згубіць сэнс ў сэксе й жыцьці, каб празрэць ад сьляпога набору.
піць звыклую каву за клавай пад батонаў стаптаных крошыва
і думаць, што недзе між пікселаў, на тым баку манітору,
сядзіць і чакае твой высер хтосьці такі ж агаломшаны.
напрыклад,
maryjka_ з букам ў новае ваньне з вусатаю вутачкай пашам,
ці
asya_17 са сьцягам
"белсуч" і поклічам "за
мазаніка!"…
нашто мне такія веды?
тут, бач, са сваім разабрацца, а шчэ прапануецца з вашым.
хаця мо й цікава пазырыць рэаліці-шоў "
mod.mil.by супраць
franaka"…
што там яшчэ? лекцыі месіянэраў у цнатлівым лесе,
войны сьвядомых з геморамі, гаманцоў з паганцамі…
пры тым хтосьці мяняе пальчаткі багоў, застаючыся засранцамі,
а хтосьці і без прычасьцяў пазбаўлены бесаў.
як круціцца
глёбус? калі працяг кнігі
федуты?
хуле, залез і спытаў, не марнуючы на знаёмствы ўсьмешак.
а хочаш - плюнь на пару высокапастаўленых плешак,
ці хаця б штось гарлівае абзаві ебанутым.
стыхія, дзе клалі ўсе болт на субардынацыю,
дзе страчваюць рыфму й вагу імёны, заслугі й пасады
дзе лепшыя віды насельнікаў чалавечага заасаду
пераціраюць штанамі за жысьць і, бывае, за нацыю.
дым халівараў, забітыя дзеці з бабамі,
бойкі за знакі - грашовыя альбо мяккія…
і вырашаюць войскі, узброеныя фотажабамі,
экзістэнцыйныя (чо там!) пытаньні ўсялкія:
ці існуе гаворка, якой мы тут з вамі гаворым?
што трэба есьці, каб стаць сапраўдным літвінам?
што замінае рабіць тутэйшае порна?
каму ня пофіг? і хто нам за ўсё будзе вінны?
куды палягае шлях са страўніка ў мужчыны?
ці што ўжывае
uladzimer апроч грыбоў і рыбы?…
а пакуль тое, цешча (ноў юзэр акаўнт) вучыць унука (то бок майго сына)
казаць замест "дзякуй-дзякуй" - ну натуральна! - "спасибо"
…пагаўкацца з ананімусамі, дацяміць што курыць
brazgotka…
закіды - яны як дзеці: заўсёды прасьцей з чужымі…
а сьвяты між тым па звычцы праводжу з тымі,
хто стала й непатрыятычна гарэліцу кліча "водкай".
і не таму што манкурды ці вырадкі. проста яны ня ў тэме.
хоць зь бітаю супраць байтаў паўстануць наўрад ці,
яны існуюць у іншай каардынатнай сыстэме,
там, дзе штодзённы
by_trash і няма аніводнага
grammar nazi.
часам бывае спынюся: дзе я? хто гэтыя людзі? адкуль? і аб чым мы тут усе гамонім?
чаму замест зьзяньня вачэй вэбдванольныя блікі?
alt+f4, shutdown, і па трасе - на cлонім.
у сьвет, дзе мяне не паклічуць па жэжэшнаму ніку.