Вынік датэрміновага галасаваньня на Барысаўскай гарадзкой акрузе Зьмітра Бабіцкага ня самы кепскі. Магло б быць і значна горш, зважаючы на агульнанацыянальныя лічбы :)
Заўтра самы важны дзень. Адматаліся сёньня. Перадалі ва ўсе тры ўчастковыя камісіі нашай акругі заяву кандыдата ў дэпутаты (гл. пад катам) і па рэакцыі старшыняў і сакратароў камісіяў зразумелі, што сумленны падлік галасоў на акрузе адбывацца ня будзе.
Адсотак датэрміновага галасаваньня па ўчастках і рэакцыя на прапанову правесьці паасобны падлік галасоў у скрыні датэрміновага галасаваньня, скрыні асноўнага дня і перасоўнай скрыні:
1. Участак №13 - 16,51% - гарантавалі, што бліжэй за 3-4 мэтры да стала падчас падліку галасоў не падпусьцяць;
2. Участак №16 - 27,83% - адразу ўспрынялі ў штыкі ідэю паасобнага падліку галасоў па скрынях, але праз паўгадзіны, паастыўшы, паасобны падлік па скрынях паабяцалі, але толькі агульнай колькасьці прагаласаваўшых выбарнікаў - па кандыдытах лічбы не дадуць;
3. Участак №17 - 12,50% - міла моўчкі паўсьміхаліся і нічога ані пацьвердзілі, ані адмовілі.
За Бабіцкага галасуюць датэрмінова, так. Гэта адчуваюць участковыя камісіі, мы гэта ня раз чулі і бачылі вельмі выразна. “Вы хоть почитайте за кого голосуете”, - у апошнім спадзяваньні зьвярталася да пэнсіянэраў дырэктарка гімназіі. “А мы знаем за каго, за гэтага, за маладога, за Бабіцкага…”
Нешта будзе! Будзе! :)
P.S. Ледзь павесіў псто, нешта інэт пачаў раптам глючыць. Зноў крывавы рэжым вінаваты ці што? :)))))
Заява Бабіцкага ў выбарчыя камісіі:
Заява
Паведамляю ўчастковай камісіі, што:
1. Паводле ч.2 арт. 55 Выбарчага кодэксу РБ старшыня участковай выбарчай камісіі павінен забяспечыць ПААСОБНЫ падлік бюлетэняў па ўсіх скрынях, якія знаходзяцца на выбарчым участку. Адмова выканаць гэты пункт выбарчага заканадаўства і змешванне бюлетэняў з розных скрыняў аўтаматычна будуць азначаць, што падлік галасоў на выбарчым участку адбыўся непразрыста і вынікі выбараў з’яўляюцца сумнеўнымі.
2. Назіральнікам павінна быць адведзена месца каля стала, за якім вядзецца падлік бюлетэняў. Калі назіральнік не будзе дапушчаны да стала і не будзе бесперашкодна бачыць адзнакаў у бюлетэнях, гэта азначае, што камісія хавае ад назіральніка сапраўдныя вінікі выбараў. З свайго боку я гарантую карэктныя паводзіны маіх давераных асобаў падчас падліку галасоў.
3. Паводле ч.11 арт. 55 Выбарчага кодэксу РБ старшыня ўчастковай камісіі павінен прадаставіць назіральніку падпісаную копію пратакола. Адмова выканаць такое патрабаване будзе аўтаматычна азначаць, што камісія парушае прынцып галоснасці і празрыстасці выбарчага працэсу.
4. Я, як кандыдат у дэпутаты, пакідаю за сабой права паведаміць 788 асобам, якія падпісаліся за маё вылучэнне, аб выніках выбараў па кожным з участкаў і аб тым, у якіх умовах і як адбываўся падлік галасоў.
Лічу патрэбным таксама нагадаць сябрам камісіі аб тым, што крымінальным і адміністратыўным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь прадугледжана адказнасць за парушэнні ў галіне выбарчага права. У прыватнасці, такая адказнасць усталявана арт. 191, 192 Крымінальнга кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама арт. 9.10 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь.
Няпоўны пералік правапарушэнняў, за якія прадугледжана адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, утрымлівае арт. 49 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Сярод іх: перашкаджэнне шляхам гвалту, пагрозаў, падману, подкупа ці іншым чынам свабоднаму здзяйсненню грамадзянінам права ўдзельнічаць або не ўдзельнічаць у выбарах, выбіраць і быць абраным дэпутатам мясцовага Савету дэпутатаў; падлог дакументаў па выбарах, загадзя неправільны падлік галасоў ці іншае скажэнне вынікаў галасавання; распаўсюд загадзя ілжывых звестак, якія ганьбяць кандыдата ў дэпутаты мясцовага Савета дэпутатаў; здяйсненне іншых парушэнняў патрабаванняў Выбарчага кодэкса і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь аб выбарах.