З чаго пачынаецца беларускасць ў нашай школе?

May 03, 2020 23:35



1. В. І. Свірыдзенка. Беларуская мова. Падручнік для 2 класа УАСА з рускай мовай навучання. У дзвюх частках. Частка 1. 2-е выданне, выпраўленае і дапоўненае. Мн. 2015.

2. В. І. Свірыдзенка. Беларуская мова. Падручнік для 2 класа УАСА з рускай мовай навучання. У дзвюх частках. Частка 2. 2-е выданне, выпраўленае і дапоўненае. Мн. 2015.

3. В. І. Свірыдзенка. Беларуская мова. Вучэбны дапаможнік для 3 класа УАСА з беларускай і рускай мовамі навучання. У дзвюх частках. Частка 2. Мн. 2017.

4. Н. У. Антонава ды інш. Літаратурнае чытанне. Вучэбны дапаможнік для 2 класа УАСА з рускай мовай навучання. У дзвюх частках. Частка 1. Мн. 2016.
5. М В. Жуковіч. Літаратурнае чытанне. Вучэбны дапаможнік для 3 класа УАСА з беларускай і рускай мовамі навучання. У дзвюх частках. Частка 2. Мн. 2017.

На nastaunik.info ідзе папулярызацыя распрацовак грамадскіх энтузіястаў для дыстанцыйнага навучання школьнікаў падчас пандэміі. У тым ліку  і для пачатковых класаў. Мне было прапанавала выказацца, як можна эўрыстычна эканомна і эфектыўна “убраць” (святочна апрануць) запраграмаваныя веды, уменні і навыкі ў межах названых курсаў у апратку дыстанцыйнага навучання. Чаму святочна апрануць? Не ў гонар Дня перамогі. Проста таму, што малодшыя школьнікі павінна вучыцца радасна.

Цалкам артыкул можна прачытаць тут.



У гэты трывожны час, калі лютуе эпідэмія, як бы не выпадае пісаць крытычныя тэксты на адрас дзяржаўных “прадуктаў”, у тым ліку інтэлектуальна-выхаваўчых, якія цяпер мала хвалююць і настаўнікаў, і бацькоў. Пачаткоўцы-школьнікі - яшчэ малакемныя істоты і вымушаныя “пераварваць” матэрыял падручніка па меры магчымасці. Калі ў кніжцы напісана завіла і мудрагеліста, добры настаўнік патлумачыць што трэба “сваімі словамі”. Такое часам прыходзіцца рабіць і бацькам дома.

Не атрымалася ў мяне стварыць, як дзеду для ўнучкоў, вясёлую гульню: запчасткі для гульні аказаліся мне не па зубах. Проста кажучы - змест і форма падаліся мне неадэкватнымі. Выглядае на тое, што некаторыя аўтары ўзяліся не за сваю справу, а, можа, ім не вельмі абыходзіць, каб сучасныя беларускія дзеткі палюбілі мову і мастацкае слова свайго краю.

Прыйдзецца пачынаць здалёку і “самаактуалізвацца” ў праблеме, якая пачынаецца ў пачатковай школе і сягае ў сённяшні каронавірусны дзень, калі мы раптам становімся вымушаныя зразумець, што трэба не толькі самаізалявацца, але і ўзяцца за рукі і прымаць рашэнні, што паўплываюць на наш лёс. Спачатку пра агульную схематыку.

Хаця ў нас паводле фармальных афіцыйных лічбаў беларускамоўныя школы складаюць больш за 40% ад агульнай колькасці, фактычна ў іх займаецца 3-4% вучняў. Гэта - малакамплектныя сельскія школы, у якіх часта з прычыны адсутнасці настаўнікаў-прадметнікаў, беларускамоўнага метадычнага матэрыялу і дапаможнікаў пераважаюць тэндэнцыі ціхай “паўзучай” русіфікацыі, за якую школьнае кіраўніцтва ніхто асабліва не ўшчувае. У маёй родненькай Віцебскай вобласці, як я дзесьці выпадкова вычытаў ў недзяржаўных СМІ, няма ніводнай гарадской беларускай школы. Калі гэта не так, перапрашаю за алярмізм. Так што расійскамоўныя школы - наша рэальнасць. Тое, што вы прачытаеце ў маім тэксце - вельмі сур’ёзная праблема, якая сягае далёка за межы методыкі ды педагогікі. Не толькі падручнікі гісторыі ды грамадазнаўства ствараюць нацыянальную дзяржаву. Падручнікі пачатковых класаў, зробленыя без любові да дзяцей і краю, у якім гэтыя дзеткі жывуць, могуць так і не адкрыць уваход у нацыянальную людскасць і гармонію.

У канцы 40-х гг. мінулага стагоддзя, калі я хадзіў тры гады ў беларускую вясковую школу (потым 7 гадоў у МнСВУ у Мінску), на вокладках падручнікаў было напісана: “Роднае слова” і “Родная літаратура”. Падчас усіх  перапісаў насельніцтва (выключаючы два апошнія), якія мне давялося перажыць, абсалютная большасць карэннага насельніцтва называла беларускую мову роднай незалежна ад таго, размаўляў чалавек штодня на сваім рэгіянальным варыянце беларускай ці на беларускім варыянце “прыблізнай” расійскай мовы ў мястэчках і гарадах.  Цяпер прадметы называюцца “Беларуская мова” і “Літаратурнае чытанне”. “Трансфармацыя” зразумелая: у пашпартах у нас цяпер графа “нацыянальнасць” адсутнічае, указваецца толькі  грамадзянства РБ. З прычыны дзяржаўнай палітыкі жывая мова выведзена з штодзённага ўжытку. Падчас двух апошніх перапісаў анкеты не фіксуюць меркаванні апытаных, як яны ідэнтыфікуюць сваю мяшаную “мову-трасянку”   і  --  што архіважна! -- не заўважаюць тэндэнцыю апошніх дзеяцігоддзяў, калі  сярод пакалення 40-20-гадовых і нават сярод цяперашніх старшакласнікаў назіраецца тэндэнцыя называць беларускую мову роднай, як прымету  нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, калі яны нават выраслі ў расійскамоўных сям’ях.

Але ж з пункту гледжання методыкі выкладання (за выключэннем выпадкаў, калі ў дужках ці ў канцы тэкстаў даецца пераклад на расійскую мову) у падручніках па мове усё пабудавана паводле дыдактычных прынцыпаў, распрацаваных для роднай мовы.

Тут магчымыя два шляхі:

а) Будаваць усе практыкаванні на т. зв. кантрастыўным прынцыпе з улікам значнага супадзення ў лексіцы і відавочных адрозненнях моў у арфаэпіі, марфалогіі і сінтаксісе, засяродзіўшы увагу на адрозненнях.

б) На першым годзе навучання не раздзяляць мову і літаратуру. А даць адзін інтэграваны курс, як гэта мы некалі пачыналі рабіць на пачатку 90-х гадоў у апошняй выпускной групе дзіцячых садкоў, калі былі зробленыя першыя крокі ў складанні праграм для беларускамоўнага выхавання дашкольнікаў. Тыя нешматлікія гадзіны беларускай мовы ў першым класе і метадычна-зместавы фармат не “пагружаюць” дзіця эмацыйна і інтэлектуальна ў прывабны навучальны прадмет, які ўжо часткова пачынаўся ў дашкольных установах, дзе больш-менш здавальняюча праводзіліся заняткі з беларускімі вершамі, казкамі, ранішнікамі.

Па-добраму кожная школа з улікам кваліфікацыі настаўнікаў, складу вучняў і наяўнасці адпаведных дапаможнікаў і распрацовак магла б выбіраць методыку. Настаўніку, які жыва валодае роднай мовай, любіць дзяцей, сваю малую радзіму і беларускую дзяржаву (прабачце за пафас!), мае артыстычныя схільнасці, можа спяваць, дэкламаваць (такімі і павінны быць настаўнікі пачатковых класаў!), -- само неба падказвае працаваць з інтэграваным падручнікам, пагружаць дзетак комплексна ў беларушчыну. Настаўнік з іншымі якасцямі, як і бацькі, мае права выбраць сухі “акадэмічны” варынт з кантрастыўнай методыкай.

Якой павінна быць кантрастыўная методыка ды інтэграваны падручнік - асобная тэма.

Як выглядаюць нашы падручнікі па мове і літаратуры?

Буду спасылацца толькі на падручнікі “Беларуская мова, ч. 1 і 2 (В. І. Свірыдзенка, 2015 г.) і “Літаратурнае чытанне”, ч.1 (Н.У. Антонава ды інш., 2016) і ч.2 (М. В. Жуковіч, 2017), не заўсёды называючы крыніцу і старонку, бо мая мэта не рэцанзаваць падручнікі, а звярнуць увагу на тыповыя падыходы і тэндэнцыі. З некаторымі буду спрачацца, выказваючы сваё асабістае успрыманне. Усё, што пішу - вельмі асабістае. Ніяк не прэтэндую на бясспрэчнасць, усё абумоўлена маім досведам, узростам, адукацыяй. Не заўсёды буду раздзяляць падручнікі мовы й літаратуры, калі буду гаварыць, напрыклад, пра моўныя хібы. Я не ведаю, ці мелі аўтары падручнікаў пэўныя рэкамендацыі, з якіх аўтараў браць літаратурныя ці моўныя ілюстрацыі. Браць Якуба Коласа, Івана Шамякіна ці Міхася Пазнякова або Янку Галубовіча? На жаль, часта прыходзіцца дзівіцца, як маглі дзяржаўныя выдавецтвы друкаваць тэксты прозы ці вершаў з яўнымі хібамі версіфікацыі ды іншымі моўна-семантычнымі нестыкоўкамі. Тут ужо і аўтараў як бы нельга вінаваціць.

Адразу пажаданне: даваць аўтарства твораў ці асобных трапных сказаў (хаця б першы раз ці ў канцы ў бібліяграфіі) з указаннем не толькі прозвішчаў, але таксама імёнаў. Інакш, як скажа вучань: “На сёння мы павінны былі вывучыць на памяць верш … Я. Галубовіч (ці …? Галубовіча) … І не забывацца, што ў псеўданімах скароты ў імёнах не дапускаюцца.

Ці спрабавалі аўтары “агучваць” свае падручнікі?

Ці карыстаюцца яны самі беларускай мовай? У такіх жа школьных дапаможніках не павінна быць выпадковых слоў. Кожнае слова, узгаданае ў практыкаваннях і тэкстах павінна быць зразумелым вучням хаця б на так званым перцэптыўным узроўні. Ідэальна, калі б значная колькасць слоў перайшла на ўзровень актыўнага карыстання.

Стаўлю коратка практычныя пытанні. Ці спрабавалі рэцэнзенты з вучонымі ступенямі прапусціць праз сябе кожнае слова, напрыклад,  з доўгіх спісаў дзеясловаў з прыстаўкамі? Ці змаглі б яны ўжыць у сказе, напрыклад, дзеяслоў “ПАДДОБРЫЦЬ”, хоць ён і фіксуецца ў ТСБМ? Усе ведаюць слова “ПАДДОБРЫЦЦА” …  Як ужыць у сказе дзеяслоў “ДАГЛЯДЗЕЦЬ”, на які ў слоўніку няма прыкладаў? Ідзе адсылка да “ДАГЛЕДЗЕЦЬ”? Ці можа беларус “садзіць БАБЫ”? У нас звычайна садзяць БОБ. Ці не паламаецца язык у вучня, калі яму праноўваецца словазлучэнне “збірацца ПА ПАДБЯРОЗАВІКІ”? Можна іх шукаць, збіраць, проста пайсці ў грыбы. Чаму пчала выклікае станоўчыя асацыяцыі, а жук заўсёды абавязкова павінен быць толькі ў гнойным смуродзе? Гэта як бы з народнай прымаўкі : “За пчолкаю ў мёд, за жуком - у бруд”. Гэта варыянт іншай суворай народнай фекальнай прымаўкі “Не лезь за жуком, бо будзеш там, дзе жук”, у г-не.  Але ж у беларускай літаратуры столькі напісана дзіцячых вершаў пра кароўку-багоўку, мурашак, жучкоў і павучкоў. Лірычны герой паэта Міхася Пазнякова (ЛЧ, ч. 2) любіць “гуляць з мячом”. У мой час дзеці гулялі ў мячык: у футбол, у валейбол … З  радкоў Міхася Пазнякова не зусім ясна, можа, хлопчык любіць гуляць, як сярэдневечны рыцар, з вострым баявым уруччам? Калі ўявіць сабе, што хлопчык гуляе ў казку, тады ці той меч ці то мяч могуць быць дзейным акторам, з якім гуляе хлопчык. Такіх казусаў трэба пазбягаць. Сярод народных прыкметаў называецца такая: “Нечаканы рост грыбоў ПРАДКАЗВАЕ  дождж”. “Народ” бы сказаў інакш, кшталту: “Пайшлі грыбы - чакай дажджу”. “Як знайшоў адгадку САМ, пакажы яе сябРАМ” … У рыфмах такога тыпу павінны быць агульныя не толькі канчатак, але і апошні зычны кораня. Гэта азы версіфікацыі. Для дзяцей - не значыць абы як. “РАССАДЗІЦЬ РАСАДУ” (прыклад на правіла захавання падвоеных зычных на стыку прыстаўкі і кораня) - варта апусціць. Дапытлівы вучань запытае, чаму “расада” без падваення. Прыйдзецца ўзгадваць пра “расол”, “расаднік” і г. д.  “Белыя грыбы” - лепш “баравікі”. “Падманныя” грыбы - лепш “воўчыя” ці “ваўчыныя”. Пчала пайшла “ЗА ПАВІДЛАМ” (гэта у Анатоля Зэкава). Занадта мудрагеліста і калька з расійскай. У нас ідуць па-ваду, па хлеб у краму. “БУЛЁННАЕ мяса” - як у падручніку для кухара. Як вучню пераварыць прымаўку (кальку з расійскай) “Хараство ПРЫГЛЯДЗІЦЦА, а розум спатрэбіцца”? У расійскай мове рыфмаванка - “проглядится - пригодится”.

Так, аўтар Вольга Іванаўна Свірыдзенка як бы і прытрымліваецца ўзгаданага мною кантрастыўнага метада, напрыклад, падкрэсліваючы ў раздзеле “Корань/прыстаўка” асаблівасці правапісу прыставак перад звонкімі і глухімі зычнымі, “алгарытм” (! - ПС) вызначэння прыстаўкі, утварэння множнага ліку, словаўтварэння з пэўнымі суфіксамі і г. д., аднак фактычна  выключае ідэю камунікатыўнасці моўных адзінак: сказаў, словазлучэнняў, слоў, гукаў/фанем . Так, я не агаварыўся, -- і асаблівасцяў беларускага вымаўлення. (Тое, што пачынаў настаўнік у першым класе,трэба замацоўваць і ў другім).  Мы нават для дзіцячага садка рабілі рыфмаваныя падборкі для для беларускіх мяккіх (па-вучонаму “пярэднепалатальных прэдарсальных”) сь, зь, ць, дзь ( сьнех, зьвер, цьвёрды, дзьверы), якія паводле якасці свайго гучання набліжаюцца да адпаведных польскіх. Акрамя таго вучням трэба падкрэсліваць, што перад мяккімі зычнымі гэтыя свісцячыя абавязкова памякчаюцца. Без памякчэння, як некалі казаў праф. Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі,  язык беларуса робіцца “драўляным”. У рускай мове дапускаюцца варыянты без памякчэння. Пра беларускія заўсёды цвёрдыя /ч/ і /р/ ведаюць усе. А вось, што беларускае /ш/ значна адрозніваецца ад “рускага”, на гэта настаўнікі мала звяртаюць увагі. Наша /ш/, як і расійскае /ш/ - цвёрдае, але вымаўляецца з акругленымі губамі, напружана. У фанетычнай сістэме яно называецца “велярызаваным”: задняя спінка языка падымаецца да мяккага паднябення (па-лацінску “вэлюм” - паднябенная фіранка”). Прыслухайцеся, шмат хто з нашых, думае, што расійскае “ш” - мяккае.

Ці праўдападобныя дыялогі і маналогі дзейных асобаў, дзяцей? Ці дзеці так размаўляюць? Дзяўчынка Васілінка (!) адказвае свайму сябру, што яна рабіла на канікулах: “А яшчэ мы вандравалі ПА РОДНАЙ КРАІНЕ на машыне”.  Гучыць годна і ўзнёсла з любоўю да роднага краю… Але ж ненатуральна.   Або хлопчык з паэтычным іменем Лянок (!), звяртаючыся да Васілінкі  гаворыць як дзядок-натураліст на старонках календара: “Я заўважыў, што паводзіны жывёл не заўсёды адпавядаюць павадкам дзікіх і свойскіх звяроў і птушак”. Гэта ЛЧ, с. 114 , ч.1 (Антонава Н.У. ды інш.) Я сабе думаю: а дзікія звяры і свойскія жывёлы - не жывёлы? І ці бываюць свойскія звяры?  Тэарэтычна могуць быць: паляўнічы прыручыў ваўчаня-сірату.

Вершы ў падручніку, дзе сустракаецца “правільнае” /у/ нескладовае,  часта бываюць як бы прыбітыя цвікамі да белага аркуша і не паддаюцца агучванню. Паспрабуйце прачытаць згодна з напісаным, захаваўшы рытм, наступныя радкі Паўлюка Пранузы: “Бывай, дарагое / і звонкае лета”/ Нясём мы Ў класы/ Вясёлкі букетаў …  Для навучальных мэтаў -- і не толькі --  ў вершах дзеля захавання рытму правіла напісання /ў/ не з’яўляецца абавязковым. Такія нестыкоўкі сустракаецца ў падручніку ў вершах Веры Вярбы, Авяр’яна Дзеружынскага. Якуба Коласа ды інш. У шырока вядомым вершы Якуба Коласа “Адлёт жураўлёў” аўтары (Н. У. Антонава ды інш.) таксама захоўваюць правіла напісання (не агучвання!) нескладовага /у/: У бязмежным небе / Роўненькім шнурочкам / Жураўлі ў вырай / Мкнуцца над лясочкам…”. Пры агучванні напісанага вучні ж павінны будуць вымаўляць дзеля захавання рытму складовае /у/: у вырай. Прызнаюся, я не даследаваў коласаўскіх рукапісаў. Ведаю толькі, што ў апошніх выданнях, якія ёсць у мяне дома і ў інтэрнэце, даецца рытмічны варыянт “на вырай”. Што стаіць у акадэмічным зборы твораў, не ведаю. Мне асабіста больш падабаецца “у вырай”. Бо вырай гэта - чароўны цёплы край, далёкі ад радзімы, дзе птушкі нават гнёзды не ўюць. Некаторыя сцвярджаюць, што нашы птушкі там нават песень не спяваюць.  Такая вось сумная гісторыя.

Працяг тут: http://www.nastaunik.info/node/17517

Previous post Next post
Up