калекцыі, фактычныя кантакты для іх ня істотныя. Важная нейкая мітусьня, нейкае корпаньне. І я шмат разоў бачыў, як сапраўдныя рарытэты, цікавыя какарды захоўваліся ў нейкіх анучападобных зьмясьцілішчах. Ці месьціліся на зашмальцаваных, раздрапаных па краёх аркушах кардону, карацей кажучы, ганьбішча нейкае. Папросту абурала абсалютная адсутнасьць культуры падачы. Я ж лічу, што такія рэчы мусяць захоўвацца адпаведным чынам і адпаведным чынам экспанавацца. Сьпярша разьмяшчаў у рамах пад шклом. Недзе купляў, недзе замаўляў. Штопраўда, звычайныя рамы для графікі маюць адну паважную для майго захапленьня хібу - малую таўшчыню паміж шклом і тыльнаю сьценкай. І некаторыя какарды ўвогуле немагчыма тамака разьмясьціць. Але, як вядома, “Ёсьць ідэя - ёсьць IKEA”. Дык прытарабаніў адтуль рамы, якія найбольш падыходзяць для экспанаваньня, глыбінёй у 4,5 сантыметры. Нават найбуйнейшыя экземпляры зараз без праблемаў месьцяцца пад шклом.

Напрыканцы падзялюся яшчэ планамі. Улічваючы вельмі небагаты багаж менавіта беларускіх уніформавых артэфактаў першай паловы ХХ стагоддзя (у параўнаньні з той жа Украінай, не кажучы ўжо пра Літву ці Латвію), я вырашыў яшчэ, наколькі дазволіць сітуацыя, займець у калекцыю тыя мегарарытэты, што былі створаныя ў часы БНР і БССР часоў беларусізацыі. Гэта й какарда Віленскай беларускай гімназыі, якую маю ўжо даўно (на здымку ніжэй), і какарды вайсковых фармацыяў, і ультрарэдкую какарду міліцыі БССР 20-х гадоў.


Уся прыгажосьць разьмешчаная ў працоўным пакоі. Збор артэфактаў працягваецца.



Гістарычнае, Артэфакты пекнае эпохі

Previous post Next post
Up