Сёньня пабываў на самюткім усходзе Беларусі - у Амсьціславе на старых гарадзкіх могілках. Пабачыў як тут адзначаецца Радаўніца. Людзей многа - гэта добра, значыць сваіх памерлых сваякоў памятаюць. Але тое-сёе засмуціла.
Найперш засмуціла шыльда:
Неяк, прабачце, па-скоцку яна выглядае, нагадала мне ўваход на нейкі камбінат будматар’ялаў (эстэтыка шыльды проста падкасіла). А за брамамі з гэтай шыльдай ляжаць, між іншым, і стацкі саветнік, і выкладчык духоўнай сэмінарыі, і іншыя, зважаючы на надмагільлі, паважаныя ў ХІХ ст. людзі. А за брамай з гэтай шыльдай ляжаць, між іншым, покатам надмагільныя пліты па мясцовых габрэях…
Засмуцілі, зрэшты, і традыцыі памінаньня памерлых:
Можа я чагосьці не разумею, але сыравяленыя кілбасы, смажаныя куры, місы салатаў і бутэлькі гарэлкі на магілах, неяк выглядаюць, на маю думку, па-блюзьнерску. У маёй сям’і неяк гэтак памінаць ня прынята.