Учора нарэшце скончылася адная з самых непрыемных гісторый у маім жыцці. Скончылася пазітыўна, але гэтыя 17 дзён былі для мяне сапраўдным выпрабаваннем і стрэсам. Але пра ўсё па парадку.
Гэта быў панядзелак, звычайны дзень. З раніцы я пайшоў на медкамісію, каб атрымаць даведку кіроўцы, але там мяне развярнулі і даслалі на кансультацыю да кардыёлага, бо ў ваенным білеце "страшны" артыкул 42В. Далей была працоўная палова дня, а потым я з нашым кладаўшчыком паехаў у сталовую. У сталовую я езжу рэдка. Прыехалі, паелі, вярнуліся назад. Званкі, размовы, тое-сёе, паглядзеў пару рэчаў на складзе, сеў з калегай у машыну, каб дакаціцца да офіса і ... тут галаву ўзрывае думка - "няма заплечніка". А ў сталовую я паехаў з ім. Выкінуў калегу, паляцеў назад, падсвядома супакойваў сябе, а свядома разумеў, што гэта самае страшнае, што магло сёння здарыцца са мной...
У 14.02 мы выйшлі са сталовай, у 14.25 я ўжо вярнуўся назад. Заплечніка не было. Затое быў чалавек, які сядзеў за маім сталом і сказаў, што зусім нядаўна нейкі мужчына сярэдніх гадоў выйшаў з маім заплечнікам. Джынсы, вятроўка, не бачыў раней. Сэрца апусцілася. Я выйшаў.
Ну, заплечнік, а што ў ім? А ў ім усе мае дакументы (усе, што могуць быць) і вялікая сума грошай. Вельмі вялікая. З-за якой я і цягаў яго з сабой, разважаючы, што лепш пры сабе і заўжды. І вось так,фантастычна і неверагодна, склаліся адразу некалькі абставін... Буйныя грошы пры сабе, паехаў у сталовую, званок, які адцягнуў маю ўвагу, позна заўважыў і чалавек, які ўзяў. Пазваніў дырэктару, што рабіць. Ніколі з такім не сутыкаўся. Пастараўся супакоіцца. Камер няма. Ніхто не звярнуў увагу. А галоўнага сведку я адпусціў, нават не спытаўшы тэлефон...
Выклікалі міліцыю. Прыехалі, што такое? Усё расказаў, яны нешта сабе пазначылі, агледзеліся. Ну, і пачалося. Гэта нехта са знаёмых. Камера знайшлася, але на вуліцы, метраў 30-40. Паглядзелі, так, сапраўды, у 14.15 ён выйшаў, нават не хаваючыся, з маім заплечнікам. Твару не бачна. Праз якую гадзіну прыкацілі следчы і крыміналіст. Апыталі, усё агледзелі, знялі пальчаткі, сляды, апісалі тое, што было. Спытаўся, ці ёсць якія шанцы.Сказалі, што так. У іх такіх спраў па 6-8 кожны дзень. Прасядзелі там ажно да паловы на сёмую вечара. Вярнуўся дадому, страчаны і ціхі. Расказаў Каці.
І застаўся я без пашпарта, без правоў, без дакументаў на машыну, без грошай. Добра, што хоць кашалёк ды тэлефон дастаў. Мінуў панядзелак, мінуў аўторак, прайшла серада - ніхто не тэлефануе, настрою няма, прорва думак. У сераду вечарам хацеў заехаць за даведкай, што скралі ўсе дакументы, каб пачаць узнаўляць усё. Ад маштабаў кідала ў пот - спачатку пашпарт (тыдні 2 ў лепшым выпадку), потым ваеннік, правы, дакументы на машыну, страхоўка, пасведчанне ад тэхаглядзе...а віза?.. Грошы, час, нервы. Езжу без правоў, дакументаў няма :) І не чалавек, лічы.
Але прыехаў не туды. Трэба было да апероў. Распланаваў Магілеў на пятніцу. Вярнуўся дадому. І тут позна вечарам званок на хатні. Тэлефануе опер. "Знайшоў. Усё на месцы..." Зноў кінула ў пот, не верыцца, Каця ўсміхаецца. А я не веру. Потым ён зноў патэлефанаваў і сказаў, што занясе ўсё да следчага і каб я чакаў выкліка...
Троху адлягло. Але я такі чалавек, што пакуль на свае вочы не ўбачу, то не паверу. Вырашыў нікому не казаць.
Выкліку я чакаў 2 тыдні. За гэты час адмовіўся даваць тэлефон, каб той чалавек выбачыўся, схадзіў да кардыёлага, дзе намералі ціск 140/80 (ніколі не было такога) і даслалі на холтэр, паступова пачуццё бязмежнай падзякі да нашай міліцыі змянілася непаразуменнем і раздражненнем (як так, усё знайшлі, а я працягваю хадзіць без дакументаў), але ў рэшце рэшт дамовіліся на сераду. І ўчора для мяне ўсё скончылася. Прасядзеў 2 гадзіны ў кабінеце следчага, запоўнілі ўсе дакументы, перапісалі ўсе банкноты. Следчы сказаў, што ў яго развальваецца справа, бо гэты чалавек (нейкі дырэктар, як апынулася) нічога не патраціў, усё на месцы, маўляў, хацеў вярнуць, ёсць нейкі сведка. Ну-ну, за 2 сутак так і не вырашыўся вярнуць ці нават патэлефанаваць (у заплечніку яшчэ і візітоўкі мае былі, за гэта следчы зараз і чапляецца).
Карацей, з-за нейкага гада нехарошага чалавека я больш за 2 тыдні быў у стане стрэса, але зараз усё скончана, рэчы вярнулі, будзе суд, магчыма, яшчэ прыйдзецца схадзіць да следчага, але гэта дробязі. Дзякуй небу і оперу, усё скончылася шчасліва, будзе мне ўрокам і досведам на будучыню.
Зараз бы даведку зрабіць...