Супэр-шабаны Барысаў

Mar 11, 2009 17:41


Варта было ўчора зьехаць прамоўтэру ;) спартовага Барысава на старонках "Нашай нівы"  andorac-у ў Вільню-Прагу, як ужо сёньня на сайце nn.by зьявілася інфармацыя-перадрук пра Барысаў не зусім спартовага (ці, бадай, зусім неспартовага) накірунку.

Стала вядома, што рэйдэры захапілі “Барысаўжылбуд”, а над чэмпіёнам Алімпійскіх гульняў барысаўцам Андрэем Арамнавым навісла пагроза завядзеньня крымінальнай справы за паўторнае кіраваньне аўтамабілем у нецьвярозым стане. Чамусьці ў гэтым рэчышчы прыгадалася характарастыка, дадзеная gorliwy_litwin-ам, Барысаву як супэр-шабанам. І вось гэтыя навіны, быццам бы, пацьвярджаюць гэтую трапную, на мой погляд, характарыстыку.

Дадам і ад сябе пару мазкоў да паўніні карціны.

Ці ведаеце вы, што ў супэр-шабанах Барысаве знаходзіцца самая лепшая рэстарацыя ў Беларусі 2008 году? А мне вось давялося летась 9 траўня адведаць гэтую дзіўнаватую ўстанову…




Вось так выглядае знадворку "лепшая рэстарацыя Беларусі". Чырвона-зялёнае палотнішча і падсьветка ў вокнах, заўважце, таксама чырвона-зялёная... 
Так, рэстарацыя Барысаўскага мясакамбіната “Королевская охота” прызнана найлепшай у Беларусі на рэспубліканскім конкурсе “Лучший ресторан, кафе года” летась 17 красавіка. Прызнаюся, для мяне гэта было адкрыцьцём. Нават ня проста адкрыцьцём, а вельмі нечаканым адкрыцьцём (калі б я ў момант гэтага адкрыцьця сядзеў на зэдалі, то абавязкова зваліўся б!). Больш за тое, я ніколі ня ўяўляў нават таго ветру, які занясе мяне ў гэтую рэстарацыю, адзін вонкавы выгляд якой ужо наганяў спазматычныя рэакцыі. Аздобленая ў чырвона-зялёныя колеры, аблямаваная плякатамі “За сильную и процветающую Беларусь!”, гэтая рэстарацыя магла абдарыць непрыемнымі сюрпрызамі. Прызнаюся, абдарыла. Ажно занадта…




Каб прачытаць знакаміты лукашэнкавы лёзунг трэба добра-такі задраць голаў…

Абсалютна ўвесь пэрсанал рэстарацыі - ад ахоўніка да афіцыянтак - на грудзёх меў значкі сябраў БРСМ. Пытаюся ў маладзенькай пекнай распарадчыцы: “Што гэта ў Вас, лэдзі, на сьпінжачку?”. Яна чырванее: “Вы знаете, мы все вступили в эту партию…” Ну, думаю, ясна, цікаўлюся: “Няўжо вы верыце ў тое, што гэта найлепшая рэстарацыя ў Беларусі?” Гэтае пытаньне завяло дзяўчыну ў ступар. Маўчыць. Празь нейкі час няпэўна: “Может быть по обслуживанию?.. У нас здесь цены обычные, а спиртное даже дешевле…”




Цяжкі позірк міністра гандлю Іванкова на здымку ў рамцы, разьмешчаным на сьцяне ў холе рэстарацыі. На каго ўпераны гэты позірк? Ці не на ягонага першага намесьніка Міхаіла Сьвянціцкага, які быў старшынём аргкамітэту конкурсу “Лучший ресторан, кафе года”? Гэта аднак невядома. Зрэшты, гэта і ня важна, бо вынік ёсьць: “Королевская охота” - “лепшая рэстарацыя ў Беларусі”!

За барнай стойкай замовіў сабе сьвежавыцісканы сок. Зьдзівіла тое, што яго тут робяць, але ўжо не зьдзівіла, што ціснуць толькі зь яблыкаў і апэльсінаў. Калі замовіў сок у другі раз, заўважыў усьмешку: “Опять сок? Может лучше чего-нибудь покрепче?” “А вось гэта што такое ў Вас?”, - ківаю пытаньнем на пытаньне ў бок брсм-аўскай (хочацца напісаць BSDM-аўскай) значкі. “Это молодежная организация наша”. - “Патлумачце, а навошта Вам гэта трэба?” У адказ - залопалі вейкі на вачах, ніякаватая ўсьмешка, маўчаньне.




А гэта Дамашкевіч на фотагалерэі слынных наведнікаў рэстарацыі. На той час ён быў старшынём Менскага аблвыканкаму. Хлеб-соль - так і трэба сустракаць сваё начальства. Ці не таму ўсьцешаны менаблначальнік напісаў у кнізе наведнікаў: “Прошу! Сохраните традиции!” Відаць, сустрэча з хлебам-сольлю надта спадабалася Дамашкевічу…

Бягучы радок на электронным табло ў фае прасыгналіў пра дасягненьні Барысаўскага мясакамбінату ў выкананьні прагнозных паказьнікаў (падумалася, каму гэта цікава ведаць зь пьянаватых наведнікаў рэстарацыі?). Цікавей было дазнацца, што dj-set у рэстарацыі забясьпечвалі нейкія dj Melnikoff i dj S.A.Y. Я нават быў прыўзьняўся паглядзець, хто ж гэта там так стараецца пацешыць публіку сваімі музычнымі густамі, бо какафонія была ажно занадта спэцыфічная: Алеся зь “Сяброў”, нейкая “Деми Мур”, якая зь кімсьці “делилась секретами”, нават прагучэў “этот День победы” разам з “Золотым кольцом”…




От яно шчасьце барысаўскіх дзяўчатаў! Абляпілі Барыса Майсеева ўчырванелыя… І Барыс учырванелы. Намагаўся прачытаць тое, што расейскі сьпявак напісаў аб наведваньні мясакамбінатаўскай установы, аднак ня здолеў - літары таксама былі “учырванелыя”, распаўзьліся ў розныя бакі…

Седзячы на канапе ў фае на другім паверсе і адпачываючы ад цыгарэтнага куродыму, я ня мог не заўважыць у мэтры ад сябе значкастага ахоўніка рэстарацыі, які двойчы, напінаючы сінія жылы на ілбе і шыі, цягнуў перад сабой у плястмасавай скрыні скруткі кілбасаў і кавалкі мяса. І ўсё гэта на вачох наведнікаў! Зразумела, што ніхто на гэта не зьвярнуў ані каліва ўвагі, бо кантынгент такі. А можа і зьвярнуў. Як я. Моўчкі. Тамсама і тадысама моўчкі я вырашыў, што ў наступны раз у лепшую рэстарацыю Беларусі 2008 году пайду толькі пад канвоем.




А вось старшыньцы праўленьня АСБ "Беларусбанка" Надзеі Ермаковай было “вкусно” да такой ступені, што яна засталася “рада за Вас”. Асабліва было радасна, мабыць, аб гэтым пісаць за сталом, заваленым паштоўкамі з савецкай сымболікай.

Пра стравы нават і сказаць няма чаго - усё ці перасоленае, ці затлустае, ці замаянэжанае… Зайдзіце ў якую-кольвек прадуктовую краму, набудзьце кілбасаў ці кураў-грыль, настругайце ў талерку - вось вам і будзе “Королевская охота”.




Шкура забітага мядзьведзя паціху падпаўзае па сьцяне, выкладзенай пліткай а-ля мармур, да плякату “За сильную и процветающую Беларусь!”. Незайздроснае жыцьцё пасьля сьмерці ў мядзьведзя... Паўзьці-паўзьці па сьцяне ў “процветающую” Беларусь, але так і не дапаўзьці… І куды глядзяць “зялёныя”? Ці ня варта зладзіць абструкцыю гэтай “лепшай” рэстарацыі?

Зрэшты, раю вам наведаць гэтую ўстанову. Прынамсі, для таго, каб адчуць эстэтычны і гастранамічны ўзровень гэтай улады. Калі ўжо гэтая мясакамбінатаўская ўстанова прызнаная найлепшай рэстарацыяй у Беларусі, значыць да ейнага ўзроўню павінны падцягнуцца і іншыя… Крый Божа іншых ад гэткага шчасьця!




Старшыня Праўленьня Нацыянальнага банка РБ Пётра Пракаповіч, як заўсёды, з сваёй глупаватай усьмешкай на твары. Што ў рэстарацыі, што на нарадзе ў гаспадара…

P.S. Уначы мне ад “королевских” страваў было млосна… ммм… ну, вы разумееце… выйшла зь мяне ўсё не праз тое гардло… Перапрашаю за натуралізм.




Былы дырэктар мясакамбінату і дэпутат Менскага абласнога савету Скітаў сустракае выканаўчага сакратара СНД Уладзімера Рушайлу. І тут бяз хлеба-солі не абыйшлося. Ведае, Скітаў каго і як накарміць трэба…







Шкуры і галовы закатаваных жывёлінаў. No comments




Чучала ваўка ахоўвае працоўнае месца маладзенькай распарадчыцы рэстарацыі. “Вы знаете, мы все вступили в эту партию…”, - чамусьці прыгадаліся ейныя словы.




Дыплёмы, граматы, падзякі… Адгадайце з аднога разу, якая зь іх абыйшлася безь цяжкіх позіркаў і нацягнутых усьмехаў?




А гэта столь у мужчынскай прыбіральні. У ёй адлюстраваныя ўсе кабінкі. Пры жаданьні можна было б паўдзельнічаць у live-show праекце “Уборная №1” накшталт расейскага TV-праекту “Дом-2”. У мяне жаданьня не было. А ў вас ёсьць?




І ўсё ж больш за ўсё я не зразумеў, што рабіў у гэтай рэстарацыі былы амбасадар ЗША Джордж Крол? Відаць, гастранамічныя эстэты з Барысаўскага выканкаму не змаглі адшукаць ва ўсім горадзе для амэрыканскага прадстаўніка лепшага месца. На шчасьце, для амэрыканца гэта экзотыка, для нас, на жаль, - рэаліі жыцьця…

ажыятажнае, сымбалі, віетнамабад, сильнопроцветающая, купляй беларускае!, што гэта?, палітыка (?), Борисов

Previous post Next post
Up