Самая ўплывовая і самая шматлікая партыя ў Беларусі, канешне ж, БХД, якая, як вядома, робіць стаўку на танны і няякасны PR. Адзін з складнікаў гэтага назойлівага самарэкламавання - спіс кандыдатаў у дэпутаты ў мясцовыя саветы даўжынёй ад макаўкі Севярынца да ягоных пятак (і нават крыху больш), які ў лепшыя PR-часы налічваў нібыта 300 асобаў:
Здымак svaboda.org
Шырокай грамадскасці азнаёміцца з тым спісам БХД так і не дазволіла, але на інтэрнэт-агляд была вымушана выставіць іншы спіс пад гучнай назвай - “Спіс Рады Народных Дэпутатў” (падаю з захаваннем арфаграфіі). Шмат хто цалкам небеспадстаўна западозрыў сустаршынства БХД у махінацыях, але прамых доказаў не меў.
Папіваючы ранішнюю каву і гартаючы “спіс” “народных дэпутатў” мой позірк раптам спатыкнуўся на радку:
1 Іваненка Сяргей Алегавіч Барысаў №20 Барысаўская гарадская (выбарчая акруга) гарадскі (савет)
Прынтскрын з bchd.info
Стоп, сустаршыні! Давайце пачнем з пунктаў нязначных:
1. У Барысаве няма гарадскога савета. У Барысаве ёсць савет раённы;
2. А раз савет раённы, то і акруга не Барысаўская гарадская, а раённая.
Заўвагі дробныя, згодны, але нават яны характарызуюць шалтай-балтайскі падыход БХД да працы.
Цяпер пункты пазначней:
3. У Барысаве грамадзянін Іваненка Сяргей Алегавіч не пражывае. Такога чалавека ў горадзе Барысаў проста няма, але ёсць…
4. …Іваннікаў Сяргей Алегавіч, сябра Партыі БНФ, малады яшчэ чалавек, які, на вялікі жаль, мае хранічныя праблемы са здароўем, праз што ўвогуле вельмі часта выпадае з грамадскага жыцця.
5. Тэлефаную Сяргею, каб спраўдзіць, ці слушная інфармацыя на сайце БХД. Атрымаўся такі дыялог (падаю з скарачэннямі без “прывет-пакуль”):
Я: Ці ведаеш ты такую арганізацыю як БХД?
Сяргей Іваннікаў: Беларускі Хельсінскі Камітэт?
Я: Не. Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя.
Сяргей Іваннікаў: Аааа. Яны мне нешта высылаюць час ад часу. Матэрыялы свае розныя.
Я: Ты ўжо ўступіў у БХД?
Сяргей Іваннікаў: Не. Я заўсёды ад самага пачатку быў у БНФ і застаюся ў БНФ.
Я: А ці вылучаўся ты кандыдатам у дэпутаты на мінулых выбарах ад БХД?
Сяргей Іваннікаў: Не. Якім кандыдатам? Ты што?
Я: А вось на сайце БХД пазначана, што ты народны дэпутат ад іх па Барысаўскай акрузе №20. Дык вылучаўся ты ці не?
Сяргей Іваннікаў: Не, не вылучаўся. Вясной мне не да гэтага было. Праўда, званіла мне з Менску зімой жанчына адна… Валерыя. Прозвішча такое рускае ў яе. Прозвішча запамятаваў.
Я: Чарнаморцава?
Сяргей іваннікаў: Так, Чарнаморцава. Прапаноўвала мне вылучацца ад БХД. Я адмовіўся. Не ведаю, як я патрапіў у іх спісы.
Moralité. А ці патрэбнае яно - гэтае moralité - увогуле, калі справа датычыць БХД? :)