Тыя, хто бываў у азіяцкіх краінах ці на Каўказе не маглі не заўважыць вельмі агрэсіўны стыль паводзінаў кіроўцаў на дарогах.
Чым каляровейшая падсветка, чым гучнейшае музычнае суправаджэнне з дынамікаў, чым хутчэйшая хуткасць і чым меншае зважанне на правілы дарожнага руху, тым вышэй павінны быў, мабыць, каціравацца кіроўца ў вачах іншых кіроўцаў і тым больш пешаходаў. Так было, прынамсі, у Ашхабадзе пачатку 90-х.
У красавіку 1991-га на пешаходным пераходзе праз вуліцу Худайбердыева каля кавунова-дыннага міні-рынка Сумбар майго бацьку, летучы на чырвонае святло, збіў малады туркмен. Бацька паспеў заўважыць момант наезду, неяк умудрыўся падскочыць на капот, таму абыйшоўся толькі пераломам левай галёнкавай косці. Карацей, застаўся жывы.
Але туркмену ўсё роўна пагражала крымінальная справа.
Як аказалася, туркмен быў з багатай сям’і (у такіх выпадках ні з якай іншай сям’і ён быць, канешне ж, не мог), упрошваў не пачынаць справу, нешта абяцаў. Бацька адмовіўся. Думаю, не праз чалавекалюбнасць, а таму што “лепей з імі не звязвацца, бо заб’юць яшчэ”.
Пару разоў туркмен прыязджаў у шпіталь (і на тым дязкуй), прывозіў пакункі з садавінай, а таксама падараваў два двухтомнікі:
1. Зборнік твораў Анорэ дэ Бальзака і
2. “Куклу” (“Ляльку”) Баляслава Пруса.
Бацька як вайсковец, канешне ж, гэтыя кнігі не чытаў. Не ведаю, ці гартаў нават. Пагартаў іх я. Больш мяне зацікавіў Бальзак, але толькі таму, што ў той час я быў у палоне псеўдагістарычных французскіх раманаў. Хутка заўважыўшы, што дыялогаў на дзясяткі старонак як у Дзюма няма, тэксты складзеныя з велізарных абзацаў як панельныя дамы з плітаў, адкалаў Бальзака ў бок. Чамусьці, мне запомнілася, што у зборніку быў твор “Бедныя людзі”, але сёння, не ўпэўнены, ці не блытаю з Дастаеўскім.
Двухтомная “Кукла” Пруса была танчэйшая за Бальзака. Прабегся вачыма, адначасова ўспамінаючы шэрую, аблупленую Польшчу, якую я шмат разоў бачыў з цягніка “Вюнздорф-Масква”; пшэкаючых па-руску палякаў, якія прадавалі электронныя гадзіннікі і круглыя значкі з выявамі папулярных тады рок- і поп-гуртоў; вельмі слабую на той час зборную Польшчы па футболе; а таксама імёны нейкіх Іржы Керча і Іржы Чыжэўскага, якія чамусьці ў мяне асацыяваліся з фільмам “Чатыры танкісты і сабака”.
На старонках “Куклы” вока адразу пачалі рэзаць паны Вакульскі і Дэклеўскі. А да “паноў” у мяне ўжо тады нехта прышчапіў трывалае непрыняццё. Карацей, “Куклу” адклаў з поўнай упэўненасцю, што такое дакладна ніколі чытаць не буду.
Праз пару гадоў Бальзак з Прусам у вялікім металічным кантэйнеры-“пяцітонніку” разам з іншай нашай маёмасцю былі дастаўленыя з Ашхабада ў Печы. Тым часам я зняў салдацкія боты і паціху пачаў уцягвацца ў цывільнае жыццё. Абудзілася даўняя прага да чытання, перад вачыма раскрылася Беларусь з мовай. А раз раскрылася Беларусь з мовай, то патроху пачала знікаць нейкая перадузятасць і да ўсяго польскага.
Тут я і прачытаў “Куклу”. Адным залпам прачытаў. Цікавейшая рэч аказалася.
***
Недзе з месяц таму прапанаваў і сваёй Вользе пачытаць Пруса. Шукалі з ёй разам “Куклу” сярод бацькавых кніг, але не знайшлі. Знікнуць не магла, але куды завалілася, незразумела.
***
А тыдзень таму набыў у “Галерэі Ў” выпуск Arche “Беларусы ў Варшаве”, учора ўвечары прагартаў паўважлівей, а там, як высветлілася, пачатак Прусавай “Лялькі” па-беларуску надрукаваны!
Думаю, варта ўсё ж перачытаць, улічваючы зусім іншы мой багаж ведаў пра Польшчу. Ну, і тым больш, што па-беларуску.
P.S. Вось так і нараджаюцца часам такія агромністыя псто ў маім жж :)