Жудасны Крывой Рог быў ужо далёка ззаду. Прыкладна ў гэты час роўна год таму я зь сям’ёй на Alfa Romeo 146 праяжджаў Кахоўскую ГЭС. Па шыбах хвастала моцная залева. Наперадзе нас чакаў райцэнтар Чаплынка, за некалькі кілямэтраў да якога мы былі тараненыя МАЗ-ам, наладаваным двума прычэпамі шпалаў. Аварыя адбылася паміж 00-00 і 01-00 начы зь 9 на 10 ліпеня 2008 году. Як мы засталіся жывыя, я дагэтуль не разумею.
Эвакуяваная Alfa ў двары Чаплынскага РАУС.
Першая раніца пасьля аварыі. Мая дачка Дамініка ў чаплынскім "гатэлі". Больш здымкаў не рабіў, не было маральных сілаў.
ЗЫ. Працягваю свой “Слоўнічак майго дзяцінства”. Каму цікава, зазірайце пад кат.
Ёшка
Мае бацькі вельмі ганарыліся тым, што я досыць рана навучыўся чытаць. Ужо ў пяцігадовым узросьце я чытаў газэту “Правда”. Вядома, я ані каліва не разумеў, але мне падабаўся сам працэс чытаньня вялізнай дарослай газэты, сьпярэшчанай маленечкімі літаркамі. Чытаў “Правду” я і суседзкаму аднагодку Ёшку, які не разумеў з прачытанага мною, мабыць, яшчэ больш, чым я. Ёшка ў тым веку ўвогуле не гарнуўся да чытаньня. Сумняюся, што ён і сёньня горнецца, Ёшка займаецца бізнэсам і досыць пасьпяхова. А я ўсё працягваю чытаць…
Жуйкі
У вайсковы гарадок Печы раней можна было патрапіць строга па прапусках альбо нястрога - праз бэтонны плот. Але мы не адчувалі сябе нейкімі абдзеленымі ці адасобленымі ад астатняга сьвету. Наадварот! Нашы сябры, якія з бацькамі прыяжджалі ў водпуск з ГДР, ЧССР ці ВНР, далучалі нас да астатняга сьвету праз жэлятынавых мішак, г.зв. “сасалкі” ці жуйкі. Самымі крутымі лічыліся гэдээраўскія жуйкі - гэткія рознакаляровыя шарыкі. Жавалі мы іх тыднямі, дадавалі цукар, зьмешвалі з сочывам, нібы ад сэрца адрывалі перажаваныя сто разоў і высмактаныя дарэшты кавалачкі жуйкі і без асаблівай ахвоты дзяліліся з прыяцелямі (“дай пажаваць”). Памятаю, як я ляцеў у ваентограўскую краму, калі па Пячах папаўзьлі чуткі, што прадаюцца нашыя (!) жуйкі - апэльсынавыя плястынкі. Аднак радасьць ад іх была невялікая - з продажу яны імгненна зьніклі, смак не трымалі і былі вельмі крохкія, не ляпіліся ў цягучы камяк.
“Запарожац”
У майго бацькі ніколі не было аўтамабіля. Больш за тое, я ўжо ніколі не даведаюся, ці ўмеў ён увогуле кіраваць. Рэдка калі дома ўздымалася тэма, што сям’і патрэбны аўтамабіль. Зрэшты, насамрэч ён ня надта і быў патрэбны - мы часта пераяжджалі зь месца на месца (прычым за тысячы кілямэтраў) і падчас пераездаў ён быў бы дадатковай праблемай. Аднак ва ўсіх маіх дзядзькоў па матчынай лініі - з Зэльвы, Смургоняў, Астраўца - свае ўласныя аўтамабілі былі. Прычым ва ўсіх - “запарожцы”. Тры “запарожцы” ў бабульчыным двары азначалі, што ўсе ў зборы. Наша сям’я зь нямецкімі чамаданамі прыяжджала ў вёску альбо, як казала бабуля, алтобусам Сломінь (Слонім) - Боркі, альбо таксоўкай. Смургонскі “запарожац” псаваўся найчасьцей, аставецкі быў найбольш дагледжаны, а над зэльвенскім экспэрэмэнтавалі (аднойчы ў яго зьмясьцілася дзевяць чалавек разам зь дзецьмі). У тыя часы лепшага аўтамабіля за “запарожац” я ня ведаў.