З творчасьцю пісьменьніка Альгерда Бахарэвіча да таго моманту, як я пачаў чытаць ягоны раман “Сарока на шыбеніцы”, знаёмы ня быў. Імя, вядома, чуў, аднак нічога зь ягонага даробку дагэтуль не чытаў. Неяк творчасьць маладах (ці ўчора яшчэ маладых) пісьменьнікаў мяне не прываблівала. Я ня ёсьць знаўцам маладой беларускай літаратуры, аднак тое, што траплялася раней на вочы ў часопісных і газэтных фарматах аказвалася зусім не маім: не кранала, не прымушала суперажываць, а, часам, і наадварот - адварочвала.
Прызнаюся, што мяне крыху адштурхоўвала і імя Альгерд. Я зусім ня супраць таго, калі нехта спрабуе беларусізаваць ці літуанізаваць сваё імя. Некалі сам праз гэта прайшоў (быў Сержуком, зрэшты, ім і застаўся), аднак не хацелася бачыць у пісьменьніку асобу з заміталягізаванай, ура-патрыятычнай сьвядомасьцю. Хацелася бачыць чалавека. І ў Бахарэвічу менавіта чалавека я і ўбачыў.
“Сароку на шыбеніцы” я вырашыў набыць пасьля таго як прагледзеў
інтэрвію з Альгердам на сайце “Радыё Свабода”. Хутчэй нават не інтэрвію, а ананімныя камэнты да яго. Пасьля прачытаньня камэнтаў давялося ўважлівей перачытаць інтэрвію. Выбар быў зроблены адназначны - раман набуду і абавязкова прачытаю, бо я адкрыў для сябе асабіста важную рэч - Бахарэвічавы думкі вельмі блізкія мне.
І я магу ўсьлед за Альгердам паўтарыць - так, у Беларусі жыцьцё ўбогае! Трэба ўмець гэта прызнаць, каб яскрава разумець, на якім грунце будаваць наш дом. Сёньня мы па шыю ў дрыгве і нашая задача, прынамсі, не захлынуцца, выкараскацца з гэтай дрыгвы, абсохнуць, набрацца сілаў, а затым ужо нешта зь пенай у рта адзін адному даказваць.
“Сароку на шыбеніцы” яшчэ не дачытаў, але ўжо дачытваю. Як на мой густ, твор выдатны. Ня так часта я некаму раю АБАВЯЗКОВА прачытаць нешта зь беларускай літаратуры, бо не магу раіць таго, што не кранае. Апошнім часам я раіў і раю “Рыбін горад” Наталкі Бабінай. Сёньня - “Сароку на шыбеніцы”.
У рамане - нашае жыцьцё і вялізная прорва паміж людзьмі. У Бахарэвіча амаль няма “белых” плямаў у творы, калі пачынаеш адчуваць, што правальваесься ў сон - інтрыга, напружанасьць, шчырасьць, глыбіня - усё ёсьць. Стоадсоткава раю! :)
Назва раману ўзята з аднайменнай карціны Пітэра Брэйгеля Старэйшага (1568):