Праз нейкі час пасля ўвядзення новых старых “чорных спісаў” беларускіх музыкаў, натыкнуўся на
інтэрв’ю лідара Ляпісаў Міхалка. На пытанне, што ж трэба рабіць у дадзенай сітуацыі, каб выйсці з яе, Сяргей адказаў, што, па-першае, трэба інфармаваць беларусаў пра тыя зверствы, што адбываюцца ў краіне, а, па-другое, трэба, каб суседзі звярнулі ўвагу на нашу сітуацыі і ўмяшаліся... Я не вельмі здзівіўся гэтаму адказу, бо і сам думаў падобным чынам яшчэ некалькі гадоў таму. Спадзёў на крыніцы праўдзівай інфармацыі ды на замежжа быў моцны. Але, ішлі годы, і разуменне змянялася.
Прасцей з другім пунктам. Спадзявацца на тое, што суседзі зробяць за нас нашу працу, і ўсталююць тут больш гуманны лад жыцця ды ўстойлівую эканоміку, не выпадае проста з-за таго, што на наш конт у іх іншыя задачы і мэты.
Інфармаванне, здаецца, і падрэбна, але толькі тым, хто сам шукае патрэбную інфармацыю. І калі раней слабае ўяўленне беларусаў пра тое, што адбываецца ў іх уласнай краіне, можна было спісаць на цяжкасці доступа да інфармацыі, то сёння ў час развіцця інтэрнэта, калі некалькі камп’ютараў ёсць у кожнай кватэры, а сусветным сецівам магчыма карыстацца нават на вуліцы, на цяжкасці доступа спісаць не атрымліваецца. Так, якасць падачы інфармацыі з боку “незалежных” СМІ слабая і часцяком аднабаковая, але гэта хоць нейкая альтэрнатыва дамінуючым дзяржаўным каналам інфармацыі, якая застаецца незапатрабаванай шырокімі плынямі маіх суайчыннікаў.
Судзіць пра гэта я магу хаця бы па сваёй працы. У нас адсутнічае інтэрнэт на камп’ютарах, але існуе ўнутраная сетка. Дык вось, туды ў адмысловую тэчку я ды яшчэ некалькі чалавек скідвае загадзя спампаваныя навіны, якія распавядаюць пра палітычныя, эканамічныя ды сацыяльныя праблемы ў нашай дзяржаве. Ці запатрабаваны гэтыя навіны? Судзячы па каментах, кшталту “скіньце лепш “Авторевю” ці часопісы пра мабільнікі”, нядужа. А гэта праектны інстытут, дзе працуюць досыць адукаваныя людзі.
Акрамя таго шматлікія мае знаёмыя выкарыстоўваюць інтэрнэт выключна для наведвання сацыяльных сетак.
Мае думкі, што ж трэба рабіць у дадзенай сітуацыі акрамя інфармавання, і можа быць у першую чаргу, напішу ў наступнай нататцы.