ПраКарпацкае. P3

Sep 25, 2016 17:02

Ужо ўздым на невялічкі ўзгорак-спадарожнік Петроса даў зразумець, што трэба ўздымацца без рэчаў. То бок паасобку.
Так і вырашылі зрабіць. Першым палез я. Спачатку адчувалася вольнасць, без заплечніка я ляцеў нібы на крылах. Але хутка ўсё змянілася. Сіл не хапала. Пульс пачаў расці, сэрца калацілася ад хвалявання. Пад'ём заняў амаль гадзіну. Здаецца, вось-вось і вершаліна, але сцежка працягвае віцца вышэй і вышэй. Вось ужо і аблокі ахутваюць цябе коўдрай і нічога не бачна навокал, і недзе ў глыбіні цябе нараджаецца страх, што можна спатыкнуцца і зваліцца ў вечнасць. Тады супыняешся і пачынаеш дыхаць. А паветра тут такое чыстае і насычанае. Выходзіш з воблака і нарэшце бачыш мэту. На вершаліне Петроса стаіць у чарговы раз адрэмантаваны крыж і невялічкая хатка. І пануе шалёны вецер, які нібы крычыць табе "Прэч, я тут гаспадар!". Я вырашыў з ім не спрачацца, зрабіў некалькі туманных фотаздымкаў і пачаў спускацца. Спускацца, на самой справе, не так лёгка, у некаторых месцах нават складаней, чым уздымацца, але праз паўгадзіны я быў каля рэчаў. Хацеў сказаць Тарасу, што наверсе нічога цікавага, але ён мяне не паслухаў і палез. У гэты ж час міма нас праходзіла цэлая жаночая група, прычым тры жанчыны мелі ўзрост за шэсцьдзесят. Мне іх стала крыху шкада, але потым Тарас расказаў, што яны ідуць ужо пяты дзень і прайшлі ўвесь Чарнагорскі хрыбет, і шкадаванне змянілася захапленнем і нават зайдрасцю. Нічога сабе!
Тарас, у прынцыпе, прападаў столькі ж часу, што і я. Я ўжо і адпачыць паспеў, і чарніцаў з бруснікай пад'есці як след (першы раз у жыцці ем чарніцы ў верасні!), так што ўсе вусны і рукі былі чорна-чырвоныя, і пашукаць натхненне, і нават пачаць за яго хвалявацца. Але нарэшце ўверсе з'явілася белая кропка, якая пакрыху набліжалася, і праз 20 хвілін ён спусціўся. Быў стомлены, задаволены і крыху шчаслівы. Well done!
Якраз у гэты час міма праходзіла сям'я, як апынулася якраз тая, што ставіла той намёт, што мы ўчора бачылі. Яны папярэдзілі нас, што іх ноччу абкралі і каб мы былі асцярожныя. На што я сказаў, што мы такія ж небаракі, як і яны. Схема нават была аднолькавая, у іх таксама прыпаднялі намёт і выцягнулі заплечнік. Забралі тапорык і ежу. Вось так.
Праз 15 хвілін мы пайшлі далей. Час набліжаўся да гадзіны, таму трэба было спяшацца. А да Гаверлы яшчэ было 8 кіламетраў. 8 пакутных кіламетраў. Добра, не восем. Першыя кіламетры два-тры мы ішлі па досыць нармальнай дарозе, я маю на ўвазе, што не было перападаў вышыні. Дайшлі да чарговай паланіны, адпачылі, а потым пачаўся ўздым. Толькі падняліся крышачку па лясным серпанціне, як Тарас сказаў, што ў яго пакутна баліць спіна і цягнуць заплечнік ён не ў стане. Пачаў скардзіцца, што ноччу спаў на купіне. Прыйшлося ўзвальваць усё на сябе. Яшчэ праз нейкі час мы дайшлі да КПП. Нікога жывога там не сустрэлі, толькі нейкае "цела" валялася ў хаце, а вакол стаялі дзесяткі бутэлек з-пад піва і іншых алкагольных вырабаў. Відаць, учора гулялі тут добра. Нават вады не было пітнай. Да Гаверлы заставалася яшчэ 4 кіламетры. Ішлі мы досыць хутка, але пасля КПП пачаўся вельмі сур'ёзны пад'ём, таму прыходзілася спыняцца праз кожныя 5-10 хвілін, бо ногі былі "ватныя", мышцы забітыя і пастаянна прасілі перадыху. Так, з вялікімі намаганнямі мы каля чатырох гадзін падыйшлі да Гаверлы. Тут ужо было не так адзінотна, людзей хапала.
Ля падножжа Гаверлы прыйшлося прыняць вельмі непрыемнае рашэнне, што яна, на жаль, будзе апошняй кропкай нашага маршрута. Па-першае, ужо быў чацвер, па-другое, мне ўжо не вельмі хацелася ночыць, па-трэцяе, Тарас пакутаваў са спіной, а значыць, заплечнік павінен быў цягнуць увесь час я, па-чацвёртае, ежы заставалася не так шмат. Канешне, самым важным быў першы пункт, бо ў панядзелак ужо чакала праца. Калі б мы не страцілі цэлыя суткі ў Брэсце, мы б, як мінімум, дайшлі да Несамавітага, але і на гэты раз гэтая возера засталося для мяне недасяжным...
Пасядзеўшы крыху пад Гаверлай, раз-пораз пазіраючы на яе ўверх і ўяўляючы ўсе перспектывы ўздыма, мы не маглі налюбавацца наваколлем. Адсюль адкрываўся цудоўны далягдад. Ужо досыць далёка віднеўся Петрос, з іншага боку вабіў Брэбенескул ды Поп Іван. Пакрытыя туманная дымкай, яны прымушалі лагодна пасміхацца і забывацца пра ўсё непрыемнае.
На Гаверлу мы ўзняліся за гадзіну, што, у прынцыпе, з рэчамі не так і доўга. Напрацягу пад'ёма пейзажы станавіліся яшчэ больш прывабнымі і яшчэ больш зачароўвалі. Пасля Петроса ўздым на Гаверлу падаецца шпацырам, бо трэба прымаць да ўвагі, што ад падножжа Гаверлы да вершаліны каля 200 метраў, а ад падножжа Петроса да яго вершаліны - не менш чым 500. На вершаліне Гаверлы месца значна болей, людзей - таксама. Тут мноства украінскіх сцягоў, сабраныя пробы зямлі з розных куткоў краіны. Змаглі нават набыць гарачай гарбаты, якую робяць з дапамогай газавых балонаў. Гэтае задавальненне каштуе 12 грывен, капейкі, карацей, хаця Тарас сказаў, што дорага.
На вершаліне правялі каля 40 хвілін. За гэты час сустрэлі тут чэхаў, паляка, з якім Тарас разгаварыўся і выявіў, што гэтых чэхаў сёння таксама абабралі, сцягнулі ў іх 1500 крон (50 еўра). Пафатаграфаліся, распыталі хлапца, што гандляваў кавай і гарбатай, як дайсці да Зарасляка і пачалі спускацца. Зарасляк - гэта кшталту турыстычнай базы, адкуль можна дабрацца да Варохты і адкуль звычайна пачынаюць уздым на Гаверлу. З Гаверлы мы добра бачылі гэтую базу, адтуль я планаваў дабрацца да Варохты, каб ноччу сесці на цягнік да Львова. Але мае планы, як апынулася, павінны былі сутыкнуцца з жорсткай рэальнасцю.
На Зарасляк з Гаверлы ёсць два маршруты, мы пайшлі па экстрэмальным. Гэта спуск апынуўся неблагім выпрабаваннем. Нават не ўяўляю, як людзі ўздымаюцца гэтым шляхам! Мы спускаліся каля 2 гадзін, і гэта было вельмі складана. Нават узняцца на Гаверлу было шмат лягчэй, чым спусціцца з яе. Асабліва для нас, якія за адзін дзень паспелі столькі перажыць, узняцца на 2 гары і прайсці 10 нялёгкіх кіламетраў.  Сапраўдная дарога ў пекла, а не спуск. Скалы, абрывы, разрэзаная вадой сцяжынка, а пад канец цёмны лес, у якім нават сцежкі няма. Гэта нам яшчэ пашанцавала, што перад гэтым лесам нас якраз дагнаў малдаванін, які жыў на Зарасляку і спяшаўся туды на вячэру. Інакш мы маглі б і заблукаць там, бо літаральна за некалькі хвілін навалілася цемра. Сцежкі там няма, спуск проста па каранях дрэваў, якія тырчаць з зямлі. Гэты малдаванін расказаў нам, што з гэтага Зарасляка досыць складана выехаць нават днём, таму мы дарма так разлічвалі на цывілізацыю ў гэтых мясцінах.
Як выявілася, ён меў рацыю. Базе, якую Тарас абазваў старажытным савецкім санаторыем, было далёка да цывілізацыі. Не, адпачываць тут добра, усё ёсць, але тут нават складана злавіць сувязь і выехаць адсюль - цэлая гісторыя. Калі мы прыйшлі, на базе стаяла каля дзесяці машын, але ніводная з іх нікуды не збіралася ехаць. Прыйшлося ісці ў адміністрацыйны будынак, шукаць які-небудзь персанал, каб мы маглі выклікаць таксі. Дзякуй небу, што я набыў у Івана-Франкоўску сімку "Кіеўстара". Толькі гэтую сувязь тут можна злавіць. Ёсць адное месца на другім паверсе ў сталовай, дзе каля вакна, паклаўшы тэлефон на сурвэтку, можна злавіць сігнал. Так Тарас і выклікаў таксі. Да Варохты адсюль 20 кіламетраў, але (увага!) таксі едзе 50 хвілін. У адзін бок. І адваліць нам прыйшлося 300 грывен, хаця, на самой справе, гэта канешне танна. Пакуль мы сядзелі і чакалі таксоўку, вахцёрша (ці, можа, у яе іншая пасада) развешвала бялізну прама на лесвіцы.
Паездка атрымалася вясёлая. Таксіст апынуўся цікаўным суразмоўцам і распавёў фактычна пра ўсё, што можна было: і пра палітыку, і пра эканоміку, і пра вайну, і пра сацыяльнае становішча. Мы адразу зразумелі, чаму тут такая праблема з транспартам - горшай дарогі я яшчэ не бачыў у жыцці. Максімальная хуткасць 20-30 км у гадзіну, пажадана поўны прывад і добрая падвеска - інакш можна развітацца з машынай. Каля дзесяці вечара былі ўжо на вакзале. Яшчэ чатыры гадзіны чакалі цягніка. За паўгадзіны да яго невядома адкуль пачалі сцягвацца людзі, ледзь не поўны будынак набіўся. Спаць прыйшлося на верхніх бакавушках, іншых месцаў не было. І хоць Тарас казаў, што яны занадта вузкія, усё абыйшлося. У 08.10 раніцы мы прыбылі ў Львоў.
Далей мы цэлы дзень правялі ў Львове, бо цягнік на Ковель быў толькі ў 21.46 вечара. Тарас пазнаёміўся з гэтым цудоўным горадам, здаецца, ён нават яму спадабаўся. Мы наведалі аўтэнтычныя тутэйшыя месцы - Львоўскую капальню кавы, майстэрню шакалада, плошчу Рынак, Высокі замак, нарэшце нармальна паелі, накупілі сувеніраў і вясёлыя скочылі ў цягнік. Далей нам толькі шанцавала. У Ковель прыехалі ў гадзіну ночы, а праз паўгадзіны селі ў аўтобус да Брэста. Мяжу літаральна праскочылі, таму прыехалі на паўгадзіны раней, а таму паспелі на ранішні цягнік на 06.20 да Мінска. У Мінску былі ўжо ў 11 раніцы.
Так скончылася гэтае падарожжа ў 5 дзён і 6 начэй, якому шмат чаму навучыла нас, шмат чаго паказала і шмат чым захапіла. А галоўнае, крыху вырвала мяне з гэтай руціны і нудоты...

горнае, успаміны, вандроўкі, падарожжы, Тарас

Previous post Next post
Up