Учора ездзіў у камандыроўку і зноў трапіў у няёмкае становішча :)
Вы ведаеце адзіную ў нашай краіне трасу, якая ўключае ў сябе паромную пераправу? Маю на ўвазе, што траса перарываецца рэчкай і маста няма :) Ёсць такая! Гэта траса Р90 - "Парычы-Чырвоны Бераг". Самае цікавае, што я ўжо аднойчы сутыкаўся з ёю, але тое было падчас маёй чацвёртай вандроўкі па Беларусі разам з А. яшчэ 5 год таму.
Вось, што я тады пісаў:
"Вось так мы і ехалі. Да гэтых Парыч адлегласьць была каля сотні кіламетраў. Праехалі праз Азарычы, а пасля ўжо былі і Парычы. Тут нам пашанцавала. Толькі мы пад’ехалі да Бярэзіны, як кіроўца нам сказаў, што паром адыходзіць праз некалькі хвілін і нам трэба пасьпяшацца. Мы так і зрабілі і ўпершыню ў сваім жыцьці зайшлі на палубу парома. Я чамусьці раней нават і не думаў, што ў Беларусі ёсьць такі транспарт, аднак жыцьцё гатуе табе кожны дзень суплёт адкрыцьцяў новых, таму тут няма нічога дзіўнага. Дзіўнае было ў тым, што на мапе Арцёма ніякага парома не было, тут нават і ракі не былоJ, у тым сэнсе, што дарога на Чырвоны Бераг не абрывалася Бярэзіной. А зараз мы стаялі на палубе, гледзячы на тое, як ў метрах трыццаці барахтаюцца ў вадзе людзі. На палубе было дзьве машыны, а на лаўках у кабінцы сядзелі чалавек пятнаццаць. Паром стомлена адыйшоў ад аднаго берага і з нетаропкасьцю паплыў. Самы час быў спытацца ў людзей, як адсюль дабірацца да Чырвонага Берага. І тут чакала яшчэ адное зьдзіўленьне: людзі пачалі нам казаць, што мы не туды едзем, што нам трэба зусім у іншы бок. Выявілася, што ў гэтым раёне ёсьць яшчэ адзін Чырвоны Бераг, дзе, маўляў, зьбіраецца моладзь на тусоўцы, таму людзі думалі, што мы накіроўваемся менавіта туды, аднак ў рэшце рэшт апынулася, што едзем мы правільна, аднак гэты шлях быў даволі цяжкі і зьвілісты. Нам параілі спытацца ў кіроўцаў гэтых машын, ці не едуць яны ў Чырвоны Бераг, бо да яго было яшчэ кіламетраў трыццаць з гакам. Вядома, ніхто туды не ехаў, таму ўсё спадзяваньне было на ногі і які-небудзь транспарт на тым беразе. А пакуль мы знялі відэа на памяць. Уся пераправа заняла прыкладна дзесяць хвілін. Некалькі хвілін я палюбаваўся водамі Бярэзіны, а потым мы сыйшлі на другім беразе. Людзі адразу кудысьці разьбегліся, а пайшлі прама па дарозе, хаця дарогай гэта было назваць цяжка. Міма праляцелі “жыгулі”, праз момант пракаціўся і “казёл” “рамонтна-тэхнічная”, аднак супыніўся. Кіроўца кінуў нам: “Што, надта ганарыстыя? Сядайце”. Мы забраліся ў бобік, і я пацікавіўся, што прымусіла іх зьмяніць маршрут і рашэньне. Аказваецца, маршрут тут быў адзін, бо ніякіх іншых дарог у гэтай мясцовасьці не было. Да бліжэйшага населенага пункта, куды яны і ехалі - Шчадрын, - было трынаццаць кіламетраў, і я проста не ўяўляю, колькі б нам прыйшлося паўзці па гэтай гравійцы і пылу. Завязалася гутарка, якая была дастаткова цікавай. Арцём пытаўся, куды падзеўся асфальт з гэтай дарогі - Р90. Кіроўца сказаў яму, што варта зьмяніць мапу, бо асфальту тут ён ніколі не бачыў, а заадно расказаў гісторыю, як ён аднойчы ехаў па мапе ў Маскву і заехаў у чыйсьці двор, бо па мапе праз гэты двор праходзіла шасэ, што выклікала рогат у гаспадара, які сказаў, што ніякіх дарог тут няма з вайны. Цікава, на якія мапы абапіраліся стваральнікі мапы Арцёма - ваенныя ці даваенныя?
Гэта была крутая паездачка. З вецярком, з пылам, які лез праз усе дзірыны і шчыліны, са сьмехам і зьдзіўленьнем. Праз пяць хвілін мы сядзелі ў такім тумане, што нічога бачна не было. А бобік ляцеў сабе з хуткасьцю кіламетраў 90 ў гадзіну так, што сэрца час ад часу ёкала. Мы абагналі і “жыгулі”, з лёгкасьцю прайшлі віражы і павароты. Арцём усё зьдзіўляўся, якім чынам гэты бобік прайшоў тэхагляд, калі паўсюль тырчалі правады, а з кожнай дзірцы лез пыл. Нарэшце з’явіўся асфальт і праз хвіліну мы заехалі ў вёску. Яны нас высадзілі на павароце, самі паехалі напрва, а нам параілі ісьці на прыпынак і чакаць аўтобус на Чырвоны Бераг. Мы падзякавалі і пайшлі прама. Міма праехаў аўтобус, праўда, у іншы бок. Мы завіталі ў мясцовую краму, дзе зьдзівіліся тутэйшым цэнам на Вейнянскі Раднік, які тут каштаваў 1950 рублёў за два літры. І хаця ў апошні час якасьць Радніка не радуе, аднак варыянтаў у нас было няшмат. Прыйшлі на прыпынак, паглядзелі расклад і зразумелі, што чакаць нам яшчэ амаль гадзіну. А зараз было роўна пяць гадзін".
А зараз мне трэба было ў Новы Востраў, а потым - у Салігорск. Вырашыўшы не вяртацца назад на Бабруйск, бо дарога там будуецца, паўсюль абмежаванні і нязручнасці, я дадумаўся махнуць па Р90, каб потым транзітам праз Акцябрскі і Глуск выехаць на 55. Я праехаў Чырвоны бераг, якраз міма былой сядзібы, даехаў да Шчадрына і, калі праз пару кіламетраў пачалася гравійка і пясок, успаміны пяцігадовай даўніны пачалі прачынацца. Паказалася Бярэзіна, але я яшчэ на нешта спадзяваўся. Яшчэ праз кіламетр я упёрся ў раку. Дарэчы, я пад'ехаў якраз у час (10.30), калі па раскладзе паром павінен быў адыходзіць з майго боку, але ён спакойна стаяў на прыколе на тым баку, у Парычах. Я патаптаўся, пасігналіў, пачакаў 10 хвілін і вырашыў ехаць назад. Бо чакаць, гэта з улікам, што паром ездзіць, гэта як мінімум гадзіна, а мне яшчэ ў Старобіне і Салігорску трэба правесці некалькі сустрэч. Крыўдна, бо паміж берагамі ўсяго 160 метраў, а я толькі 80 кіламетраў праехаў ад Новага вострава сюды (у два бакі). І яшчэ столькі ж, каб апынуцца на адной лініі з Парычамі па дарозе на Глуск. Дальбог, гэта было весела!
Ну, ужо зараз я назаўсёды запомню гэтую трасу :)
Крыху візуалізацыі: