Jan 14, 2010 14:28
Ага, схадзіў сёньня. Папярэдне тэлефонная размова была з музручкай:
- Дык а што вы хаціце прадлажыць?
- Эммм… Ну, у мяне дуда, у вас Каляды. Давайце жыць дружна: вы калядуеце, я граю. Компрендо?
- Ну харашо, а што вы хаціце прадлажыць?…
- Ладна, на месцы разьбярэмся…
Разабраліся. Адкалядавалі. Не спадабалася жыстачайшая трасянка ("ну ня ўсе ж дзеткі разумеюць па-беларуску") і тое, што ледзь не галоўным калядным сюжэтам замест каза-ўпала-здохла-прапала-дайце-сала аказаліся варожбы цыганкі (адна з выхавацелек). Выхавацелькі зычылі адна адной кульбабла і безнадзейна усьміхаліся пры гэтым. Але цыганка, трэба сказаць, была языкатая, беларускамоўная і з добрым веданьнем традыцыйных калядных шпулек і прыпевак, за што ёй безумоўныя рэшпекты. Потым музручкі нашапталі, што гэта дачка Пятра Васючэнкі зь ведньнем пяцёх моваў і няўдалым размеркаваньнем ў ясьлі. Шчыра пашкадаваў, што яна ня ў нашай групе выхавацелькай.
Пасьля за гарбатай душэўна пацёрлі з цёткамі за нафталінавую штучнасьць беларускай мовы і культуры ў рамках сыстэмы адукацыі.
- Вось літоўцы, кажуць, усе нацыяналісты, а ў нас…
- Дык што вам замінае?
- Ну…
Але ва ўсякім разе, вынікі станоўчыя: адзіныя белмоўныя бацькі ў садочку, магчыма, не такія і адмарозкі ;), дзеці нараўліся Саўку і Грышку пад страх які кананічны акампанімэнт, механоша-воўк з механошам-баранам набралі па мяху цукерак, мне таксама іх напхалі поўныя кішэні, а музручкі сказалі, што будуць зараз мной карыстацца па сьвятах ;) І ўсе 12 груп ведаюць што такое дуда. Ем заслужаныя карамелькі :)
дударства,
гета,
садок,
таталёгія