У выбарах - сіла

Apr 05, 2010 09:19

Сёньня раніцай на ўэб-старонцы “Радыё Свабода” зьвяіўся мой адказ на пытаньне, чаму я ўдзельнічаю ці ня ўдзельнічаю ў мясцовых выбарах. На гэтае ж самае пытаньне адказалі мае сябры і паплечнікі - маладыя палітыкі-блогеры Алесь Лагвінец (lahviniec), Алесь Міхалевіч (michalevic) і Юрась Губарэвіч (hubarevich) зь Менску, Алесь Зарэмбюк (zarembiuk) з Мастоў і Алесь Чыгір (ales_chyhir) з Бабруйску.

Усе адказы шукайце тут.

А ўласна мой з здымкамі - тут, а бяз здымкаў - пад катам.

Настроіцца на ўдзел у выбарчай кампаніі ў Беларусі пры адсутнасьці правілаў гульні няпроста, але ўцягнуцца лёгка. Прычым з галавой і нагамі - уцягваюць людзі. Уцягнуўся і я, але ўжо ня ў якасьці прэтэндэнта, а ў якасьці кіраўніка ініцыятыўнай групы Дзьмітрыя Бабіцкага, маладога эканаміста, сябра Партыі БНФ і прыхільніка руху “За свабоду”.

Асабіста мне няпроста было прыняць канчатковае рашэньне, ці выстаўляць сваю кандыдатуру на мясцовых выбарах. Фактычна да апошняга дня я вагаўся паміж удзелам і няўдзелам. І ўсё ж адзін аргумэнт на карысьць часовай паўзы пераважыў. З 2003 году я актыўны фігурант палітыкі на мясцовым узроўні - тройчы балятаваўся ў мясцовыя саветы, а таксама двойчы ў парлямэнт, прычым кожная кампанія, на маю думку, толькі замацоўвала мае пазыцыі. Адна з гэтых кампаніяў была пераможнай, адну я сустрэў у міліцэйскім ізалятары, падчас чатырох зь іх мяне не зарэгістравалі кандыдатам, выкарыстоўваючы шэрыя схемы ціску на людзей, якія падпісваліся і жадалі за мяне галасаваць. Здавалася, прыйшоў самы час перавесьці дыханьне.

Аднак падтрымка кандыдатуры Бабіцкага, чалавека, якому я давяраю і бачу пэрспэктывы ягонага росту, была для мяне найлепшым выйсьцем з асабістай дылемы. Я ня выпаў зь мясцовых выбараў, а, бадай, стаў рухавіком кампаніі свайго сябра. Без асаблівай напругі ў падтрымку Бабіцкага было сабрана 788 подпісаў - падпісаўся кожны пяты дарослы жыхар акругі. Дзеля яго вядомасьці і пазытыўнага іміджу людзі лёгка адчынялі свае кватэры. Недарма ў 2007 годзе Зьміцер паводле пратаколаў з участковых камісіяў, якія атрымалі на рукі назіральнікі, узяў першае месца з адрывам ня менш за 300 галасоў, хаця паводле дзіўных афіцыйных зьвестак прайграў дваццаць два.

Для пралетарска-вайсковага Барысава такая падтрымка кандыдата, які праводзіць сваю кампанію па-беларуску і не хавае сваёй апазыцыйнасьці, здавалася б, незвычайная. Але насамрэч сакрэты посьпеху знаходзяцца на паверхні. Нефармальная грамадзкая ініцыятыва “За чысты Барысаў!”, дзейнасьць ад імя якой з 2007 году знаходзіцца фактычна пад пракурорскай забаронай, здолела дамагчыся вырашэньня шэрагу гарадзкіх праблемаў. Найперш зьвязаных з рамонтам дарог і дзіцячых пляцовак. А былі ж яшчэ кампаніі за дамафанізацыю пад’ездаў, пабудову падземных пешаходных пераходаў і інш. Многія жыхары Барысава гэта добра памятаюць і цэняць.

Мясцовыя выбары - гэта тэст на давер мясцовых жыхароў да мясцовай апазыцыі. І цалкам ігнараваць такую магчымасьць было б няправільна. Гэта праўда і адначасова няпраўда, калі кажуць, што толькі падчас выбараў апазыцыя можа прыйсьці да людзей. Да людзей можна і патрэбна прыходзіць і па-за выбарамі, галоўнае, каб было з чым прыйсьці. Аднак выбары маюць адну істотную перавагу - яны адкрываюць дадатковыя каналы камунікацыі зь людзьмі і напаўняюць вобраз мясцовых апазыцыянэраў важным зьместам. Толькі ў часе выбараў апазыцыя, выціснутая па-за межы сыстэмнага грамадзка-палітычнага жыцьця, становіцца рэальнай альтэрнатывай, калі прымушае выбарнікаў вызначацца паміж двума “альбо” - альбо “за”, альбо “супраць”.

А асабліва важны ўдзел у мясцовых выбарах, я бачу, для маладых дэмакратычных актывістаў. Для многіх зь іх удзел у якасьці кандыдата дапаможа пазбавіцца ад комплексу “гарадзкіх разбойнікаў” і паспрыяе лепшаму разуменьню тых праблемаў, якім жыве грамадзтва. “Добра, што вы такія ёсьць”, - калі нешта такое чую ад людзей, якія ставяць свой подпіс у нашу падтрымку, пазбаўляюся апошніх сумневаў. У выбарах - сіла.

"выбарчыя" кронікі-2010, рухавік прагрэсу, "выбары"

Previous post Next post
Up