פסטרמה

Nov 22, 2012 19:15

ЭК апублікаваў гэты тэкст учора ў сваім фэйсбуку.

*******************************************************************

Этгар Керэт

Пастрама

Трывога засьпявае нас на аўтастрадзе па дарозе да дзеда Ёнатана, за некалькі кілямэтраў на поўнач ад Тэль-Авіву. Шыра, мая жонка, спыняе машыну наўзбоч дарогі, мы выходзім, пакінуўшы бадмінтонныя ракеткі і валянчык на заднім сядзеньні. Леў трымае мяне за руку і кажа: “Тата, я трошкі хвалююся”. Яму сем гадоў, а сем гадоў - гэта такі ўзрост, у якім лічыцца ня кул казаць “я баюся”, дык замест гэтага ўжываецца слова “хвалююся”. Шыра кладзецца на ўзбочыне аўтастрады, як нам тлумачылі ў абвестках камандаваньня тылу. Я кажу Леву, што і ён мусіць легчы. Але ён так і стаіць, моцна сьціскаючы маю руку сваёй. Маленькай і ўспацелай. “Дык кладзіцеся ўжо”, - узьнімае Шыра голас, каб перакрычаць гул сыгналу трывогі. “Можа, пагуляем у сэндвіч з пастрамой?” - кажу я Леву. “А што гэта?” - пытаецца ён, не адпускаючы маёй рукі. “Мама і я - лусты хлеба, - тлумачу я, - а ты - скрылёк пастрамы, і нам трэба скласьці разам як мага хутчэй сэндвіч з пастрамой. Давай, кладзіся цяпер на маму”, - кажу я, і Леў кладзецца Шыры на сьпіну і моцна яе абдымае. Я кладуся на іх, упіраючыся рукамі ў вільготную зямлю, каб на іх ня ціснуць. “Мне так прыемна”, - кажа Леў і ўсьміхаецца. “А самы кайф - гэта быць пастрамой”, - кажа Шыра пад ім. “Пастрама!” - крычу я. “Пастрама!” - крычыць жонка. “Пастрама!” - крычыць і Леў, і голас яго дрыжыць, няясна ці то ад хваляваньня, ці то ад страху. “Тата, - кажа мне цяпер Леў, - глядзі, на маму лезуць мурашы”. “Пастрама з мурашамі!” - крычу я. “Пастрама з мурашамі!” - крычыць жонка. “Фу!” - крычыць Леў. І тады чуецца выбух. Моцны, але далёка. Мы яшчэ доўга ляжым адно на адным бяз рухаў. Мае рукі, якія трымаюць вагу майго цела, пачынаюць балець. Краем вока я магу бачыць, як іншыя кіроўцы, якія таксама ляжалі на ўзбочыне, устаюць і абтрасаюць зямлю з вопраткі. Я таксама ўстаю. “Кладзіся, - кажа мне Леў. - Кладзіся назад, тата, ты разбураеш наш сэндвіч”. Я зноў кладуся на хвілінку і кажу: “Вось, гульня скончылася, мы выйгралі”. “Але гэта так прыемна, - кажа мне Леў, - паляжы яшчэ хвілінку”. Мы застаемся ляжаць яшчэ некалькі сэкундаў. Мама ўнізе, тата наверсе, а ўсярэдзіне Леў і яшчэ некалькі рыжых мурашоў. Калі мы ўрэшце ўстаем, Леў пытаецца, дзе ракета. Я паказваю ў кірунку, адкуль чуўся выбух: “Было чуваць быццам бы яна выбухнула недалёка ад нашага дома”, - кажу я. “Эх, - кажа Леў расчаравана, - цяпер Лагаў напэўна зноў знойдзе асколкі для сваёй калекцыі. Учора ён прынёс у клясу жалезны кавалак ранейшай ракеты з эмблемай фірмы і назвай па-арабску”. “Лепш так, чым калі б выбухнула тут каля нас, - кажа Шыра, страсаючы пясок і мурашоў з штаноў. “Лепш за ўсё, калі б гэта было дастаткова далёка, каб з намі нічога ня здарылася, але дастаткова блізка, каб я мог сабраць асколкі”, - падсумоўвае Леў. “Лепш за ўсё - гэта бадмінтон на траўцы ў дзеда”, - пярэчу я яму і адчыняю заднія дзьверы машыны. “Тата, - кажа мне Леў, пакуль я прышпіляю яго на заднім сядзеньні, - абяцаеш, што калі зноў будзе трывога, ты і мама зноў пагуляеце са мной у пастраму?” “Абяцаю, - кажу я, - а калі нам надакучыць, я навучу цябе гуляць у тосьцік з сырам”. “Так!” - кажа Леў і праз імгненьне робіцца сур'ёзным. “А што калі ўжо больш ніколі ня будзе трывогаў?” - занепакоена пытаецца ён. “Мне здаецца, што будзе, прынамсі яшчэ адна або можа дзьве”, - спрабую я яго супакоіць. “А нават калі й не, - дадае мама зь сядзеньня кіроўцы, - заўсёды будзе можна гуляць і безь ніякай трывогі”.
Previous post Next post
Up